Юлій Таўбін

Юлій Таўбін (сапр. Юдаль Абрамавіч Таўбін) — той рэдкі прыклад "беларуса па духу", калі зусім няважна, дзе ты нарадзіўся і на якой мове гаварыў — Беларусь усё адно будзе ў тваім сэрцы.

"Беларускі Арцюр Рэмбо", як называе Таўбіна Андрэй Хадановіч, нарадзіўся 2 (15) верасня ў рускім горадзе Астрагожску Варонежскай губерні (цяпер — Варонежская вобласць). Маленства будучага паэта прайшло там жа, а ў 10 гадоў ён апынуўся ў Беларусі: сям'я Таўбіных пераехала ў Мсціслаўль, дзе Юлій паспеў скончыць "сямігодку" (1928) і адвучыцца ў педагагічным тэхнікуме.

Свой першы верш Юдаль Абрамавіч надрукаваў, калі яму было 15, у часопісе "Маладняк Калініншчы" (Клімавічы). Праз чатыры гады свет убачыць яго першы зборнік.

Паэт, дзіця гарадскіх вуліц, яшчэ ў Мсціслаўлі ён пісаў гораду поўныя закаханасці вершы, якія пасля зробяцца аднымі з найяскравейшых прыкладаў урбаністыкі ў беларускай паэзіі.

У 1931 г. паэта вітае Мінск, дзе Таўбін вучыцца на літаратурным факультэце Мінскага педуніверсітэта, жыве ў пакойчыку на вул. Розы Люксембург разам з сябрамі, якім за гады сяброўства ён напісаў і прысвяціў не адзін свой верш. Юлька, як ласкава называлі яго Аркадзь Куляшоў і Зміцер Астапенка, вельмі тонка адчуваў гэтыя сувязі паміж людзьмі і так жа тонка ўмеў падбіраць да іх словы.

Блізкаму

Мне праз тлум і гоманы сталіцы
За шырокай даллю палявой
Часта зданню прад вачмі мігціцца
Нечакана — блізкі вобраз твой.

Недзе там, дзе шолахі і ветры,
Дзе кастрычнік вольхі абгаліў,
Можа, пішаш гарадскім паэтам
Просты, шчыры і адданы ліст.

Выкладаеш сціслы свой жыццёпіс:
"Быў пастух... Калгаснікам цяпер...
Дасылаю ў вашую часопісь
Свой другі — апрацаваны верш".

...За акном маім шуміць сталіца.
Дружа мой! За даллю палявой
Многа вас, нязведаных, таіцца —
Вось таму так блізкі вобраз твой.

Веру я, што здзейсніцца твой вырак,
Поле песні трэба шмат араць...
Прынясеш калісьці ў вершах шчырасць,
Паслядоўнік, нашчадак і брат.

Ці пачуеш ты мой голас ветлы?
Недзе там, сярод пажатых ніў,
Ходзяць ветры і гуляюць ветры
І кастрычнік вольхі абгаліў.

Два гады працягнуўся раман Юлія Таўбіна з Мінскам: у 1933 годзе яго ў першы раз арыштавалі і выслалі ў Цюмень, дзе ён працаваў у мясцовым тэатры і ў вольны час пісаў вершы па-руску. У лістападзе 1936 г. няспынны махавік сталінскіх рэпрэсій у другі раз дабраўся да паэта, і Таўбіна паўторна арыштавалі і этапавалі ў Мінск. Апошні год жыцця ён правёў за кратамі, пад допытамі і катаваннямі, а 29 кастрычніка 1937 г. калегія Вярхоўнага суда СССР вынесла яму смяротны прысуд, які быў выкананы ў той жа дзень, дакладней, у тую ж ноч.

Лінія жыцця Юлія Таўбіна гвалтоўна абарвалася ў 26 гадоў, за якія ён паспеў выдаць 5 кніг, напісаць некалькі паэм (паэма "Таўрыда" — адзін з самых трагічных тэкстаў Таўбіна — выйшла асобным выданнем у 1932 г.), у тым ліку незавершаных, а таксама перакласці з тузін замежных аўтараў на беларускую мову, сярод якіх — Уладзімір Маякоўскі, Антон Чэхаў, Ёган Вольфганг Гётэ і Генрых Гайнэ. Уласныя кнігі Юлій Таўбін выдаваў як ніхто іншы: усе пяць штук убачылі свет фактычна за два гады, прычым апошняя мела назву "Мая другая кніга" (1932) і планавалася, адпаведна, другой па ліку пасля зборніка "Агні" (1930), але нешта пайшло не так, і паміж першай і другой з невялікім перапынкам з'явіліся "Каб жыць, спяваць і не старэць..." (1931) і "Тры паэмы" (1932).

Пасмяротная спадчына паэта налічвае яшчэ тры зборнікі, два з якіх выйшлі да 70-х ("Выбраныя вершы", 1957 — пасля дзвюх рэабілітацый 1956-1957 гг.; "Вершы" — 1969 г.), а пасля — доўгія гады цішыні. Толькі ў 2017 годзе дзякуючы паэту і перакладчыку Андрэю Хадановічу ў серыі "Паэты планеты" з'явіўся томік "Выбранага" Юлія Таўбіна, куды ўвайшлі не толькі ўласна беларускія вершы аўтара, але і пераклады з рускай. А верш "Ты помніш", прысвечаны Змітру Астапенку, стаў песняй, якую напісаў і выконвае Лявон Вольскі.

Ты помніш

Зм.Астапенку

Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, —
І над табой, і нада мной..

Драты дрыжалі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сніў,
І рысы даўняга сабора
Так чотка млелі ў вышыні.

Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць...
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць...
Любіць і жыць.

І мы жылі... І мы любілі...
І неслі прагу і любоў...
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў...

Жыццё далей нас весці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І мужнай сталасці жаданні
На нас пячатку пакладуць.

А ўжо не вернецца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі —
І над табой, і нада мной.


***
Даверлівы — зусім не скептык —
Ўсяму я веру, ўсё цаню...
Як толькі ноч накіне кепку,
Лаўлю і шум, і цішыню...

Мне ўсё тут люба...
Ўсё знаёма —
Будынка даўняга фасад...
Ў забытым садзе — патаёма
Так хітра сплеценых прысад...

Завулкаў ціш і вуліц шумы,
Недатыкальнай сіні гладзь,
І гэты дом, і сіні нумар
На ім:
16/45.
Публікацыі Юлія Таўбіна ў часопісе "Taubin":