Публікацыі Агнявіта ў часопісе "Taubin":
Агнявіт (Дзмітрый Новікаў)

Паэт, аўтар песень, журналіст, вакаліст гурта "Inšasviet".

Нарадзіўся ў 1987 у Гомелі, дзе і пражыў першыя трыццаць гадоў. У 2006 разам з паплечнікамі стварыў свой першы гурт "Планетарый". Разам з іншымі музычнымі калектывамі сфармавали "Гомельскі рок-клуб", які існаваў з 2007 па 2009 гады.

Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці "сёмай хвалі" Гомельскага клуба аўтарскай песні. Сольна выступаў на шматлікіх канцэртах і фестывалях у Беларусі, Украіне і Расіі.

Працаваў артыстам у Гомельскім драматычным тэатры, пасля займаўся аматарскім тэатрам у "Тэатры адкрытых". Сыграў некалькі роляў, у якасці рэжысёра паставіў спектакль "Рэальнасць" па пʼесе Івана Вырыпаева "UFO".

Працаваў журналістам на гомельскім сайце "Моцныя навіны", пасля супрацоўнічаў з кампаніяй "Будзьма беларусамі!". З 2017 года рэдактар навукова-папулярнага сайта, прысвечанага навінам палеанталогіі — Paleonews.live.

З 2021-га ладзіць "Свабодны мікрафон" у клубе "Графіці".

У 2019 годзе пераехаў у Мінск, дзе разам з паплечнікамі стварыў post-punk гурт "Inšasviet".