Публікацыі Тадэвуша Бароўскага ў часопісе "Taubin":
Тадэвуш Бароўскі
(1922–1951)

Тадэвуш Бароўскі нарадзіўся 12 лістапада ў Жытоміры ў Савецкай Украіне, быў другім сынам Станіслава і Тэафіліі Бароўскіх. У 1926 годзе бацьку Тадэвуша арыштавалі (а да гэтага яго кніжная крама была нацыяналізаваная) і саслалі ў Карэлію, у ГУЛАГ. А праз чатыры гады ў Сібір, на бераг Енісея, была высланая і маці будучага пісьменніка. Два браты Бароўскія засталіся адны. Старэйшы, Юліюш, трапіў у інтэрнат, малодшым, Тадэвушам, апекавалася цётка. У 1932 годзе Станіслаў Бароўскі быў выменяны на арыштаваных у Польшчы камуністаў і пераехаў у Польшчу. Туды ж, з дапамогай польскага Чырвонага Крыжа, паехалі і яго дзеці. Бацька сустрэўся з сынамі пры самай польскай мяжы, у Баранавічах. Праз год вярнулася маці, і сям’я Бароўскіх асела ў Варшаве. У 1939 годзе дом Бароўскіх згарэў падчас аблогі Варшавы. У 1940 годзе Тадэвуш скончыў падпольную гімназію (гэтыя, а таксама многія іншыя падзеі апісаныя ў "Экзамене на Тарговай" — "Matura na Targowej"), пасля вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда.

Дэбютаваў Тадэвуш Бароўскі ў 1942 годзе зборнікам вершаў "Усюды, дзе зямля" ("Gdziekolwiek ziemia"), надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэр трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў турму Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, ачуняўшы, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабаваў наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымлівалася непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадаў ёй лекі. Хутка ён пакінуў лазарэт і ўладкаваўся ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 года яго перавезлі ў канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля — у Дахаў.

У Асвенцыме Бароўскі не пераставаў пісаць. На Каляды 1943-га ён стварыў цыкл калядак, якія спявалі зняволеныя. Сябры ў Варшаве надрукавалі яго лагерныя вершы асобным зборнікам "Паэтычны аркуш № 2", але сам аўтар гэтую маленькую падборку вершаў, хутчэй за ўсё, не бачыў: адзіны ацалелы асобнік быў знойдзены пасля яго смерці. 1 траўня 1945-га лагер Дахаў быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асоб пад Мюнхенам. Хутка ён пераехаў у Мюнхен і атрымаў працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш шукаў сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знайшоў яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымлівалася. У гэты час ён напісаў шмат вершаў, а таксама, разам з Крыстынам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім, — дакументальную кнігу "Мы былі ў Асвенцыме" (1946).

Толькі ў чэрвені 1946 года Бароўскі вярнуўся ў Варшаву. Там ён урэшце сустрэўся з нявестай, і яны ажаніліся. Бароўскі рэзка закінуў паэзію і ўзяўся за прозу. У 1948 годзе выйшаў зборнік яго апавяданняў "Развітанне з Марыяй". Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, які, аднак, навучыўся любымі спосабамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навел "Каменны свет".

У 1948–1949 гг. пачаўся новы перыяд у жыцці пісьменніка. Новыя лозунгі сацыялістычнага рэалізму не знайшлі водгуку ў творчасці Бароўскага, але неразуменне яго твораў вымусіла пісьменніка засумнявацца ў правільнасці свайго літаратурнага метаду і саміх ідэй. У 1949 годзе Бароўскі паехаў у Германію; у гэты час ён лічыў, што сацыялізм — найлепшы спосаб перастварэння свету, у якім былі магчымыя ўсе перажытыя ім жахі. Назад у Польшчу ён вярнуўся прыхільнікам сацыялізму і сацыялістычнага рэалізму. У 1950 годзе асноўная яго ўвага была аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адышла на другі план.

Яго самазабойства праз некалькі дзён пасля нараджэння дачкі — 3 ліпеня 1951 года, калі Бароўскі атруціўся газам, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай.

Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў пасляваеннага дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго сябар Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх — біяграфія "Уцёкі з каменнага свету" ("Ucieczka z kamiennego świata", 1962), а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну.

У 1970 быў зняты польскі фільм "Краявід пасля бітвы", заснаваны на творах Бароўскага. Нобелеўскі лаўрэат 2002 года Імрэ Кертэс казаў, што ўсе яго творы напісаныя пад уплывам прозы Бароўскага.