Алесь Дудар

Паэт, празаік, крытык, перакладчык Алесь Дудар (сапр. Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 года ў вёсцы Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Петрыкаўкага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пазней Дайлідовічы пераехалі ў Мінск, дзе бацька працаваў чыгуначнікам. У Першую сусветную вайну, сям’я выехала ў бежанства. Жылі ў г. Казлове (Мічурынск) тамбоўскай губерні. У 1917 годзе вярнуліся ў Мінск.

А. Дудар вучыўся ў школе другой ступені, якую скончыў у 1920 годзе. Захапляўся тэатрам, прымаў удзел у "трупе беларускіх артыстаў пад загадам У. Галубка". У гэты ж час пачаў пісаць вершы. Першы верш "Прэч з дарогі" быў апублікаваны ў 1921 годзе ў газеце "Савецкая Беларусь" пад псеўданімам А. Дудар. З гэтага часу ён рэгулярна друкуецца ў перыёдыцы, выдае кнігі паэзіі "Беларусь бунтарская" (1925), "Сонечнымі сцежкамі" (1925), "І залацісцей, і сталёвей" (1926), "Вежа" (1928), піша паэмы "Паланянка", "Шанхайскі шоўк", "Байкал", кнігу апавяданняў "Марсельеза" (1927), зборнік артыкулаў "Пра нашы літаратурныя справы" і інш. У крытыцы выступаў пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі.

Ён быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання "Маладняк", ездзіў па Беларусі, арганізоўваў яго філіі ў Віцебску, Магілёве, Полацку, спрыяў тым самым станаўленню і развіццю беларускай літаратуры. Паступіўшы ў 1927 годзе на літаратурналінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта, ён праз два гады дэманстратыўна пакінуў яго ў знак пратэсту супраць нападак там на студэнтаў-літаратараў за іх нібыта "беларускі шавінізм".

У "Савецкай Беларусі" Алесь Дудар разам з Міхасём Зарэцкім і Андрэем Александровічам апублікаваў адкрыты ліст супраць антыбеларускай пазіцыі універсітэцкага кіраўніцтва. Не пагаджаючыся са спрошчаным поглядам сяброў на ролю мастацкай літаратуры, на аслабленне яе крытэрыяў, Дудар у 1928 годзе пакідае "Маладняк" і ўступае ў літаратурнае аб’яднанне "Полымя".

Прынцыповасць і смеласць паэта праяўляліся і ў яго творах, пра што сведчыць верш "Пасеклі Край наш", які бальшавіцкія ўлады расцанілі як "контррэвалюцыйную і нацыяналістычную вылазку класавага ворага на літаратурным фронце". За гэты верш Алесь Дудар у 1928 годзе быў арыштаваны і высланы на тры гады за межы Беларусі.

Сярод канфіскаваных вершаў паэта ў антысавецкія, "нацдэмаўскія" былі залічаны таксама вершы "Цені блудзяць па твары", "Я радзіўся за хатай пад плотам". Абвінавачваўся Дудар і за знойдзены ў паперах паэта верш яго ўкраінскага сябра, паэта Уладзіміра Сасюры "Навколо...".

У высылцы Алесь Дудар быў паўторна арыштаваны і прывезены на допыты ў Мінск. На гэты раз яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "Саюзе вызвалення Беларусі" (ЗВБ), па справе якога праходзіла больш за трыццаць беларускіх пісьменнікаў. Седзячы ў следчым ізалятары турмы, паэт напісаў падрабязныя паказанні па сваёй творчасці, асуджаючы сябе па патрабаванні катаў-следчых ва ўсіх "контррэвалюцыйных" грахах. Са следчага ізалятара ў Мінску яго зноў адправілі ў Смаленск. У 1931 годзе яму было дазволена вярнуцца на радзіму.

У кастрычніку 1936 года Алесь Дудар быў зноў арыштаваны. А праз год здзекаў і катаванняў 29 кастрычніка 1937 года ён быў расстраляны, як мяркуюць, ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Было яму тады 32 гады.

(Паводле кнігі "Расстраляная літаратура", выд-ва "Беларускі кнігазбор").



Публікацыі Алеся Дудара ў часопісе "Taubin":