Мікола Хвылёвы
(1[13] снежня 1893 – 13 мая 1933)

Сапраўднае імя — Мікола Рыгоравіч Фіцілёў.

Украінскі празаік, паэт, публіцыст, адзін з заснавальнікаў паслярэвалюцыйнай ўкраінскай прозы.

Падлеткам падарожнічаў у пошуках заробку па Данбасе і поўдні Украіны. Пазней працаваў слесарам у рамеснай школе, у канцылярыі валасной управы вёскі Рублёўка, прымаў удзел у працы мясцовай "Просвиты". З 1916 года — удзельнік Першай сусветнай вайны. Вывучка ў акопах вайны, грамадзянская вайна сфармавалі ў ім перакананага бальшавіка. На чале паўстанцкага атрада, які ён арганізаваў у канцы 1918 года на Харкаўшчыне, ваяваў супраць гетманцаў, немцаў, драздоўцаў, арміі УНР.

У 1921 годзе пачаў друкавацца ў газетах і часопісах, у альманахах "Штабель", "На сполох2. Актыўна заявіў пра сябе як адзін з арганізатараў літаратурна-мастацкага жыцця, член-заснавальнік многіх тагачасных літаратурных арганізацый: спачатку "Гарт" (1923), менавіта ў яго зарадзілася ідэя стварэння напаўафіцыйнай студыі "Урбіно" (1924), якая збіралася ў яго на кватэры і была правобразам ВАПЛІТЭ, потым былі ВАПЛІТЭ (1926), ВУСПП (1927), "Пролітфронт" (1930).

У 1920-я гады цалкам падтрымліваў і ўкараняў у жыццё палітыку "ўкраінізацыі", выступаў супраць русіфікацыйнага і "асветніцкага" вектараў развіцця ўкраінскай савецкай культуры.

Аўтар паэтычных зборнікаў "Молодість", "Досвітні симфонії", паэм "В електричний вік" (1921), "Поема моєї сестри".

Увесну 1933 года Мікола Хвылёвы разам з Аркадзем Любчанкам пабываў у Палтаўскай вобласці, дзе на ўласныя вочы бачыў трагедыю Галадамору. З гэтага падарожжа ён вярнуўся фізічна і маральна пабітым. У атмасферы вар'яцкага цкавання, магчыма, прадчуваючы набліжэнне татальнага тэрору, пасля арышту свайго прыяцеля пісьменніка Міхаіла Ялавога на знак пратэсту супраць пачатку масавых рэпрэсій супраць украінскай творчай інтэлігенцыі 13 мая 1933 года ў харкаўскім Доме пісьменнікаў скончыў жыццё самагубствам. Смерць Хвылёвага стала сімвалам краху ідэалогіі ўкраінскага нацыянал-камунізму і канца ўкраінскага нацыянальнага адраджэння 1920-1930-х гадоў. Творы і імя Хвылёвага заставаліся забароненымі аж да апошніх гадоў існавання савецкага таталітарнага рэжыму ва Украіне.


Публікацыі Міколы Хвылёвага ў часопісе "Taubin":