Мойшэ Кульбак

Яўрэйскі паэт, пісьменнік, драматург, перакладчык.

Нарадзіўся 20 сакавіка 1896 у Смаргоні ў сям’і службоўца лесагандлёвай фірмы, маці паходзіць з сям’і яўрэйскіх земляробаў. Вучыўся ў яшывах у Валожыне і Свянцянах. Ад 1915 года ў Коўне, дзе працаваў настаўнікам іўрыта ў сірочым прытулку. У 1918 годзе пераехаў у Мінск, дзе жыла яго сям’я, быў лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1919 года выехаў у Вільню, у 1920-1923 гадах жыў і працаваў у Берліне. У 1923 годзе вярнуўся ў Вільню, выкладаў мову і літаратуру ў гімназіях і настаўніцкай семінарыі. У 1927 годзе абраны старшынёй сусветнага ідышскага ПЭН-клуба. У канцы 1928 года пераехаў у Мінск. Працаваў у рэдакцыі літаратурнага часопіса "Штэрн", у яўрэйскім сектары АН БССР.

Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года ў Мінску. 28 кастрычніка 1937 года прысуджаны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР як "член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі" і за "сувязь з польскімі выведорганамі" да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка. Рэабілітаваны вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года.

Пісаў спачатку на іўрыце, а потым — на ідышы. Аўтар зборнікаў "Вершы" (Вільня, 1920), "Вершы" (Берлін, 1922), "Новыя вершы" (Варшава, 1922), "Паэмы і вершы" (Мінск, 1929), раманаў "Месія з роду Эфраіма" (Берлін, 1924), "Панядзелак" (Варшава, 1926), паэмы "Дзісенскі Чайлд-Гарольд" (Мінск, 1933), рамана "Зелменяне" (Мінск, т. 1, 1933, т. 2, 1935). У 1929 годзе ў Вільні выйшаў трохтомны збор твораў Кульбака.

У 1960 годзе ў Мінску выйшаў раман "Зельманцы" ў перакладзе на беларускую мову Віталя Вольскага (быў перавыдадзены ў 2015 годзе). П’еса "Разбойнік Бойтра" перакладзеная на беларускую Феліксам Баторыным пад назвай "Бойтра" для часопіса "Дзеяслоў" (2014). Асобныя вершы Мойшэ Кульбака перакладалі з ідыша на беларускую Эдзі Агняцвет, Сцяпан Гаўрусёў, Васіль Жуковіч, Генадзь Кляўко, Язэп Семяжон, Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя паэты. У 1970 годзе ў Мінску выйшаў паэтычны зборнік Майсея Кульбака "Выбранае", у 2016-м — дзвюхмоўны (на ідышы і беларускай) зборнік "Eybik/Вечна". У 2016 годзе таксама з’явіліся пераклады казкі "Вецер, які гняваўся" і апавядання "Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ". У 2018 і 2019 гадах выдадзены раманы "Панядзелак" і "Мэсія з роду Эфраіма" ў перакладзе Сяргея Шупы.