Ладзя Магілянска
(26 лістапада 1899 – 6 чэрвеня 1937)

Сапраўднае імя — Лідзія Міхайлаўна Магілянская. Украінская паэтка. Дачка пісьменніка Міхаіла Магілянскага, сястра празаіка Дзмітрыя Тася. Ахвяра сталінскага тэрору.

Дэбютавала ў 1919 годзе на старонках правінцыйнай чарнігаўскай прэсы. На працягу 1923-1929 гадоў друкавалася ў часопісах "Життя й революція", "Нова громада", "Літературно-науковий вістник", "Зоря", "Всесвіт", "Червоний шлях", чарнігаўскай газеце "Селянське життя" і інш. Пры жыцці паэтка не выдала ні аднаго зборніка вершаў на ўкраінскай мове.

16 студзеня 1929 года была арыштаваная Чарнігаўскім акруговым аддзелам ГПУ УССР. Абвінавачвалася па арт. 54-4, 54-10 Крымінальнага кодэкса ў друкаванні, распаўсюдзе контррэвалюцыйнай літаратуры, ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі "Дэмакратычны саюз", якая заклікала да барацьбы з існуючым тады ладам. Згодна з пастановай Калегіі АДПУ ад 9 ліпеня 1929 года прысуджаная да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, з заменай на дзесяць гадоў зняволення ў лагерах. Тэрмін адбывала на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Вызваленая датэрмінова ў 1933 годзе.

У высылцы Ладзя Магілянска прымала ўдзел у лагерных выданнях: друкавалася ў часопісе "Соловецкие острова", зборніках "Музыка двух каналов", "Музыка трассы" (абодва — 1936). На будаўніцтве канала Масква-Волга рэдагавала лагерную газету на ўкраінскай мове "За нову людину2. У часопісе "Огонёк" за 1935 год сярод таленавітых празаікаў і паэтаў першай была названая Ладзя Магілянска на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. У выдавецтве КВЧ (культурна-выхаваўчая часткі) Дзмітраўлага НКУС СССР у 1935 годзе выйшаў зборнік яе рускамоўных вершаў "Два канала" (серыя "Бібліятэка перакоўкі" № 9). Кнігу аформіў мастак Глеб Кун.

У другі раз арыштаваная ў маі 1937 года па справе Фірына (Сямён Рыгоравіч Фірын — начальнік Дзмітраўскага лагера НКУС) за ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі (на самой справе — цалкам міфічнай). Рашэннем НКУС і пракурора СССР ад 5 чэрвеня 1937 года прысуджаная да вышэйшай меры пакарання. Гэтым разам прысуд выканалі — Ладзю Магілянску расстралялі 6 чэрвеня 1937 года ў Маскве на Данскіх могілках. Там не толькі расстрэльвалі, але і хавалі попел тых нявінна забітых, каго спальвалі ў крэматорыі, размешчаным на тэрыторыі могілак.

Рэабілітаваная 6 сакавіка 1957 года, а па справе 1929 года — у 1990-м.

Публікацыі Ладзі Магілянскай у часопісе "Taubin":