Валерый Маракоў

Нарадзіўся 14 (27) сакавіка 1909 года ў Мінску (дакладней, у прыгарадзе Мінска Акалоніі, дзе чыгуначны прыпынак "Козырава") у сям’і былога салдата руска-японскай вайны, а на той час муляра, цесляра Дзмітрыя Маракова, які ў 1935 годзе стаў вязнем ГУЛАГа. Скончыў Мінскі белпедтэхнікум і літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Мінскага вышэйшага педінстытута (1934). Працаваў настаўнікам у Бабруйску, потым у газеце "Савецкая Беларусь".

Пачаткам яго творчага шляху лічыцца 1925 год. З гэтага года яго вершы з’яўляюцца на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў ("Беларускі піянер", "Чырвоная змена", "Малады араты", "Савецкая Беларусь", пазней — "Чырвоная Полаччына", "Маладняк", "Полымя", "Узвышша", "ЛіМ", "Звязда"). Адзін за адным выходзяць паэтычныя зборнікі паэта "Пялёсткі" (1926), "На залатым пакосе" (1927), "Вяршыні жаданняў" (1930), "Права на зброю" (1933). Акрамя вершаў Маракоў пісаў паэмы ("Мая паэма", "Таварыш Нюрын", "Рабінавая ноч", "Адноўленая зямля"), празаічныя творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы.

Працаваў у часопісе "Чырвоная Беларусь" (1930-1934 гг.). Пасля заканчэння педінстытута перайшоў на работу ў штотыднёвік "Літаратура і мастацтва", у якім працаваў да студзеня 1935-га. Член СП БССР (з 1934 г.). У пачатку 1935 г. быў выключаны з Саюза пісьменнікаў на 6 месяцаў за надрукаваны верш "Песня перамог". Спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у м. Чэрнеўка Барысаўскага р-на, але вярнуўся дадому.

21 сакавіка 1935 г. арыштаваны як "член контрреволюционной нацдемовской организации", у маі 1935 г. арыштаваны таксама бацька паэта, стараста Козыраўскай царквы Дзмірый Маракоў. 7 ліпеня 1935 г. справа Валерыя Маракова была спынена, паэт быў выпушчаны з турмы НКУС.

Паўторна арыштаваны 6 лістапада 1936 г.. Асуджаны выяздной Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка 1937 г. да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г. разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Публікацыі Валерыя Маракова ў часопісе "Taubin":