Фота Тані Капітонавай
Публікацыі Вальжыны Морт у часопісе "Taubin":
Вальжына Морт

Нарадзілася ў 1981 г. у Мінску.

Беларуская паэтка, перакладчыца. Піша па-беларуску і па-англійску. Аўтарка трох беларускіх кніг паэзіі — "Я тоненькая як твае вейкі" ("Логвінаў", 2005), "Эпідэмія ружаў" ("Логвінаў", 2017), "Песні для мёртвых і ўваскрэслых" ("Пляўмбаўм", 2022); зборніка-білінгвы "Factory of Tears" ("Copper Canyon Press", 2008) і англамоўных зборнікаў "Collected Body" ("Copper Canyon Press", 2011), "Music for Dead and Ressurected" ("Farrar, Straus and Giroux", 2020).

Выкладае ў Карнэльскім універсітэце. Перакладае з англійскай, беларускай, рускай, украінскай і польскай моў. Лаўрэатка прэміі часопіса "Gulf Coast" у галіне перакладу, прэміі міжнароднай літаратурнай узнагароды "Крышталь Віленіцы" (Славенія, 2005), літаратурнай узнагароды для ўсходнееўрапейскіх аўтараў Burda Preis (Нямеччына), літаратурнай узнагароды Бэс Гокін (Bess Hokin Prize) ад амерыканскага часопіса "Poetry" і шматлікіх іншых літаратурных прэмій. У 2020 годзе яе кніга "Music for Dead and Ressurrected" атрымала прэстыжную міжнародную прэмію Griffin Poetry Prize.

Стыпендыятка Амерыканскай акадэміі ў Рыме, фонду Ланнана і Фонду Эмі Клэмпіт, "Gaude Polonia" ў Польшчы і "Literarisches Haus Graz" у Аўстрыі. У 2021 годзе Вальжына Морт атрымала грант амерыканскага Нацыянальнага фонду мастацтваў у галіне перакладу за працу над кнігай выбраных вершаў Паліны Барсковай "Air Raid" ("Ugly Duckling", 2021).

Яе пераклады прадстаўлены ў многіх літаратурных анталогіях, а эсэ і вершы з'яўляліся ў "The Best American Poetry", "The New Yorker", "The New York Times", "The Financial Times", "Poetry", "Poetry Review", "Granta", "The White Review", "The Baffler" і многіх іншых выданнях. Сумесна з Іллём Камінскім і Кэці Фэрыс Морт рэдагавала "Gossip and Metaphysics: Russian Modernist Poems and Prose" (Tupelo Press, 2014). Яна таксама з'яўляецца рэдактаркай кнігі "Something Indecent: Poems Recommended by Eastern European Poets" (Red Hen Press, 2013).


Паэтычныя зборнікі Вальжыны Морт выйшлі ў перакладзе ў Германіі ("Suhrkamp Verlag", пераклад Ульяны Вольф і Катарыны Нарбутовіч), Швецыі ("Nirstedt/litteratur", пераклад Іды Берджэль) і Украіне ("Люта Справа", пераклад Лэсіка Панасюка і Дарыны Гладун), у той час як асобныя вершы былі перакладзены на тузін моў. Кніга паэзіі "Music for Dead and Ressurected" выйдзе ў брытанскім выдавецтве "Bloomsbury" ў 2022 годзе.