Міхайль Сэмэнко

Сапраўднае імя — Міхаіл Сяменка.

Паэт эпохі "Расстралянага адраджэння"; заснавальнік і тэарэтык украінскага футурызму (таксама вядомага як панфутурызм), арганізатар футурыстычных груповак, рэдактар шматлікіх выданняў.

Мадэрнізаваў украінскую лірыку урбаністычнай тэматыкай, смелымі эксперыментамі з формай верша, увёў новыя вобразы і стварыў словы, закліканыя адлюстраваць новую індустрыялізаваную эпоху.

Аўтар паэтычных зборнікаў "П’єро здається", "П’єро кохає", "П'єро мертвопетлює", "В садах безрозних", "Проміння погроз", "Кобзар", "В революцію", "Малий кобзар і нові вірші", "Європа й ми", "Сучасні вірші", "З радянського щоденника", паэм "Ліліт", "Тов. Сонце", "Дві поезофільми".

У 1921 годзе арганізаваў "Ударную групу паэтаў-футурыстаў", якая пазней была перайменаваная ў "Аспанфут". Пасля крытыкі на свой адрас у 1924 годзе ператварыў "Аспанфут" у "Камункульт". У 1927 годзе заснаваў новае аб’яднанне футурыстаў "Новая генерацыя", якое выдавала аднайменны часопіс.

У красавіку 1937 года паэта абвінавацілі ў тым, што ён прымае ўдзел ва ўкраінскай фашысцкай нацыяналістычнай тэрарыстычнай арганізацыі, якой на самой справе ніколі не існавала, а таксама ў планаванні замаху на сакратара ЦК КП(Б)У Станіслава Касіёра, які нібыта мусіў адбыцца падчас дэманстрацыі 1 мая 1937 года.

Сярод іншага Сяменку абвінавачвалі ў спробе звергнуць савецкую ўладу ва Украіне з дапамогай "нямецкіх фашыстаў". Надламаны маральна і фізічна Міхаіл Сяменка, як сведчаць пратаколы допытаў 4, 7 і 8 мая 1937 года, "прызнаўся" ва ўсіх абвінавачваннях. Паказаў пад катаваннямі на маладога паэта Андрэя Міхайлюка. Прызнанні былі напісаныя пад дыктоўку ўпаўнаважанага Акімава на імя начальніка НКУС УССР Ізраіля Ляплеўскага 4 верасня 1937 года.

23 кастрычніка 1937 года адбылося закрытае пасяджэнне Ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР у складзе старшыні армваенюрыста А. Арлова, брыгадваенюрыста С. Ждана, ваенюрыста I рангу Ф. Кліміна, ваенюрыста I рангу А. Батнера і пры ўдзеле памочніка пракурора СССР М. Рагінскага. Камісія "імем Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік" вынесла прысуд: "прысудзіла Сяменку Міхаіла Васільевіча да вышэйшай меры крымінальнага пакарання — расстрэлу з канфіскацыяй усёй маёмасці, якая асабіста яму належыць". На наступны дзень Сяменка быў пакараны разам з іншымі украінскімі пісьменнікамі ў адной з кіеўскіх турмаў, пахаваны ў брацкай магіле ў Быкаўнянскім лесе. Міхаіл Сяменка быў рэабілітаваны пасмяротна самімі камуністамі.




Публікацыі Міхайля Сэмэнкі ў часопісе "Taubin":