"Кніжка харошая, прыгожая. З белымі старонкамі і чорнымі літарамі"


(рэцэнзія на зборнік Міхала Бараноўскага "VOLUMEN.2")

Гартаючы новае выданне ў кнігарні, я заўважыў верш пра коціка. "Кніга, у якой ёсць верш пра коціка, не можа быць дрэннай" — запэўніла жонка. І, вядома, мела рацыю.

"VOLUMEN.2" — другая кніга Міхала Бараноўскага. Першая, як лёгка здагадацца, мае назву "VOLUMEN.1". Чаму так? Аўтар тлумачыць гэта з гумарам: невядома, калі дачакаешся збору твораў, таму можна патрохі выдаваць яго ўжо цяпер (два томікі прынамсі ёсць). Акрамя таго, у інтэрв’ю Міхал прыводзіць аналогію з музычным гуртом "Led Zeppelin", першыя чатыры альбомы якога таксама выходзілі пад нумарамі. Там, праўда, намешаны руны, якія абазначаюць кожнага ўдзельніка. Аднак нельга выключаць, што і ў выпадку з беларускім паэтам такі падыход з’яўляецца не толькі данінай постмадэрнізму, але і мае значна больш глыбокі сэнс, пра які мы даведаемся значна пазней, з выхадам новых зборнікаў. А можа і не даведаемся — што ж гэта за схаванае пасланне, калі кожны яго разумее?
Аўтар прызнаецца, што яшчэ перад выхадам першай кнігі (2016 г.) вершы перасталі пісацца. Але потым нечакана прарвала ў канцы 2018-га: за паўтара гады з’явіўся корпус тэкстаў для новага выдання. Амаль усе творы ўзніклі "на хвалі", на адном дыханні. А пачалося з такіх радкоў:

дзе напаткаеш песню сваю
давай паспрабуй адкажы
можа быць на пялёстку ружы
можа быць на нажы
голас высах нібы ручай
голас пясок і шкло
немым крыкам крычыць адчай
поўні ў крамяны лоб
зноў вучуся сябе прамаўляць
і адчуваць услых
быццам я зусім немаўля
быццам зусім малы
птушка сірын ляціць праз ноч
песню трымае ў дзюбе
бы птушаняці
у вусны мае
радасць нясе
і згубу

Нават не ведаючы, кім працуе аўтар (спойлер — загадчыкам музея Максіма Багдановіча), усё роўна можна заўважыць сувязь з класікам. Перш за ўсё яна праяўляецца ў грунтоўнай працы са структурай кнігі: як і культавы "Вянок", яна мае сваю канцэпцыю і нават сюжэт. А таксама выразна прарываецца скрозь тэкст, калі лірычны герой кідае позірк "на папяровага Страцім-лебедзя" або ўзгадвае "гэтакі боль, што не кожны здалее стрываць".
Пачынаецца зборнік з нізкі вершаў пад агульнай назвай "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Цікава, што яна была ўпершыню надрукавана на пачатку 2020 г., то-бок яшчэ да таго, як гэтае найменне набыло дадатковы сэнс. Сам аўтар адзначае, што нізка з’яўляецца для яго вельмі важнай. Пачынаецца яна з даволі вобразнай, але выразнай спробы асэнсаваць сваё месца ў свеце:

не двухгаловы арол
не ожэл
з раскіданага
але свайго гнязда
паходжу
неба п'ю шэрань
і шэрані гэтай малюся
на ружы вятроў
на крыжы дарог
на попеле Беларусі

Адметным з’яўляецца яшчэ адзін урывак з дэбютнага верша, які наўрад ці патрабуе дадатковых каментароў:

а пакуль пажыву
на сваю галаву
упоперак крыўды і праўды
буду сам называць
буду сам выбіраць
уласную волю і краты

Раскрыўшы птушыную тэматыку, Міхал запрашае нас вярнуцца ў дзяцінства. "Калінавы мост" — флэшбэк у мінулае, дзе ў вёсцы жывуць дзед і баба, а сам аўтар, поўны юначай фантазіі, прадзіраецца скрозь трапічныя джунглі (то-бок чарот і траву ў два росты). Праўда, многія вершы (ці іх урыўкі) адлюстроўваюць далёка не дзіцячае стаўленне да жыцця. Узнікае жаданне раздрукаваць іх ды павесіць у рамку.

захацеў вярнуцца і ўсё выправіць
а там замест уласных памылак ужо чужыя
***

гадзіннік што спыніўся ў старой хаце
двойчы на дзень паказвае дакладны час
а мой наручны
што спяшаецца на 5 хвілін
ніколі

***

Гісторыя Беларусі як адрыўны каляндар
Старыя старонкі дзеці парэзалі на калажы
І ілюстрацыі да сценгазеты
Хтосьці зрабіў бусліка
Хтосьці прыхапіў асабліва нялюбыя ў прыбіральню
Хтосьці скруціў папяроску
Альбо распаліў у печы каб прыгатаваць табе есці

Зборнік наскрозь працінаюць тэмы ўнутранай пустаты і пошукаў сябе. Асабліва выразна гэта можна ўбачыць на прыкладзе элегій — меланхалічных разваг, у якіх аўтар прыслухоўваецца да ўнутранага сусвету, шукае адказы. Пры гэтым разумеючы, што яны наўрад ці спадабацца: "шукаю сябе ды ці буду я рады знаходцы".

Агульны настрой кнігі я б назваў халодным, сырым, асенне-зімнім. Гэта перадаецца не толькі праз эмацыйны фон, але і вобразы: "бяжы не бяжы ў люстэрку ўсё той жа дождж"; "холадам вуліц іду"; "холад і цішыня струной пранізалі моўкнай".
Што варта асобна адзначыць, дык гэты інтымныя творы з раздзелу "Эрас". Эмоцыі і фарбы перададзены тут яскрава, чулліва, пераканаўча і пры гэтым без страты фізіялагічнасці:

цела губляе важкасць
неба куляецца зноў
непатрэбнае больш адзенне
ляціць далоў

і мы нібы першыя з усіх людзей
анёлы туруюць сонмам
ці ёсць на свеце музыка саладзей
музыкі тваіх стогнаў

паміраю
і нараджаюся зноў
у тваім улонні
цябе
без астачы сёння
сабой напоўню

Працягваючы канцэпцыю, за "Эрасам" ідзе "Танатас" — нізка вершаў пра смерць. Я проста пакіну тут першыя тры радкі, а вы самі вырашайце, што з імі рабіць:

глядзі
як сёння страляюць тыя
хто ўчора спяваў не страляй

Трапныя думкі сустракаюцца ў кнізе даволі часта – на многіх старонках можна знайсці ажно па некалькі пярлінак. Тым і адметны вершы Бараноўскага, што асобныя іх кавалачкі можна вырваць з канстэксту, але пры гэтым яны застануцца цэльнымі і самастойнымі выказваннямі. Асабліва вылучаецца гэтым раздзел "пункцірам", які, па сутнасці, уяўляе сабой сукупнасць кароткіх думак, замалёвак ці роздумаў.

быццам рыба ў забытай
браканьерамі сетцы
захрас бязвольна ў стужцы навінаў

***

дзень зімовага сонцастаяння
вучыць што цемра не можа
цягнуцца вечна
летам самы даўгі дзень
навучыць адваротнаму

Раздзел "Свабода" — апошні ў кнізе (пасля вяртання ў дзяцінства, дарослага "Эрасу" і немінучага "Танатасу"). Аўтар падрабязна разглядае яе не як мэту, а хутчэй як філасофскую катэгорыю, да якой яшчэ трэба знайсці падыход.

свабода
дзе ад цябе інструкцыя
як жыць з табой
што рабіць з табою
бярыце з непатрэбай
лепш дайце нешта карыснае

Чытыч ужо заўважыў, напэўна, што аўтар не ўжывае ў тэкстах ні знакаў прыпынку, ні нават вялікіх літар. Падпісваючы кнігу, Міхал заўважыў, што пунктуацыя ў вершах — дужа складаная тэма. Таму, калі яму прапанавалі ўвогуле яе прыбраць, ахвотна пагадзіўся. І, на мой погляд, не схібіў, бо праз такі крок творы набылі новыя адценні. Адно красамоўнае выключэнне з вялікай літарай, праўда, усё ж знайшлося:

градыенты шэрага
божанька выбірае
над Беларуссю

Рэзюмэ: ладны, канцэптуальны, часам меланхалічны зборнік эмоцый, роздумаў ды ўспамінаў (так і хочацца напісаць: "думак шчырых і жыцця"). Як адзначае аўтар, добрыя кнігі паэзіі перачытваюцца па некалькі разоў. "VOLUMEN.2" я прайшоў ужо двойчы, прычым планую вярнуцца яшчэ. Значыць, кніга добрая ці, як ахарактарызаваў яе сам Бараноўскі "харошая, прыгожая. З белымі старонкамі і чорнымі літарамі". Не магу не пагадзіцца.

P.S. Ледзь не забыў – урывак з таго самага верша пра коціка:

ліска прыйшла ў госці на падворак
а ў нас ні пеўніка
каб яго ўкрасці
ні катка
каб ад яго збегчы

Кнігу Міхала Бараноўскага "VOLUMEN.2" можна набыць тут: knihi.by.

Слухайце верш "Ахова птушак Бацькаўшчыны" на SOUNDCLOUD.
Міхал Бараноўскі