Янка Маўр маіх шкарпэтак,

або Павел Дарохін і яго дэбютны зборнік "Дэкодэр Цішыні"

Жыў сабе Іван Міхайлавіч Фёдараў, якога мы ведаем пад псеўданімам Янка Маўр. Нягледзячы на змрочныя часы, палёт яго светлай думкі дазваляў (і дагэтуль дазваляе) чытачам не толькі вандраваць у экзатычныя мясціны, але і бачыць незвычайнае ў будзённым. Карацей, наўрад ці хто-небудзь з сучаснікаў мог папракнуць пісьменніка ў недастаткова багатай фантазіі. Аднак, гатовы біцца аб заклад, ён нават падумаць не мог, што калі-небудзь пра яго з'явіцца такога кшталту верш:


З дзяцінства не любіў куты
Імжа асела на палетках
Бы шкло ўпэўненасці ў тым
Я Янка Маўр тваіх шкарпэтак

Прабачце, што? Давайце яшчэ, раптам стане ясней:

Імжа асела на палі
Іржа пасела ў цыгарэтах
Раскінуў рукі на раллі
Як Янка Маўр тваіх шкарпэтак

Так шмат пытанняў і так мала адказаў... Паглядзім, чым скончыцца:

Далей сцэнар — трываць у сне
На дне ў глеі так і гэтак
Згубіў штаны, ды не свае
Твой Янка Маўр чужых шкарпэтак


Сіні экран, крытычная памылка, аварыйная перазагрузка сістэмы. Вітаю на першай старонцы дэбютнай кнігі Паўла Дарохіна "Дэкодэр Цішыні". Працягваючы чытанне, Вы аўтаматычна пагаджаецеся з тым, што гэты тэкст можа нанесці непапраўную шкоду Вашай свядомасці.
Да выхаду зборніка яго аўтар быў вядомы перш за ўсё як мастак і дызайнер. Магчыма, вы бачылі рэмэйк карціны Хаіма Суціна, які абляцеў сацыяльныя сеткі некалькі гадоў таму. Акрамя таго, цягам 15 гадоў Павел пісаў вершы, часам публікуючы іх у часопісах і збіраючы матэрыял на асобную кнігу, якая пабачыла свет у 2021 годзе. Аднак гэта не адзінае выданне, да якога аўтар прыклаў руку: распрацаваныя ім водкладкі ўпрыгожылі кнігі Міколы Каляднага, Алеся Бычкоўскага, Крысціны Бандурынай і г. д.

Малюнкі ўласнай вытворчасці шчодра аздобілі і сачыненні самога Дарохіна. Змрочныя, псіхадэлічныя, часам наўмысна абсурдныя, яны адпавядаюць агульнаму настрою выдання. Зборнік не мае адмысловай структуры ці канцэпцыі, аднак з першых старонак выразна адсочваецца тэндэнцыя: пададзеную інфармацыю варта успрымаць хутчэй на ўзроўні вобразаў, фарбаў, адценняў, чым шукаць сэнс у звычайным разуменні гэтага слова. Калі надта засяроджвацца на тым, "што меў на ўвазе аўтар", то ўжо праз некалькі вершаў загудзе галава.


Дзяцел, прасцяг, кефір
Поўны слязьмі пацір
І не слязьмі сарцір
Не забывай эфір
Сыч, абшар, малако
Стомы вадкі закон
Хочаш, будзь мараком
Ротам лавіць планктон

Птушка, прастора, прадукт
Стоп. Канцавы пункт


Чытаючы вершы Дарохіна, часта лаўлю сябе на аналогіях з культавай песняй Neuro Dubel "Резиновый дом". Накідваючы радок за радком, якія не маюць між сабой відавочнай сувязі, паэт стварае карціну агульнага абсурду. А можа, так проста падаецца праз немагчымасць угнацца за аўтарскай думкай. Ды і сам Павел адзначае імклівы, нястрымны характар напісання твораў:


Вось не люблю вылізваць вершы,
яны ў мяне не шчанюкі сляпыя,
а аляняты. Вылез з похвы першы,
не першы,
упаў, узняўся
скінуў рэшты
плацэнты
і паскакаў дурны невядома куды
У пошуках ежы, у пошуках вады
Цуд некранутай прыроды, блін.


Наўрад ці можна прыдумаць больш трапную характарыстыку паэзіі Дарохіна. Прычым аб’ектам сумнай і часам жорсткай іроніі выступае не толькі ён сам, але і ўвесь сучасны белліт у цэлым. Зірніце, як ліха аўтар раздае на арэхі:


Паэты — то сталыя рэзідэнты
Утульных культурніцкіх гета
Адны ў кратах сілабатонікі
Другія юзаюць модныя дольнікі
Каб іх можна было эфектна зачытваць
Трэція ж пішуць прозу ў слупок
Абы не было ні рытму ні рыфмы
І называюць яе верлібрам


Пакуль верлібрысты спрабуюць адшукаць Паўла Дарохіна па ІР, варта задацца пытаннем: а што аўтар думае наконт уласных паэтычных высілкаў? Адказ такі:


Ну ок, пэўна, я — слоўпок
Мяне тут таксама ведаюць як
Але лепей лічыце, што я мастак
І тады змагу назіраць з гары
Як душацца пластыкавыя песняры
Я ўвогуле ненавіджу паэзію
Ад гэтых радкоў хіба што павесіцца


Вершы Дарохіна і сапраўды нагадваюць выяўленчае мастацтва. Рэзкімі, размашыстымі мазкамі ён кідае радкі на паперу. Цалкам магчыма, што кідаюцца яны самі, а аўтар не можа (або не хоча) іх стрымліваць. Хаця падаецца, што словы пра нянавісць да паэзіі належаць хутчэй лірычнаму герою Паўла, чым яму самому, бо ў некаторых опусах можна выразна адчуць задавальненне ад працы са словамі і гукамі.


Без цябе
Бездань бздуры будзённай
Боль блюзнерскіх праклёнаў
Бездапаможных надзей
Дзе ты
Дзеці драўляных дахаў
Дызельныя пахі
Даляў дрыготкі дым
Дзе я
Дзіры часу і месца
Дзеі з няпэўным сэнсам
Дэзарыентацыя


Падчас удзелу ў адной з паэтычных вечарын Паўлу задалі пытанне адносна галоўнага болю айчыннай паэзіі. Адказ быў такі: "вёска, вайна, віктымнасць". Між тым, сам Дарохін не супраць парэфлексаваць на ваенную тэматыку. Вусцішныя вобразы ды параўнанні і раней наўрад ці пакінулі б абыякавымі, а ў бягучай сітуацыі — тым болей.


Дзяўчынка з вачыма воўка
Апалы ноўнэйм без твару
Дзіды, бомбы, вінтоўкі
Ваніты, бінты, пажары

Вайна — гэты клёвы стартап
Бо кажуць — яна ўсё спіша
Пра яе ачмурэнна пісаць
Калі ты Гумілёў ці Кіплінг
Вайна — гэта нож і відэлец
Вайна гэта чэрап і косткі
Паўсталі з эдэмаў пустэльні
Мне вусцішна з той прыгажосці


Не хацелася б заканчваць тэмай вайны, таму пагаворым пра іншае — безвыходнасць. Танюткая кніжачка ўтрымлівае яе столькі, што хапіла б на некалькі зборнікаў. Падаецца, што многія вершы Дарохіна, перакладзеныя на любую замежную мову, усё роўна гучалі б па-беларуску праз вывучаную бездапаможнасць. Узяць хаця б "Т.Ж.Ч." — твор, дзе рэфрэнам даводзіцца, што усё так і будзе, як і было. Такім жа чынам.


Падаюць долу дажджамі на шкло
Твае жаданні й учынкі
Ды ўсё так і будзе, як і было
Такім жа чынам

Ты п’еш сваю каву, глытаеш сырок,
Першы ў працы й абароне айчыны
Ды ўсё так і будзе як і было
Такім жа чынам


Дарэчы, наконт айчыны — паспрабуйце падабраць больш трапнае яе апісанне, чым гэтае:


Тут два напрамкі, куды ісці
За мяжу ці ў зямлю ці зрэдку
Можна шчэ займацца ўжытковым ай-ці
На адвечных калгасных палетках


Рэзюмэ: звышсучасная, звышрэалістычная паэзія беларускага разліву. Наўрад ці памылюся, калі параўнаю яе з арт-хаўсным выяўленчым мастацтвам — можна ўбачыць як шэдэўр, так і бязглуздую мазню. Усё залежыць ад асаблівасцей успрыняцця.


Выйшла сонейка
І паказала ўсім fuck
Што не так?
Што з гэтым светам
Не так?

Павел Дарохін