Вера Бейка
Распранаючы арэх

Ганна Шакель. "Цела мігдалу"

Калі вы спытаецеся ў мяне прыкладаў удалай назвы паэтычнага зборніка, то вось вам прыклад: "Цела мігдалу".

Спачатку я прапаную вам захапіцца фанетыкай: два гэтыя словы самі сабой, ужо ў гуках, уяўляюць чыстую прыгажосць, ад якой смачна ў роце. Пры патрэбе іх можна выкарыстаць нават у якасці загавору, шэпту над дзіцячай ранкай, тут дастаткова гукавага чарадзейства, каб закалыхаць боль. Цяпер можна раскруціць і вобраз. Мігдал, альбо часцей у нас — мігдалы — гэта арэх: надзвычай цвёрдае шкарлупінне, тонкая рудая абалонка, белае салодкае цела. Трэба папрацаваць, каб дабрацца да яго. Шчэ цікава, што ў нас спрадвеку мігдал — прыкмета шляхетнага побыту, але і просты чалавек меў мігдал у сваім лексіконе: у ідыёме "думаеш пра нябесныя мігдалы", што значыць — летуцееш бог ведама аб чым. Дык цела мігдалу — гэта і выкшталцонасць, і сэрцавіна мары, і смак, і густ. Ат, паэзія не любіць гэткіх дэканструкцый вобразаў, яна блякне і шарэе, кідаем няўдзячную справу і адпускаем гэтую спружыну скруціцца ў першапачатковую форму: цела мігдалу. Паўтарыце некалькі разоў. Прыгожа гучыць. Падаецца, як раз гэтая ідэальная фанетыка і ўтрымлівае назву ў межах эстэтыкі, не даючы вобразу абарвацца ў эстэцтва, літаратуршыну і "красівасць": яшчэ імгненне, і стала б залішне прыгожа, але не даць слову пражыць гэтае небяспечнае імгненне — майстэрства слова і ёсць.

Даволі складана патлумачыць неспрактыкаванаму чытачу, што такое верш у адрозненне ад прозы. Рыфма, рытм, сілаба-танічнае чаргаванне націскаў, усе гэтыя пазнавальныя прыкметы школьнага верша даўно перасталі быць прыкметамі паэзіі, паэтычныя матрыцы быццам бы згубілі межы, і я ведаю нават літаратараў, якія пішуць вершы, проста афармляючы празаічны тэкст у слупок, і выдаюць форму за сутнасць.

Напэўна, сёння адзінай прыкметай сапраўднай паэзіі ёсць максімальная канцэнтрацыя сэнсаў у мінімальнай колькасці словаў. Размазаць думку на трыццаць неабавязковых радкоў, хаця б і запісаных з левага боку старонкі без косак — яшчэ не азначае стварыць верш. А вось зрабіць асэнсаванай нават фанетыку, нагрузіць сэнсам не толькі слова, але і сінтаксіс словазлучэння — гэта і ёсць паэзіяй.


увяжу табе ў шапку
свае валасы,
і яны пасівеюць
на тваёй галаве


Чатыры радкі, якія вартыя паэмы. Нават не будзем занурвацца ў вобразнасць, заўважым толькі, як мяняецца фанетыка: ад шыпу і шэпту першага радка праз сарваны паўголас "с" і "в" — да звонкіх, бяз пошэптаў і посвістаў, зычных у апошнім. Хаця і ў вобразнасць даць нырца таксама хочацца: суплёт нітак і валасоў у шапцы, звязаннай уласнаручна, і якая будзе насіцца да скону, аж пакуль не пасівее і шапка, і той, хто носіць яе, з гэтага верша можна стварыць нават вялікі, хвілін на дзесяць, мультфільм у стылістыцы, прыкладам, Міядзакі, ані на крок не адступіўшы ад тэксту, у якім усяго толькі чатыры радкі.

Наогул, гэта вельмі цікавы занятак — раскручваць і адпускаць спружыну вершаў у гэтым зборніку, і чым карацейшы верш — тым ён больш сканцэнтраваны, тым больш доўгая сталёвая нітка сэнсаў з яго выцягваецца, і тым больш тугая спружына формы — закручваецца.


чалавек, што паліш
пад маім акном,
я дыхаю
тваёй бядою

У большых вершах — агулам аўтарка вытрымлівае легендарны запавет, які прыпісваецца Хадановічу: "не пісаць вершаў, даўжэйшых за старонку", таму "большы верш" усё адно не размазня, а сканцэнтраваны невялікі тэкст — іншы раз у адносна вялікіх тэкстах нават здараецца “перадазіроўка” гукапісу і метафорыкі, далібог, хочацца крычаць паратунку, настолькі галавакружна зацягвае аўтарка ў вір свайго вершу:

шапчы шыбам вершы
чацвёравуснымі ратамі,
калышы шыбы
пяшчотнай калыханкай.
ліловымі вочкамі
заплюшчы вокны мае,
і буду спаць
пачышчанай рыбай,
бы перламутравую луску
прадаўшы


(верш увогуле пра бэз, які "грукае ў шыбу кулаком гронкі" і напрыканцы сцягваецца ўжо ў перламутравую луску сну). Напэўна, гэта ад маладога здзіўленага ўсведамлення сваёй уласнай паэтычнай моцы: ого, як я магу! — і перабольшыць, не разлічыўшы багатырскага замаху. Моц таксама варта дазаваць — як і прыгажосць, і, магчыма, своечасова спыніцца ў прадукаванні метафар — больш тонкае ўменне, чым іх прадукаваць. Менавіта такое ўменне прыходзіць з досведам і ягоную адсутнасць мы без ваганняў прабачым дэбютнаму зборніку, бо стрымацца ў будучыні аўтарцы будзе лягчэй, чым некаторым сталым паэтам выцягваць з сябе няіснае: стрыгчы ўраджайную яблыню прасцей, чым навешваць фальш-плод на неўрадлівую.

Цікава сачыць за тым, як у частцы вершаў з’яўляецца рыфма: паколькі тут яна госця неабавязковая, дык і ўспрымаецца яна ярчэй за рыфмы класічнага вершу.


…паштальёнкай
разносіла весткі,
і благія, і добрыя:
жыццё як карова —
бела-чорнае.

адбудоўваўся дом,
насаджваліся гароды,
малако калгасных кароў
вылівалася ва ўзнагароды.

расхрыстаныя грудзі
квяцістага халата.
Беларусь —
тая самая хата.

— я сёння сніла бабу Маню.
— да змен надвор’я, да туманаў.


Тут рыфмаў шмат: яны падмацоўваюць пераход усхваляванага верлібру да класічнай формы адпаведна "традыцыйнай" тэматыцы: баба Маня, вайна, па вайне, вёска, хата. А вось у гэтым вершы два радкі зарыфмаваныя (бо закаханыя спрабуюць танчыць, зарыфмавацца), а апошнія — разбегліся у вольны верш, як і людзі:

не атрымліваецца
у нас
танцаваць разам
вальс

харэй майго
і ямб твайго
імёнаў
не кладуцца
на дактыль


Наогул канцэнтраванасць, нагружанасць гукаў, словаў, спалучэнняў, разбівак на радкі, рыфмаў альбо іх адсутнасці у тэкстах Ганны Шакель такая, што, калі паставіць сабе задачай расставіць па вершы знакі прыпынку, слова ад слова аддзяляецца кропкай. Здаецца, іх так і трэба чытаць, з паўзамі паміж кожным словам:


жыць навобмацак
нават калі да вуснаў
анучу падносяць у воцаце
нават калі я
анічыя

навобмацак
па Брайлю чытаць людзей
ціснуць рукі дзвярам
кубкі цёплыя цалаваць
абдымаць непакорлівы вецер


Ад гэтага верш становіцца жорсткім, сталёвым, з яго нібыта выціснута эмоцыя дзеля думкі, адчуванне дзеля рэфлексіі, сінтэз дзеля аналізу. Над такімі тэкстамі не заплачаш, расчуліўшыся, але можна праседзець некалькі гадзін, задумаўшыся. На вершах такога кшталту добра вучыць дзяцей чытаць тэксты не сэрцам, а галавой, а перакладчыкаў — кадзіраваць сэнсы сродкамі, на якія здольная чужая мова. Чытаць вершы Ганны — як распранаць арэх, павольна рухацца ад цвёрдай, добра ўзважанай формы праз шчыльную абгортку вобразу да чаканага цела сэнсу.

У нас нячаста аналізуюць у рэцэнзіях на дэбютныя зборнікі наследванне паэтычнай традыцыі: складаецца ўражанне, нібыта кожны новы аўтар прыходзіць у беларускую паэзію з паветра, сам з сябе. Магчыма (нават хутчэй за ўсё) сам аўтар пра сябе так і думае. Але ж, падаецца, крытык мае нават пэўны абавязак прасачыць усё ж сувязі, якія непазбежна ёсць паміж тэкстамі розных пакаленняў і пошукамі сучаснікаў — прынамсі, каб уяўляць сабе і трансляваць у свет беларускі літаратурны працэс як цэлае і непарыўнае адзінства (хто, акрамя крытыкаў, гэта будзе рабіць).

"Цела мігдалу" уяўляецца мне своеасаблівым працягам пошукаў, якія вялі позні Барадулін і Разанаў эпохі "Маланка жне, гром малоціць": агульная сэнсавая нагрузка верша пераносіцца са слова ў марфему і адтуль — у гук, ад чаго скарачаецца працягласць радка, але пашыраецца ягонае ўнутранае вымярэнне. У гэтым жа рэчышчы, мне падаецца, сёння працуюць Галіна Сіўчанка і Ігар Кулікоў, хіба што ў іх семантычны акцэнт робіцца на словаўтварэнне, а ў Ганны Шакель — на фанетыку і ідыёматыку, якая таксама размывае асобнае слова і актуалізуе ягоны няўлоўны вобраз. Што ж тычыцца глыбінных сувязей з айцамі-стваральнікамі нашай паэзіі, якія заўсёды мне хочацца знаходзіць у спадчынніках — то вось гэтае мілае сэрцу водгулле беларускага паганства з ягонымі ідаламі (ідалкамі), дзядамі, кумушкамі-зязюлямі, гэтае пабытовае неэкзальтаванае хрысціянства з манашкамі, богам, які "як кісларод", каштанавым прычасцем — гэта ўсё ад Івана нашага Дамінікавіча Купалы, канешне, бо тчэ, забыўшыся, рука ўсё той жа дарагі ўзор і не спыняецца.

Не будзем спыняцца і мы ў чытанні беларускіх паэтак — тым больш што з выхадам зборніка "Цела мігдалу" творцаў, якія вартыя нашай самай пільнай чытацкай і крытычнай увагі, стала на адну болей.



Набыць кнігу Ганны Шакель "Цела мігдалу" можна тут:

kniger.by
"Кніжная Шафа" (г. Мінск, пр-т Дзяржынскага, 9)
"Акадэмкніга" (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72)
Ганна Шакель