(Пра паэтычны зборнік Віктара Сямашкі “Аўтар мае рацыю заўжды”)
Можа, і гэта таксама — аргумент на карысць маёй закарэлай патрыярхальнасці (лічу яе часткай беларускай ідэнтычнасці, дарэчы), але я па сёння не магу прыняць дасціпную думку Барта і Артэгі-і-Гасэта пра дэгуманізацыю мастацтва і смерць аўтара. Для мяне ўсё яшчэ ў вершы заўсёды чытаецца аўтар — і, інтэрпрэтуючы верш, мне хацелася б заставацца ў межах аўтарскай канцэпцыі свету. Мне ўсё яшчэ блізкая мэта традыцыйнага літаратуразнаўства: праз паэтычны радок зразумець аўтара і ягоную асабістую светабудову, а не шукаць у вершы водгулле ўласных ідэй. Якраз аднаўленне аўтарскага бачання, разблытванне вобразаў на карысць аўтара, пошук ягонай, а не сваёй думкі выклікаюць у мяне сапраўдную цікавасць і спартыўны імпэт.
Што праўда, ніколі немагчыма быць упэўненай, што аўтарская канцэпцыя свету, якой ты яе для сябе ўяўляеш — гэта нейкая аб’ектыўная дадзенасць, а не твая чарговая інтэрпрэтацыя (спойлер: канешне, яна).
У сучаснай беларускай паэзіі, багатай на імёны і падыходы, да сёння шмат аўтараў і аўтарак, якія даюць неабсяжную колькасць матэрыялу для традыцыйнай чытацкай працы з вершам. Эпітэты і метафары ў іх зразумелым выглядзе, паэтычныя вобразы, што грунтуюцца на зразумелых аб’ектыўных рэаліях, традыцыйны спосаб сканцэнтраваць вобразнасць і выказацца — у прынцыпе, ад традыцыйных Купалавых і Максімавых вершаў у тэхніцы версіфікацыі мы недалёка сышлі. Ну, перасталі збольшага карыстацца сілабатонікай, распаволілі памеры, але сам прынцып паэтычнага слова застаўся тым самым, якім яго разумелі класікі. Нашы самыя смелыя эксперыментатары — Вішнёў, Жыбуль, ранні Мінскевіч — з цягам часу таксама вяртаюцца да больш-менш традыцыйнага паэтычнага слова, бо і ў чытача досведу чытання складаных эксперыментальных тэкстаў — няшмат, а хто такі паэт без чытача? Няшчасны чалавек.
Ад таго цікавей назіраць за тым, як у кожным пакаленні беларускага паэтычнага маладняка з’яўляюцца героі, што спрабуюць збегчы ад традыцыйнага верша, ад літаратуразнаўчых інтэпрэтацый, у рэшце рэшт, ад саміх сябе — і прад’явіць літаратуры паэзію, максімальна пазбаўленую тленнага аўтарскага цела: зразумелых сінтаксічных канструкцый, сказаў з кропкай напрыканцы, зразумелых кожнаму лёгенькіх вобразаў і алюзій-лайт, якія лёгка счытаюцца нават не самым выбітным вучнем сярэдняй школы. Сярод такіх аўтараў я б назвала Міхаіла Рубіна, музыку з Віцебска, які перыядычна радуе паэтычных гурманаў цалкам нечытэльнымі ў традыцыйнай чытацкай манеры тэкстамі, і вось цяпер — Віктара Сямашку.
"Аўтар мае рацыю заўжды" — за такую назву хочацца расцалаваць. Я б параіла ўсім маладым эксперыментатарам браць яе на шчыт і выходзіць у жорсткі канкурэнтны свет беларускай паэзіі пад яе абаронай. Аўтар — хто б ён ні быў, і нават калі яго (памятаем пра Барта) лічыць няісным — усё адно мае рацыю заўжды, на гэтым стаіць і стаяць будзе літаратура, што б там ні пісалі некаторыя літаратурныя крытыкі.
Гартаю старонкі зборніка Віктара Сямашкі на "Камунікаце", дзе далучыцца да эксперыменту можа кожны ахвочы.
0 <
едзем дзе?
будзем дзе?
выпадзем?
зойдзем за?
які дзень будзе?
хто пабудзіць?
якая дата?
хто вінаваты?..
ці ёсьць нейкая розьніца? —
XXI-ае хутка скончыцца,
так і не па…
Так і не па… — што? Калі ласка, чытач, інтэрпрэтуй у межах сваёй фантазіі: "так і не пачаўшыся", "так і не пакінуўшы адказаў", "так і не пакаціўшыся ў бездань", "так і не паспаўшы", "паеўшы", "пагуляўшы", "пахаваўшы сваіх мёртвых" — як бы ты ні скончыў гэты шматабяцальны радок, у цябе атрымаецца свая самастойная думка, свой погляд на час, свой верш, кожны раз — розны. Гуляцца ў гэтую гульню можна тыднямі, і аўтар тут будзеш ты.
Да таго ж, убудавацца ў верш лёгка не толькі таму, што табе далі добры лінгвістычны пас з дзеяслоўнай прыстаўкай. Музычны прынцып пабудовы — паглядзіце на гукапіс, на рытміку, на манеру рыфмаваць — дазваляе кожнаму напець гэтую песню па ўласных магчымасцях. Сапраўды, дзе ж тут уласна аўтар? Толькі там, дзе задаецца танальнасць і пішацца біт.
Яшчэ адзін верш не ўтрымаюся і працытую цалкам:
дама ў абдымах дыму
з пыхай хавае похву —
каральная краля ў каралях
па-за масай
сам-насам
асобасна
тэорыю ночы
з практыкай дня
ўжываю да дна
модная мадам адна
бяз дому
мяшае сябе ў каве
разгортваю рыбіну
прыроды рабыню
старога гарту
пані чухае панчохі
з "хічкокам" у вачох
чакае на варту
рух ціхуткі
па волі Тваёй
сьпяшацца ня варта —
паводле гадзіньніка
Месяца кварта
паводле прагнозу
паўсюдна дождж
прылюдна й прагна
акацыі
мыляцца
кабета
прайшла ўсе пункты
ад альфа да бэта
жанчына
як першапрычына
няўдзячных акцыяў
у мэню рэстарацыі
страваў багата
дык у чым справа? —
выходзіш за дзьверы
нясыты
й зьбяднелы
рух як рэха
чуваць не адразу
каштоўны сваімі паўзамі
Ад гэтай шыкоўнай лексічна-музычнай імправізацыі водарыць неймавернымі дваццатымі, калі б яны былі несавецкімі: выкшталцоная гульня гукамі, словамі, рытмамі. Прашу вас, не шукайце тут сэнс — шукайце гук, мелодыю: сэнс выплыве сам, прычым у кожнага розны, бо ў кожнага чытача свой досвед разгортвання "рыбін прыроды рабынь" у маргінальных кавярнях, а у кожнай чытачкі — свае альфы і бэты. І наадварот. Бо хто разгортвае рыбіну: ён ці яна, — таксама кожны вырашыць самастойна. "Рух як рэха, каштоўны сваімі паўзамі" — і гэты верш таксама каштоўны не толькі словамі.
Музычныя стратэгіі афармлення вербальнага мастацтва — прыёмчык, безумоўна, не новы. Яшчэ сімвалісты — і французскія, і польскія, і рускія, і беларускія — маніфеставалі музыку найважнейшым паэтычным сродкам. Невыпадкова і ў сучаснай беларускай паэзіі з музыкай у вершы эксперыментуюць найперш музыкі (згадаю зноў Рубіна). Віктар Сямашка — прафесійны музыка і музычны журналіст, таму кірунак ягоных эксперыментаў цалкам зразумелы і абумоўлены пазапаэтычнымі зацікаўленасцямі аўтара.
Вось мы яго, аўтара, і знайшлі. У гэтых вершах ягоная прысутнасць такая ж няўлоўная, як прысутнасць кампазітара ў сімфоніі альбо эцюдзе: без спецыяльных ведаў, без досведу чытання менавіта такіх твораў вылучыць аўтарскае, біяграфічнае альбо ідэйнае, цяжка.
І гэта сапраўднае ўратаванне для чытача, стомленага публіцыстычнасцю паэзіі апошніх часоў. Чыстая музыка — і бязмежжа чытацкіх інтэпрэтацый.
Што праўда, сустракаюцца ў зборніку і больш традыцыйныя вершы, толькі крыху аздобленыя туманам паэтычнага фармальнага наватарства:
валявыя ўчынкі —
заўсёды памылкі
бадзяцца, гуляцца
баста!
не спадзявайся
няма спадзеву
я сабе
ня веру
ад любога
чакай благога:
ад старога
ад меншага
можа быць
што заўгодна
галоўнае помні:
да лепшага
Трэба сказаць, што паэзія Сямашкі ад гэтай традыцыйнасці губляе: як толькі аўтар з’яўляецца на авансцэне і дае загад інтэпрэтатарам маўчаць, хочацца выйсці з залі, бо, прыйшоўшы па цуд, расчароўваешся ад прагаворанасці. Але мы памятаем: аўтар мае рацыю заўжды. Захацеў выйсці сам-насам з чытачом — выйшаў.
Але мне больш даспадобы ўсё ж тыя радкі і слупкі, дзе ад аўтара застаецца толькі музыка:
аблокаў аблога
у лозе нехта гарбату варыць —
дымка сьцелецца па полі (мабыць)
уздымаецца, як на дражджох, гусьцее
прытым нераўнамерна —
пасмамі, чубамі, кудламі
аблокаў абрыс альбо не —
своеасаблівы вечны вечар
Альбо не музыка, а — гульня. Асобна ў зборніку хочацца адзначыць шляхетную і добра падзабытую даўнюю беларускую традыцыю паліндромаў:
ДАТЫ
— ой, ай! я — ё!
— а мяне няма
БРАК
мала пана напалам
ХІБА
рак Ікар
ВЫБАРЫ
шо хош?
хопіць ці пох?
Публіцыстычнасць, укладзеная ў паліндром — ужо мастацтва. Тым больш, што і тут аўтар адступае, даючы месца сваім славутым папярэднікам — паліндром Сымона Буднага ў якасці эпіграфа да ўсёй кніжкі наўпрост адсылае нас да традыцыі, а не да асобы.
Дык ці варта мне шукаць аўтара там, дзе ён гуляе са мной у хованкі, пакідаючы адно матыў, рытм, музыку, прастору? Думаю, варта — маючы на ўвазе, што я яго не знайду.
калі тое, што мы бачым —
гэта адбіткі сьвятла
значыць, і мы — промні
водбліскі агню
сонечныя зайчыкі
Даць магчымасць іншаму адчуць сябе промнем — чым не мэта мастацтва?