Кніжны Хома
Аднойчы святло ўключыцца — і надыдзе палёгка
Рэцэнзія на зборнік вершаў Ганны Янкута "Геалогія"

Паэтычная гісторыя Ганны Янкута пачынаецца з прозы. Перакладчыца і дзіцячая пісьменніца, у 2021 годзе яна знаходзілася ў Варшаве і пісала раман — сямейную сагу, звязаную з гісторыяй Гародні. Што будзе з гэтым творам, пакуль невядома, бо, паводле слоў аўтаркі, ён не толькі не выдадзены, але яшчэ і блізка не скончаны. Аднак вядома тое, што паралельна Ганна стала наведваць лекцыі ва ўстанове з мудрагелістай назвай: "Школа экапаэтыкі пры Варшаўскім інстытуце рэпартажу". Гэтыя заняткі далі ёй новы погляд на літаратуру, які адбіўся на далейшай творчасці ў даволі нечаканых формах.

Выдатніца ў школе выжывання,
паўпразрыстая гідра,
шкляная медуза,
вучуся хавацца ад чужых вачэй
і не выказваць свайго меркавання
ці, прынамсі, не рабіць гэта надта гучна.

Пра сваю цікавасць да новай тэматыкі аўтарка аднойчы расказала знаёмай. Калі б яна прамаўчала, то новы паэтычны зборнік, магчыма, ніколі не пабачыў бы свет. Аднак тая заўважыла, што сумясціць сучаснае беларускае жыццё з экапаэтычнай прызмай немагчыма, бо гэта з’явы абсалютна рознага парадку, якія не маюць перасячэнняў. І гэта прагучала як выклік. Неўзабаве з’явіўся і яшчэ адзін трыгер: будучая паэтка трапіла на імпрэзу, дзе людзі расказвалі пра тое, што адбылося з імі ў апошнія гады.

Хваля маёй трывогі
разліваецца ад самай макаўкі
да кончыкаў ракавіны,
мяне захлынае гэтае скрыгатанне,
танга малюска —
ці то сэрца па ржавых трубах
кроў ганяе,
ці то дзверы нехта драпае…

Расказваючы пра балючае, выступоўцы пераходзілі на бюракратычную мову з грувасткімі, штучнымі канструкцыямі і ўспрымалі гэта як належны спосаб выказвання думак перад аўдыторыяй. Наслухаўшыся, Ганна пастанавіла змагацца з канцылярытам ды вырашыла для пачатку ўзяць які-небудзь афіцыйны дакумент і перапісаць яго паэтычнай мовай. Але які?

А ў Эдэмскім садзе
так самотна і пуста,
што Госпад Бог сеў пісаць
чарнавік Канстытуцыі.

Села пісаць свой чарнавік і Ганна Янкута, спрабуючы падабраць прыродазнаўчую метафару да кожнага артыкула. "Канстытуцыя раслінаў, дрэваў і аманітаў" — так назвала свой праект аўтарка. І раптам аказалася, што найбольш багатым радовішчам такіх вобразаў стала геалогія. На гэта можна знайсці некалькі прычын: па-першае, ва ўсіх гарадах, дзе бывала пісьменніца, яна наведвала адпаведнага накірунку музеі. Па-другое, геалогія стала сродкам апісання сітуацыі, у якую мы трапілі: час ці то не ідзе ўвогуле, ці то ўсё ж ідзе, але неяк міма.

Нарэшце ідэя матэрыялізавалася ажно ў двух выданнях (хаця наконт таго, ці з’яўляюцца яны рознымі кнігамі, нават сама аўтарка пакуль не вызначылася). "Геалогія", або вершы, напісаныя ў музеі, была надрукавана ў Менску, а "Канстытуцыя" — у Беластоку. Яны ўтрымліваюць аднолькавы корпус паэтычных твораў, аднак другая з іх удвая таўсцей за кошт вытрымак з Асноўнага закона. Абсалютна слушным будзе і такое меркаванне, што абедзве кнігі ўяўляюць сабой розныя бакі адной задумы. Далей гаворка пойдзе пра менскае выданне, аднак усё ніжэйпазначанае ў гэткай жа ступені тычыцца і "тлусцейшага" брата.

"Геалогія" — канцэптуальная кніга, у якой можна ўбачыць не толькі ярка акрэсленую структуру, але і сюжэт: яна пачынаецца выміраннем і заканчваецца… Хаця гэта ўжо будзе спойлер, таму давайце ўсё ж пра выміранне.

У выміранні няма нічога
звышнатуральнага,
яно занесенае ў каляндар,
распісанае па літарах алфавіта.
Першае выміранне:
тыя, хто на А, Б і В,
астатнім падрыхтавацца.
Другое выміранне —
а я слухмяна стаю ў чарзе
(з прозвішчам пашанцавала)
і гляджу, як мой свет
прасейваецца скрозь сіта.
Пры маім жыцці паміралі
людзі (многа людзей), словы, краіны,
законы,
я ведаю болей таго,
чаго ўжо няма,
чым таго, што яшчэ засталося.

Вы калі-небудзь думалі пра тое, што геалогія — гэта ў пэўным сэнсе навука пра смерць? Пры гэтым царства мёртвых усё больш і больш павялічвае лік на сваю карысць. А жыццё — даволі сціслы ў межах прасторы і часу адрэзак, цягам якога мы пашыраем веды пра навакольных людзей, якія непазбежна стануць выкапнямі (добра, калі хаця б карыснымі). Абазнаная ў музейных справах Ганна Янкута, здаецца, даволі далёка зайшла ў такіх роздумах, бо падабрала да рэльефу такі нечаканы вобраз, як "летапіс катастроф". І сапраўды: кожны дзень мы ходзім па тых, хто калісьці быў жывымі, каб аднойчы скласці ім кампанію.

Рэльеф, як і гэты тэкст, —
нагрувашчанне ўсяго,
silva rerum (законы любяць лаціну)
бясконцых дзён у чаканні.
Свой рэльеф мы не выбіраем,
але чуемся ў ім як рыбы
ў вадзе.

Нягледзячы на ўсе геалагічныя і прыродазнаўчыя нюансы (а можа і дзякуючы ім), вершы выйшлі вельмі беларускімі. А калі б давялося выбраць чэмпіёна па беларускасці, то перамог бы гэты:

Сэрца Зямлі дагарае,
Але мяне гэта не тычыцца,
мая хата з краю.

Нельга абмінуць увагай і такі кароткі твор:

А бываюць часы,
калі чытаць законы ўжо запозна,
і тады даводзіцца чытаць вершы.
Зрэшты, паслядоўнасць можа быць
і адваротнай.

Ствараючы свой "нарматыўна-прававы акт", аўтарка часта ўжывае вобразы з геалогіі, батанікі, заалогі, геаграфіі. Нават пытанне раздзелу ўлады разгледжана ў зборніку на прыкладзе хатніх раслін: гаспадыня над "царствам кактусаў і пеларгоній", паэтка можа ў любы момант скінуць сваіх "падданых" з пятага паверха.

Але пакуль толькі паліваю
іх па раскладзе,
таму што мне так хочацца.

Такім чынам, за расліны ў кватэры Ганны можна пакуль не хвалявацца. Праўда, і да дэмакратыі там далёка, бо верш заканчваецца рытарычным пытаннем:

Ці хацела б я з кімсьці
гэтую ўладу дзяліць?

Разабраўшыся з раслінам, пераходзім да царства грыбоў. Ганне, паводле ўласнага прызнання, было важна паказаць свет побач з чалавекам, дзе існуе шмат іншай матэрыі. Возьмем хаця б такі прыклад:

Грыбы абжываюцца ў маім доме
тонкай плёнкай на забытым
у лядоўні варэнні,
на сценах у сырой ваннай
і скуры кацяняці,
знойдзенага пад балконам,
але ў мяне няма з імі агульнай мовы…

Гэтую ж сітуацыю варта прааналізаваць і з адваротнага ракурсу. Заходзім на кухню, адчыняем лядоўню, залазім у слоік з варэннем і бачым наступнае:

Міністэрства грыбных спраў не дрэмле,
яго задумы —
таямніца за сямю пячаткамі,
хутчэйшая за інтэрнэт
грыбная ніць.
Нас каланізуюць усе, хто здолее,
і грыбы марудзяць
толькі таму, што мы нядаўна
ўварваліся ў іх разлікі
і яны яшчэ не прыдумалі,
што з намі рабіць.

А пакуль яны не прыдумалі, ёсць час заняцца чым-небудзь карысным. Як наконт знайсці адказ на адвечнае пытанне: хто мы? Хаця Ганна Янкута, здаецца, ужо знайшла:

Хочацца ведаць,
хто я ў гэтым свеце,
нашуся са сваёй ідэнтычнасцю,
як з каронай,
а адказ — у "Вікіпедыі":
эўкарыёта
жывёла
хордавае
млекакормячае
прымат
гамінід
ecce homo

Часам ўзнікае ўражанне, што некаторыя з аўтарскіх вобразаў лепей характарызуюць сутнасць юрыдычных паняццяў, чым замацаваныя ў заканадаўстве фармулёўкі. Варта ўзгадаць хаця б два радкі, якімі паэтка трапна апісала права прыватнай уласнасці:

Маё — гэта тое, пра што ў мяне
баліць галава.

Праз вобразы ды параўнанні Ганна Янкута пераасэнсавала не толькі нормы заканадаўства, але і практыку іх ужывання. Літаральна адным сказам, напрыклад, яна здолела адлюстраваць як актуальнае моўнае становішча, так і адвечнае спадзяванне на яго паляпшэнне:

У запаведніку моў
маёй дастаўся цесны вальер,
але калісьці я
выпушчу яе на свабоду.

Наскрозь прапітаны сучаснасцю, зборнік наўрад ці можна назваць жыццесцвярджальным. Аднак, нягледзячы на ўсе законы, навуковыя і юрыдычныя, аўтарка пакідае нам надзею:

Аднойчы святло ўключыцца
і надыдзе палёгка.
Але спярша мусіць з'явіцца
гелій.

Як хутка ўключыцца святло і прычым тут гелій? Пакіну пытанне адкрытым, балазе зборнік можна знайсці ў продажы. А пакуль падвяду высновы: імаверна, "Геалогія" — адзін з самых удалых дэбютаў у сучаснай паэзіі. І самы нечаканы.
Ганна Янкута