Культура рухае свет наперад, але па-ранейшаму застаецца справай энтузіястаў і неабыякавых да духоўных каштоўнасцей людзей. У беларускай прасторы ўсё часцей сталі з’яўляцца ініцыятывы, якія займаюцца прасоўваннем беларускай мовы, літаратуры, музыкі. Youtube-каналы, мабільныя дадаткі, інтэрнет-парталы — так беларуская культура лічбавізуецца і знаходзіць цяпер свайго карыстальніка. Пра сувязь тэхналогій і культуры, пра важнасць беларускай мовы і, уласна, пра паэзію мы пагаварылі са стваральнікам мабільнага дадатка "Вершы" Дзіёнісам Брэкам.

— Ваша прыкладанне "Вершы" з’явілася зусім знянацку, літаральна з ніадкуль. Перш за ўсё цікава, хто стаіць за гэтым прыкладаннем, таму раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе: хто вы, чым займаецеся па жыцці і як прыйшлі да цяперашняга моманту?

— Не ведаю, з чаго пачаць. Па-першае, я беларус. Нарадзіўся ў Мінску, зараз жыву ў Польшчы. Вучыўся ў БДУІРы, пасля ўнівера я працаваў як вэб-распрацоўшчык, потым — як мабільны распрацоўшчык.

Спачатку я працаваў з агрэгатарам cайтаў з навінамі — там былі T*T.by, Onliner, "Хартыя", курсы валют, афіша, івэнты, якія праходзілі ў Мінску і па ўсёй Беларусі. Пасля я зрабіў "Прыказкі Лагойшчыны" — таксама мабільны дадатак. Гэта было яшчэ дзесяць гадоў таму, калі не так шмат айфонаў было. Вельмі цікавы дадатак быў, там шмат адметных выказванняў з вясковым каларытам, мне падабаецца. А так я працаваў проста на аўтсорсе як мабільны распрацоўшчык і час ад часу нейкія свае мабільныя дадаткі рабіў. Большасць з іх былі звязаныя менавіта з Беларуссю і беларускай мовай.

— А як вы прыйшлі да "беларускай тэмы"?

— Пачну з таго, што мой бацька размаўляў на беларускай мове і я навучаўся ў беларускамоўнай гімназіі. Дзядуля па памяці чытаў вершы, мне вельмі падабаліся байкі ў яго выкананні. Я слухаў беларускамоўную музыку. Усё гэта разам.

— Атрымліваецца, ваша праца ад пачатку была тэхнічнай і толькі ў апошнія дзесяць гадоў яна звязаная з беларускай культурай? Я пытаю таму, што мяне заўсёды па-добраму здзіўляе, калі гэтыя сферы перасякаюцца, бо з усіх маіх знаёмых з IT-сферы, напэўна, толькі адзін ведае, чым я займаюся.

— Я думаю, што з беларускай мовай і культурнай "тусоўкай" мала чаго звязана ў IT, таму што ў нас вельмі маленькі рынак і на гэтым складана зарабляць. І таму збольшага тут альтруістычныя памкненні, бо на гэтым немагчыма зарабляць нават зараз, калі адбываецца такі ўздым беларускай культуры. Звычайна проста хтосьці нешта захацеў зрабіць ці чалавек толькі вучыцца рабіць — калі, напрыклад, гуманітарый прыйшоў у IT-сферу і хоча штосьці зрабіць, ён пераносіць свой гуманітарны досвед на дадаткі. Калі ж пераходзіць на камерцыйны ўзровень, то там ніхто нічога не робіць, бо нічога немагчыма зарабіць на гэтым.

— Я якраз хацела спытаць, што паэзія — з’ява, канешне, цікавая, але цікавая далёка не ўсім і, да таго ж, непрыбытковая. Чаму менавіта вершы?

— Добрае пытанне. Па-першае, гэта кантэнтны дадатак, у нас вельмі шмат кантэнту, звязанага з вершамі. Гэта больш простая форма. Прасцей, чым кнігу нейкую прачытаць. Але верш — гэта канцэнтраваная культурная адзінка, якая можа выклікаць, а можа не выклікаць нейкія эмоцыі, і мне гэтая тэма блізкая. Я калісьці таксама пісаў вершы, але простыя і не вельмі шмат.

— А чаму кінулі?

— Я пісаў, калі мне было сумна, а зараз стабілізаваўся (смяецца). І калі няма ніякай праблемы, няма і пра што пісаць, бо ўсё добра. Гэта таксама трэба ўмець.

— Значыць, вы з той катэгорыі людзей, для якіх паэт абавязкова павінен быць няшчасным?

— Ну, са мной гэта працуе так: у мяне ёсць парыў нешта пісаць, калі я няшчасны. А калі ў мяне ўсё добра, дык мне няма пра што пісаць. Але мне вельмі падабаюцца людзі, якія могуць што-небудзь прыдумаць, пра што-небудзь расказаць у вершаванай форме. Я не магу.

— А вы самі любіце чытаць? І наколькі ўвогуле вы з беларускай паэзіяй знаёмыя?

— Чытаю я не вельмі шмат. З беларускіх твораў апошняе, што я прачытаў, — перачытваў "Каласы...". На рускай мове я прачытаў "Дзюну", таму што мне фільм спадабаўся, хацелася даведацца, чым там усё скончылася. А так... У мяне не так многа часу, каб пачытаць нешта. Я больш трачу свой час на працу, таму што і праца, і хобі ў мяне таксама распрацоўка, гэта шмат часу займае. А астатні час — каб кудысьці схадзіць, пераключыцца... У Варшаве зараз да халеры беларускіх канцэртаў, да халеры людзей культуры, ёсць беларускія бары, там заўсёды шмат хто тусуецца з беларускіх музыкаў, з "Еўрарадыё" і "Белсата" можна часта пабачыць людзей, пасядзець-паразмаўляць.

— Атрымліваецца, што ваш мабільны дадатак і для вас будзе нейкім адкрыццём.

— Ну, так. Я вельмі шмат спажываю беларускай музыкі, а гэта, па факце, гэта таксама вершы, толькі з музыкай. Ёсць шмат старых вершаў — Караткевіча, Багдановіча, — якія добра пакладзеныя на музыку.

У маім дадатку можна выбраць функцыю "Дасылаць верш кожны дзень". Можна выбраць час, які вам падабаецца, і кожны дзень у гэты час будзе прылятаць нейкі верш. Напрыклад, сёння прыляцеў верш "Павешаным 1863 года". Мне падабаецца, як гэты верш зрабіў Вольскі.

— Што вас натхніла зрабіць менавіта мабільны дадатак і чаму першая версія была для iOS, хаця папулярны больш Android?

— Па-першае, гэта ў Беларусі больш папулярны Android, а ў свеце ў цэлым больш папулярныя iPhone і iOS. А па-другое, гэта мая спецыфіка працы. Я менавіта распрацоўшчык мабільных дадаткаў для "айфонаў", для "андроіда" я не магу распрацоўваць. Звычайна, калі ў мяне ёсць нейкая ідэя, я яе раблю, а потым шукаю, хто змог бы таксама зрабіць для "андроіда".

Даволі вялікі рэзананс у сацыяльных сетках выклікаў гэты дадатак. І ўжо ідзе распрацоўка Android-версіі. Думаю, там увогуле будзе ўсё добра.

— А што натхніла?

— Не ведаю. Я да гэтага рабіў мабільны дадатак "Вершы Якуба Коласа". Сядзелі неяк з калегамі ў кавярні, там была кніга. Я пачаў яе гартаць — там былі вершы нейкага беларускага аўтара. Чытаю адзін верш — ён актуальны для нашых дзён, чытаю другі — ён таксама актуальны. Я падумаў, што трэба рабіць нейкі дадатак з вершамі. Вось так "Вершы" і з’явіліся.

Там быў спачатку толькі адзін аўтар. Зараз у мяне рэсурсны стан, плюс знайшоў трохі часу і вырашыў зрабіць мабільны дадатак з усімі беларускімі аўтарамі. Падаецца, што гэта будзе карысным. Ну і зараз, як я адчуваю, такі пад’ём беларускай культуры, распаўсюджанне беларускай мовы — як мінімум у "Твітары" я назіраю (усміхаецца), — таму кінуў туды твіт: "Калі будзе цікава, я магу зрабіць". Атрымаў вялікую падтрымку, пад 900 лайкаў гэты твіт сабраў, і я вырашыў: калі людзям цікава, дык чаму не?

Недзе за месяц на выхадных я зрабіў.

— Зараз сапраўды, мне падаецца, такі "бум" беларускіх рэсурсаў, асабліва звязаных з культурай. Як думаеце, адкуль гэта?

— Не ведаю, як у астатніх, але мне падабаецца тая думка, што для адраджэння беларускай мовы і культуры больш за ўсё зрабіў Уладзімір Пуцін са сваёй цытатай: "Там, дзе гучыць руская мова, там будзе рускі свет" (смяецца). І я неяк заўважыў, што пачаўся рост кантэнту на Youtube, мае сябры пачалі пераходзіць на беларускую мову, і неяк у Інстаграме нават, калі посціш нешта на беларускай мове, табе рускамоўныя сябры таксама адказваюць па-беларуску. Вельмі цікава. Я адзначыў, што вакол мяне пасля гэтай фразы Пуціна пачаўся нейкі рост.

— Ці сочыце вы за сітуацыяй у Беларусі зараз?

— Я сачу, канешне. Чытаю навіны. Гэта такі сабе экспірыенс...

У Беларусі застаюцца бацькі, сябры таксама застаюцца, хаця амаль усе з’ехалі. Трэба ведаць, што там адбываецца, быць у кантэксце. Канешне, сачу яшчэ за падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне, таму што тут усё звязана.

— Якой вам падаецца зараз Беларусь?

— Як казаў Вольскі, "але для большасці краіны няма". Для мяне Беларусь — гэта турма, "зона": там няма такога паняцця, як закон, ёсць толькі нейкія "паняційныя" рэчы. Нешта там рабіць, нешта ствараць, мне падаецца, немагчыма. Калі ты хочаш самарэалізоўвацца, калі ты хочаш адкрыта выказваць свае думкі, гэта проста небяспечна.

— Як думаеце, гэта калі-небудзь скончыцца?

— Я думаю, што, канешне, скончыцца. Спадзяюся, што прачнуся, прачытаю навіны, што ўсё скончылася — і ўсё, можна вяртацца адбудоўваць.

— Ці збіраецеся вы вяртацца?

— Вяртацца, напэўна, так. А заставацца — гэта ўжо іншае пытанне. Усё залежыць ад таго, колькі часу пройдзе, бо жыццё ўжо будзе ісці тут. Пакуль гэта незразумела. Я тут ужо два гады, і першы час, першыя паўтара года я нічога не хацеў рабіць, ніяк афармляцца, усё думаў, што вось-вось — і трэба будзе вяртацца. Я ўжо не ўпэўнены, што калісьці гэта адбудзецца, аднак усё адно ў гэта веру. Але я ўжо пачаў нешта рабіць: падаўся на часовы побыт, чакаю рашэння па маёй справе.

— То-бок можна сказаць, што адаптацыя прайшла і цяпер больш камфортна звязваць сваё жыццё з іншай краінай?

— Увогуле складана нейкія планы будаваць у цяперашні час. Таму што, ну, жывем і жывем, а там... А там будзем глядзець — у залежнасці ад абставін.

Быў час, калі ўсе думалі пра ядзерную вайну. Але я лічу, што ўсё будзе добра. Пытанне толькі, дзе добра і калі. Дзе наладзіць жыццё, у якой краіне, і за які час зменіцца ў нас нешта. Гэта невядома, але трэба неяк жыць.

— Кім вы сябе адчуваеце ў Польшчы?

— Не ведаю. Адчуваю сябе як у гасцях у добрага сябра.

— Давайце вернемся да вашага дадатка. Раскажыце, як усё працуе? Як аўтар можа аказацца ў "Вершах" і як чытач можа знайсці там гэтага аўтара?

— Асноўная база вершаў была ўзятая з сайта "Родныя вобразы". Вельмі добры сайт, усім раю. Там шмат аўтараў, ёсць не толькі вершы, але і вельмі шмат кніг, з імі можна пазнаёміцца, даведацца пра жыццёвы шлях аўтараў, пазнаёміцца з іх творчасцю. Гэты вось экспірыенс я перанёс у мабільны дадатак, таму што ўсё-ткі тэлефонамі мы карыстаемся значна часцей, чым кампутарамі. Можна чытаць вершы, пакуль ты адпачываеш, а не лезці на нейкі сайт шукаць. Можна націснуць на рандомны верш — мне падаецца, таксама добрая рэч, калі ты не ведаеш, якога аўтара хоча пачытаць. Націскаеш на кнопку — і ў цябе ўжо нешта ёсць: нейкая кропка, з якой ты можаш пачаць знаёмства з творчасцю таго ці іншага аўтара ці ўвогуле з беларускай мовай, з вершамі.

У першай версіі дадатка ёсць ўсе вершы і аўтары з сайта "Родныя вобразы". Зараз ідзе праца па напаўненні дадатка кантэнтам. Я зрабіў тутор, з дапамогай якога можна падрыхтаваць вершы для публікацыі ў дадатку. Непадрыхтаваным людзям ён, магчыма, будзе складаны. Пасля першых водгукаў паспрабую спрасціць гэты працэс

Як можна знаходзіць аўтараў у мабільным дадатку? Тут усё проста. На галоўнай старонцы ёсць спіс аўтараў, можна націснуць, паглядзець — і там будуць усе аўтары, якія ёсць на дадзены момант — у алфавітным парадку. Таксама можна праз пошук знайсці. На галоўнай старонцы ты нешта ўводзіш, і яно шукае адразу і па аўтарах, і па вершах.

— А ці ёсць ужо нейкі фідбэк ад карыстальнікаў?

— Паколькі я рабіў хутка, у мяне было шмат арфаграфічных памылак, было шмат праблем з кантэнтам, бо было сабрана амаль 12 тысяч твораў, і там бываюць розныя нюансы пры парсінгу гэтых твораў з сайта, я перыядычна выпраўляю гэта.

Людзям падабаецца функцыя рандомнага верша, падабаецца мінімалізм. Было шмат прапаноў з тым, каб нехта зачытваў вершы і ў мабільным дадатку можна было націснуць "Паслухаць". Мне падаецца, гэта добрая функцыя, але гэта складана зрабіць. Трэба тады неяк манетызаваць гэты дадатак, а мне хочацца пакінуць яго бясплатным.

— Вось я якраз пад канец хацела спытаць пра далейшыя планы. Ці ёсць план неяк развіваць, паляпшаць і ці збіраліся вы манетызаваць, у рэшце рэшт?

— Манетызаваць — напэўна, не. Ні праз рэкламу, ні праз падпіскі. Я планаваў пакінуць дадатак бясплатным. Па развіцці — гляджу блок напаўнення кантэнтам. Людзі пішуць увесь час нейкія творы, і я планую іх дадаваць раз на месяц.

Зараз ёсць хлопец, які робіць "бота" для "Тэлеграма" і "Твітара", і ён гаварыў, што ў "Твітары" будзе канал, які таксама будзе посціць вершы — раз на дзень ці часцей. Такая калабарацыя атрымалася.

Цяпер ідзе распрацоўка Android-версіі, я думаю, таксама шмат людзей зацікавяцца і спампуюць. З якасцю мабільнага дадатка, мне падаецца, усё будзе добра, бо гэтую версію робіць хлопец, з якім мы рабілі "Лемантар".

Я думаю, што ўсё гэта не змарнаваны час, што гэта патрэбна людзям. Калі глядзець на iOS-версію, то кожны дзень людзі чытаюць недзе па тысячы вершаў ужо — як класікаў, так і сучасных аўтараў. Я лічу што мая праца ўжо зараз прыносіць карысць і спрыяе распаўсюджванню беларускай мовы. Планую і далей займацца праектамі, звязанымі з распаўсюджваннем нашай мовы і культуры.

Стваральнік мабільнага дадатка “Вершы” Дзіёніс Брэк: "Зараз я адчуваю пад’ём беларускай культуры"

Дзіёніс Брэк