А.: Раскажы, калі ласка, як ішла праца над кнігай. Як даўно ты думала яе зрабіць? Як пісаліся і выбіраліся вершы?

Д.: У канцы 2019 года я зразумела, што прыйшла пара неяк дакументальна аформіць свае стасункі з паэзіяй, што цягнуць больш нельга, ды і попыт менавіта на папяровы зборнік быў. У снежні-студзені я папярэдне дамовілася з выдавецтвам "Янушкевіч" і большай часткай каманды, якая працавала над кнігай (рэдактар — Андрэй Хадановіч, карэктар — Ігар Кулікоў, мастачка —Дар’я Кулікова і дызайнерка — Лізавета Дубінчына). І рыхтавала ўвесну запусціць краўдфандынг на платформе "Ulej" (тэксты, дызайн, лоты былі зроблены). У канцы красавіка ў мяне раптоўна памёр бацька, што стала вялікім ударам для мяне і маёй сям’і, таму я выпала з працэсу стварэння кнігі і вярнулася ў больш-менш працоўна-творчы стан улетку, калі "Ulej" ужо заблакавалі. Я стала разглядаць іншыя варыянты друку кнігі, а пасля пачаўся наш бясконцы жнівень — і я ўвогуле адклала ідэю выдання. Вярнулася да яе толькі позняй восенню 2020-га.
Вершы, якія ўвайшлі ў кнігу, я напісала прыкладна з 2014-га па 2021-ы: Андрэй як рэдактар выбіраў тэксты. Я з усімі яго рашэннямі па выключэнні тэкстаў была згодная, таму што ён мог паглядзець на іх збоку, абстрагавацца. Можа быць, адно рашэнне і варта было б аспрэчыць: пасля выхаду кнігі некалькі чалавек запыталі, чаму я не ўключыла тэкст "Падарункі". Хоць гэты верш і занадта рамантычна-слязлівы, неяк ён запаў у душы чытачоў… І мне самой ён падабаецца. Але некалькі чалавек менавіта з літаратурнага асяродку казалі мне, што ён кепскі. Карацей, калі ў мяне калі-небудзь выйдзе "Выбранае", гэты верш там будзе.

А.: А наколькі ўвогуле варта арыентавацца на літаратурны асяродак? У рэшце рэшт, кажучы словамі з твайго верша, усім не дагадзіць (тым больш людзям з літаратурнага асяродку).

Д.: Думаю, слухаць крытыку і рэфлексіі на ўласную творчасць варта, асабліва калі там ёсць канструктыў. Што з гэтага прымяняць — іншае пытанне. Калісьці ў "Беларускім Калегіюме" Валянцін Акудовіч разбіраў мае вершы і сказаў, што я кепска рыфмую (з таго часу я раблю гэта лепей), і параіў мне паспрабаваць сябе ў верлібрах. Я прыслухалася і вельмі яму ўдзячная за гэтую, здавалася б, простую параду ў перыяд маіх творчых пошукаў.

А.: Як з'явілася назва? Слёзы — гэта тэрапія (паплакаць, каб стала лягчэй)?

Д.: Назву прыдумлялі доўга (я ўвогуле такі сабе нэймер). Быў варыянт ад Віталя Рыжкова "Паглядзі на мяне" (Віталь вельмі падтрымліваў мяне на першых кроках стварэння кнігі), пакуль Андрэй не прапанаваў "Слёзы на вецер" (гэта радок з аднаго майго верша). Маментальна ўсе згадзіліся, што гэтая назва максімальна падыходзіць майму зборніку. І пасля ўжо мы пачалі абыгрываць гэтую фразу на вокладцы, малюнках і дызайне. Напэўна, была такая асацыяцыя, што напісаць верш — як паплакаць, каб крыху палягчэла. Але не ва ўсіх выпадках, канешне, у зборніку шмат твораў, якія напісаныя не па такім прынцыпе.




















А.: А як ты ўвогуле ставішся да такога, скажам так, чыста практычнага падыходу да паэзіі — тыпу напісаць, каб стала лягчэй, прачытаць — каб стала лягчэй? Ці пісьмо і паэзія існуюць для нечага іншага?

Д.: Існуюць некалькі падходаў да напісання паэзіі, і ўсе яны маюць месца быць. Можна перажываць нешта і выплюхнуць гэта на паперу за адзін раз, можна выношваць ідэю і нарошчваць на яе радкі месяцамі. Тут галоўнае — вынік, калі атрымаўся годны тэкст, які і табе падабаецца, і ў людзях можа нешта зварухнуць. То якая розніца, як менавіта ён быў напісаны? З узростам, канешне, эмоцыі прытупляюцца (прынамсі, у мяне) і я больш пішу вершы з ідэй. Але ёсць такі няўлоўны момант душы ў вершах — яго нельга акрэсліць… Бываюць такія ладныя тэксты, так усё добра і чотка зарыфмавана, прыдумана, а ўсё адно нечага не хапае. Напэўна, гэта і ёсць талент. А для чаго існуе паэзія, кожны сам вырашае, навошта чытаць яе. Ці не чытаць. Можна знайсці думку, якая круціцца ў галаве, але ніяк не даецца у сфармуляваным выглядзе, можна натхніцца, каб прыступіць да нейкіх дзеянняў, можна зразумець, што ты не адзін і ў іншых ёсць падобныя праблемы, заганы, а можна проста кайфануць ад добра напісанай кнігі.

А.: У першых жа трох вершах — Бог (хтосьці зверху). Што датычна жыцця ўвогуле і нейкага боскага (як мінімум, незямнога) прызначэння паэта або паэткі — наколькі вера ў тваім жыцці важны момант? І як ты зараз разумееш "задуму Сусвету і Бога"?

Д.: Цікава, што такой канцэнтрацыі боскай прысутнасці на пачатку кнігі я сама не заўважыла. У мяне няма канкрэтнага адказу на гэтае пытанне. Я веру ў Бога, што ён есць, альбо космас, альбо Сусвет — то-бок, што ёсць нейкая матэрыя, у якой свае, невядомыя нам мэты. І калі-нікалі нас падштурхоўваюць (ці наадварот, спыняюць) да чагосьці, што можа перашкодзіць рэалізацыі гэтых мэтаў. Але я не фаталістка, не думаю, што кожны крок кожнага чалавека вырашаны. І я не веру ў звышпрызначэнне паэта ці паэткі, я думаю, у такіх людзей ёсць інтуіцыя і вельмі чуйны моўны аппарат. І дзякуючы гэтаму некаторыя з іх могуць натхняць людзей словам.

А.: Што для цябе паэзія? Што паэзія значыць для людзей сёння? Пытанні, вядома, банальныя. Але я бачу ў тваіх вершах ("Проста", "Вергілій") спробу разабрацца ў гэтым пытанні. Мне цікава, ці змагла ты дзякуючы гэтай кнізе знайсці сваё месца і ўпэўніцца, што ты ўжо не пачаткоўца, а паэтка, што ты ўжо не проста чытаеш вершы?

Д.: Я праўда спрабавала разабрацца, што для мяне паэзія, але не ўпэўненая, што ў мяне атрымалася. Магчыма, паэзія — гэта пазіцыя, прыгожа выказаная і здольная натхняць іншых. У вершах "Проста" і "Доктар Вергілій" крыху адчуваецца расчараванне з-за неразумення свайго месца як у літаратуры, так і ў жыцці. Цяпер я прымаю, што паэтка — гэта адна з маіх сацыяльных роляў, важная частка мяне (прынамсі, для самой сябе). Я працягваю проста чытаць вершы, толькі крыху больш упэўнена.

А.: А што ўсё ж такі паспрыяла гэтаму прыняццю сябе як паэткі?

Д.: Я стала больш чытаць паэзіі, знаёміцца з аўтарамі і магла больш адэкватна ацаніць сваю творчасць — прынамсі, у параўнанні з іншай. Прызнанне таксама паспрыяла — добрыя водгукі пра кнігу, згадкі пра яе ў сацсетках, асабістыя рэспекты ад чытачоў і ад калег. Таксама паводле версіі "Радыё Свабода" мая кніга стала найлепшай кнігай паэзіі 2021 года, што было для мяне прыемнай нечаканасцю. Гэта падмацоўвае ўпэўненасць, што я не самазванка.

А.: Мне падаецца вельмі важным той момант, што твае вершы набліжаюцца да музыкі, у прыватнасці — да рэп-культуры. Гэта дастаткова рэдкая з'ява для нашай літаратуры (і культуры). Да таго ж, ты вельмі шчыльна працуеш з музыкамі. Як гэтае супрацоўніцтва ўплывае на тваю паэзію (або наадварот — паэзія ўплывае на тое, што ў выніку атрымліваецца).

Д.: Ты маеш рацыю, і калі паслухаць, як я чытаю, гэтая асаблівасць яшчэ больш акрэсліваецца. Пасля таго, як выйшла кніга, некалькі чалавек, прачытаўшы яе цалкам, сказалі мне пра набліжанасць тэкстаў да рэпа. Думаю, усё з-за таго, што пакуль некаторыя паэты майго ўзросту вучыліся на філфаку, журфаку і чыталі літаратуру, я вучылася ў наргасе, слухала рэп і хадзіла на канцэрты. Але я таксама чытала кнігі, толькі больш хаатычна. Калісьці я сама хацела пісаць і чытаць рэп, спрабавала пісаць рэчытатыў, адзін раз я зачытвала чужы тэкст на сцэне. Мне падаецца, каб стаць рэперкай, мне не хапае нахабнасці і самаўпэўненасці ці, прынамсі, акторскіх скілоў, каб гэта сыграць. Таму я засталася ў камфортным для мяне амплуа паэткі. А пра ўплыў — тут узаемнае пранікненне жанраў адбываецца, якое ўсім карысна: і мне, і музыкам. Некаторыя ў гэтай рытміцы рэчытатыву на паэтычным тэксце бачаць мой уласны стыль — можа, так яно і ёсць.

А.: З кім табе ўжо давялося атрымаць досвед супрацы і што з гэтага атрымалася?

Д.: Распавяду пра некаторыя супрацы: самая свежая — гэта пераклад песні Palina "Месяц" на беларускую мову для праекта "Заспявай", якую яны выканалі разам з Ketevan. Паліна крыху адрэдагавала мой варыянт, і атрымалася, на маё меркаванне, проста пушка, асабліва калі глядзець разам з кліпам. Гэтую працу адзначыў нават Юрый Дудзь! Я была ў шоку! Бязмежна ганаруся нашымі і артыстамі, і рэжысёрамі, і праектам "Заспявай", і сабой крышачку. Яшчэ я вельмі люблю песні Ketevan (Кэці Асраташвілі) на мае тэксты, яна трапна ловіць настрой верша, дадае свайго характару і цудоўна спявае. Так нарадзіліся трэкі "Толькі джаз", "Тваё сола", "Great Again". Падабаецца беларускамоўная версія "Стыцамэна" Івана Дорна, якую заспяваў Uzari на мой пераклад. Рускамоўная песня для Пятра Клюева "Мона Лиза" атрымалася спрэчнай, але гэта быў цікавы досвед. Рабяты з гурта "Дрымон" зрабілі моцную рок-песню "Пяты гудок" нават не ўяўляла, што так можна з маімі тэкстамі. Звычайна, мне падабаецца тое, што робяць музыкі з маімі вершамі, некаторыя пішуць і раяцца наконт вымаўлення ці замены слова альбо радка. І мне падабаецца такі падыход — павагі да аўтара (перакладчыка).

А.: Мне падалося, ці пра каханне ў тваёй кнізе — усё ж такі "добра", а не "ніяк"?

Д.: Самыя цяжкія пытанні для мяне ў інтэрв'ю — пра азначэнне паэзіі і пра каханне. Ніколі не ўмела на іх адказваць. Мяркую, у кнізе лірычная гераіня ўсіх зразумела, усім выбачыла, сваю віну ў пэўных момантах таксама адчула. Мне падаецца, яна перажыла і адпусціла тое, што ёй трэба было адчуць, каб крыху па-іншаму глядзець на стасункі і каханне. А калі разважаць пра якасць вершаў "пра каханне", то гэта не мне судзіць, добрыя яны альбо ніякія.

А.: Як ты думаеш, чаму мы (калі браць, напрыклад, постсавецкую прастору) пакуль не вельмі спраўляемся з прагаворваннем — пачуццяў, жаданняў, учынкаў?

Д.: Гэта ідзе ад папярэдніх пакаленняў і нашай гісторыі. Напрыклад, у пасляваенны час у людзей галоўным было што паесці, дзе жыць, што апрануць, а ўсе астатнія патрэбы — у чымсьці больш высокім па пірамідзе Маслоў — адыходзілі на другі план. У савецкі час рэпрэсій людзі часта баяліся сказаць нешта больш, чым гэта дазваляла кампартыя. Гэты досвед пакаленняў працуе як генетычная памяць, мне падаецца. Але лічу, што мы цяпер на шляху да разумення саміх сябе і сваіх жаданняў.

А.: Адкуль у цябе любоў да французскай мовы і кухні? Да гатавання? Асабліва маючы на ўвазе раздзелы кнігі.

Д.: Пра французаў: я нейкі час вельмі актыўна слухала бельгійскага франкамоўнага спевака Stromae, глядзела кліпы, жывыя канцэрты, мне вельмі падабаюцца яго музыка і смелая падача. І вось у гэты перыяд я напісала два вершы, звязаныя з французскай тэмай. А пра гатаванне: дзесьці ў 2018-2019 годзе я стала заўважаць, што ў мяне ў вершах шмат мастацкіх сродкаў, якія звязаныя з ежай, прадуктамі, і жартам стала падпісвацца ў пабліках і гаварыць на выступах, што мае тэксты — гастранамічныя. І па выніку, калі я думала над раздзеламі кнігі, спынілася на прыёмах ежы — атрымалася паэтычнае меню на цэлы дзень. Але адкуль бярэцца гэтая гастранамія, я сама зразумець не магу. Можа, я проста люблю смачна паесці.

А.: Ці стала лягчэй пасля выдання кнігі? Што памяняла ў тваім жыцці яе з'яўленне?

Д.: Стала лягчэй, безумоўна. Нейкі цяжар абрынуўся з душы: і старыя вершы адпусціла, і адказнасць перад сабой і грамадскасцю зняла. І я стала лепш разумець, як усё працуе ў выдавецкай справе, гэта карысны досвед. Цяпер лягчэй падаваць заяўкі на розныя літпраекты ці рэзідэнцыі — часта ўмовай з'яўляецца наяўнасць хаця б адной выдадзенай кнігі. Нарэшце можна сваякам паказаць, чым ты займаешся, а то бывала складана патлумачыць, навошта я складаю словы ў радкі, дзесьці хаджу-езджу і чытаю гэта ўголас.

А.: Калі мова па шчацэ цячэ, то мова — гэта дождж?

Д.: Мова — гэта слёзы, асабліва беларуская мова.

Мы цяпер на шляху да разумення саміх сябе і сваіх жаданняў

Інтэрв'ю з аўтаркай кнігі "Слёзы на вецер" Дар'яй Бялькевіч
Дар'я Бялькевіч