Наста Кудасава — пра новыя кнігі, жыццё ў іншай краіне і пераклады з удмурцкай мовы


Наста Кудасава — паэтка, якая даўно і цалкам асацыюецца з сучаснай беларускай паэзіяй. Кнігі паэткі выходзяць за мяжой, а сама яна не толькі піша, але і перакладае. У гэтым інтэрв’ю Наста расказвае, як пісала і выдавала кніжкі "Побач" і "Я працягваю", пра прысвячэнні ў кнігах, а таксама як і чаму перакладае з удмурцкай мовы.


А.: Наста, ты ўжо амаль год не жывеш у Беларусі. Апошнія дзве твае кніжкі выйшлі якраз па-за межамі краіны. Мне цікава, як гэта адчуваецца — калі кнігі выходзяць за мяжой, і як яны ўвогуле рыхтуюцца чыста з тэхнічнага боку (ад пошукаў выдавецтва да карэктуры і г. д.)?


Н.: Тое, што кнігі выходзяць за мяжой, звязана, імаверна, не з тым, што я з’ехала, а з тым, што беларускае культурнае жыццё троху ссунулася геаграфічна, пашырылася. Нават калі б я заставалася ў Беларусі, там бы не атрымалася б надрукаваць гэтыя кнігі, на жаль, ужо ніяк. То-бок чыста з тэхнічнага боку акурат ніякіх складанасцей няма: усе тыя людзі, з якімі мы супрацоўнічалі ў Беларусі, цяпер працуюць у Польшчы, Літве, Германіі. Як гэта адчуваецца… Дзіўна, канешне. Часам здаецца, што ўсё гэта сон. Безумоўна, мы ўсе чакаем, што гэта ненадоўга, што хутка штосьці зменіцца і можна будзе вярнуцца дамоў. Але і адкладваць жыццё на потым я не бачу сэнсу. Стараюся працаваць у тых умовах, якія ёсць. Прынамсі, тое, што гэтыя кнігі нарэшце займелі шанец выйсці, прынесла мне вялікую палёгку. Бо ў Беларусі я пачувалася моцна абмежаванай праз тое, што мушу замоўчваць набалелае.


А.: Другое пытанне — пра "перыяд татальнай зняверанасці і расчараванасці ў сабе". Падзяліся, калі ласка, чаму так сталася.


Н.: Мабыць, першыя эмоцыі — злосць, нянавісць, роспач, прага барацьбы і справядлівасці — пачынаюць пераходзіць у апатыю. Мінуў год ад пачатку вайны, і надышла стома, пачуццё, што я нічога не магу змяніць, што мае вершы бессэнсоўныя, раз гэты жах працягваецца. Адчуваю сябе наіўным, рамантычным дурнем, які піша пра святло і ружовых аднарогаў, пакуль вакол мяса, кроў і кішкі.


Да таго ж, моцна цісне пастаянная галеча, я пачуваюся вінаватай перад дзецьмі, што не магу забяспечыць ім нармальнае жыццё. Гады ідуць, а ў нас дагэтуль ні дома, нічога няма свайго, толькі выжыванне з дня ў дзень. Творчасць, на жаль, прыносіць мала фінансавых выгод, але забірае цябе ўсю цалкам. Даводзіцца неяк балансаваць паміж пачуццём віны і верай у важнасць паэзіі, ды апошнім часам і гэтая вера хістаецца.


А.: Твая апошняя кніжка, якая сёлета выйшла ў выдавецтве"hochroth Minsk" дзякуючы намаганням Дзмітрыя Строцава, называецца "Я працягваю". Атрымліваецца, нягледзячы на гэты складаны перыяд, ты, падсвядома ці не, выбіраеш працягваць. У тваім выпадку гэта працяг чаго?


Н.: Так, гэта маніфест найперш для сябе самой — напэўна, каб не згубіць арыенціры канчаткова і не звар’яцець. Гэта радок з верша, у якім Бог звяртаецца да сучаснага Ёва і кпіць, маўляў, ці не надакучыла табе, бедалазе, змагацца ўвесь час, колькі можна верыць у святло, я ж цябе ўжо пашкуматаў і так, і гэтак… І той адказвае Богу, што працягвае верыць, нягледзячы ні на што. То-бок гэтая назва найперш мае наўвеце "я працягваю верыць". Працягваю верыць у вышэйшы замысел. Не магу сказаць, што я такі ўжо адданы вернік у традыцыйным уяўленні, я зусім не царкоўны чалавек, але свет мне заўжды бачыўся створаным паводле нейкага вышэйшага плану, у ім абавязкова мусіць быць сэнс і мэта, не можа быць, каб такі неймаверна складаны і дзівосны арганізм, як наша планета, існаваў выпадкова. І, канешне, працягваю працаваць, працягваю заставацца сабой, ісці наперад — усё гэта таксама пра новую кнігу і яе лірычнага героя. Мне здаецца, сёння ўсе настолькі стомленыя і спустошаныя, што я не мела права трансляваць адзіны толькі боль, хаця ў кнізе яго шмат. Усё-ткі вершы абавязкова павінныя падтрымліваць і натхняць людзей, іначай лепш пісаць у стол, чым сеяць дэпрэсію.


А.: У кнізе шмат прысвячэнняў (дарэчы, як і ў кнізе "Побач") — знаёмым і незнаёмым. Раскажы, чаму яны ёсць і чаму менавіта гэтым людзям?


Н.: Канкрэтныя людзі заўсёды натхняюць больш, чым агульна-філасофскія развагі. Асабістыя гісторыі, асабістыя маленькія подзвігі, такія жывыя, такія неабстрактныя… Думаю, адчуць боль нашага часу будзе прасцей не праз сухія лічбы рэпрэсаваных, а праз вось такія жывыя гісторыі. Дапусцім, верш "Дворнік Чырвонага касцёла" прысвечаны Уладзіславу Завальнюку. Мяне працяла кароткая навіна ў газеце пра тое, што пробашч папрасіў ва ўладаў дазволіць яму быць дворнікам у сваім касцёле, каб хаця б так быць бліжэй да адабранай святыні. Такія ўчынкі робяцца сімваламі эпохі, іх важна фіксаваць, бо з іх ствараецца потым нацыянальная гісторыя народа. Яны падтрымліваюць людзей у цяжкія хвіліны паняверкі.


"Маналог лекара дрэваў" таксама нарадзіўся падчас чытання навінаў, тады ішоў судовы працэс над Сцяпанам Латыпавым. Кароткая рэмарка пра тое, што ягоная прафесія — лячыць дрэвы, — адразу ж увасобілася ў гісторыю. Самі сабою высвяціліся неабходныя сэнсы: дрэву можна дапамагчы, можна вылечыць яго, бо ў самой ягонай прыродзе закладзеная прага святла і росту, а вось чалавеку такое дадзена не кожнаму… Я не магла не запісаць гэтага. Гэтыя гісторыі дало мне само жыццё. Атрымалася паэтычная хроніка падзей 2020-2022 гадоў у асобах.


У кнізе "Побач" многа прысвячэнняў больш асабістых — сябрам, знаёмым ці паэтам, родным па духу. Мне думаецца, што гісторыя твайго жыцця — гэта шэраг яркіх успамінаў, якія ты здолеў зафіксаваць. Як фотаальбом — што ў яго трапіла, тое і запамінаецца найярчэй, а што не трапіла, сыходзіць у нябыт з часам ці скажаецца ў памяці. Гэтыя прысвячэнні — такі фотаальбом, каб назаўжды захаваць менавіта тыя моманты майго жыцця, калі я была шчаслівай і поўнай натхнення, каб з гадамі нішто не сказілася і не паблякла. Гэта гімны сяброўству, любові і ўзаемаразуменню — самым цудоўным судакрананням між людзьмі. Кніга таму і называецца "Побач", гэта кніга памяці і цяпла, яна моцна адрозніваецца па танальнасці ад “Я працягваю”.


А.: Пра кнігу "Побач", якая выйшла ў 2022 годзе. Мне вельмі імпануе такі падыход да стварэння кнігі — калі кніга расказвае гісторыі не толькі праз літары, але і праз іншы візуал. Як вы знайшліся з мастачкай Святланай Сафіяй Дземідовіч? Як паўстаў гэты ваш праект? Якія вершы ўвайшлі ў кнігу і чаму?


Н.: Я даўно хацела зрабіць кнігу, якая будзе больш чым проста зборнікам вершаў. А працы Святланы даўно мяне захаплялі. Да таго ж, я адчувала па рэакцыях у сацыяльных сетках, што і ёй мае вершы даспадобы. Я не адразу адважылася звярнуцца да яе з прапановай, усё прыглядалася, разважала, але так і не ўбачыла ніякага іншага мастака для гэтых вершаў. Думаю, атрымаўся ідэальны тандэм. Мне вельмі падабаецца настрой ейнай графікі, яна мне надзвычай пасуе. Да таго ж, кніга ў такім выглядзе набывае другое вымярэнне, яе можна чытаць цяпер не толькі праз тэксты, а і праз графічныя вобразы, гэта дазволіла мне троху вызваліцца ад дыктату мовы і даверыцца іншаму творцу, іншым мастацкім сродкам.

А.: Я бачу гэтую кнігу як такое прызнанне ў каханні Радзіме, але не як нечаму абстрактнаму, а канкрэтным рэчам: лесу, чароўным звярам, вуліцам і іншаму. Не буду пытаць у цябе, што для цябе значаць Дом і Радзіма, а спытаю, пра што ты найчасцей думаеш з таго, што засталося ў Беларусі?


Н.: Пра лес, вядома ж… Цёплы рагачоўскі лес з верасам і мохам — гай ці сасоннік, такі руды, зялёны, сонечны. У Гдыні я жыву цяпер таксама каля лесу, і я яму ўдзячная, канешне. Але тое букавы лес, цёмны. Букі падобныя да аголеных целаў, стройныя, недатыкальныя, з гладкай змяінай скурай, а я люблю шурпатыя простыя дрэвы. І залатыя сосны люблю. Калі згадваю пра іх, здаецца, Беларусь мне ззяе адтуль. Сумую таксама па блізкіх людзях, якія там засталіся, але пра гэта гаварыць цяжка.


А.: Я даўно хацеў запытаць у цябе вось пра што. Ты маеш непаўторны голас, ты пазнавальная і ў сваім стылі дасягнула неверагодных вяршынь. Ці думала ты пра нейкія паэтычныя эксперыменты: верлібры, дакументальную паэзію? Нешта такое, што б кардынальна адрознівалася ад таго, як ты пішаш зараз.


Н.: Нават калі мне і захацелася б выйсці па-за межы звыклага, я не адчуваю ў сабе дастаткова таленту на гэта. Магчыма, паўстануць нейкія новыя калабарацыі з творцамі іншых палёў. Ужо цяпер да мяне звяртаюцца час ад часу акцёры, музыкі, каб выкарыстаць мае вершы ў сваіх працах, то-бок вершы ідуць сваім шляхам, пераўвасабляюцца. А вось я сама пакуль што, як ні спрабавала, не знаходжу сябе ў іншым амплуа. Мне падабаецца, што я ўмею ўпраўляцца са стыхіяй, якая мне даручаная. І, думаю, развівацца яшчэ ёсць куды, я далёка не на вышыні, таму засяроджваюся на тым, што мне дадзена рабіць добра, лепей буду ісці ўглыбкі, чым ушыр. Але хто ведае, мо з часам сапраўды захочацца сябе здзівіць, заракацца не буду.


А.: Паколькі ты жывеш у Польшчы, ці думала ты пра кнігу на польскай мове? Што б гэта была за кніга?


Н.: Я не ведаю, чым зацікавіць палякаў, калі шчыра. У мяне быў некалі такі ўзнёслы перыяд, калі хацелася быць перакладзенай на розныя мовы свету, каб беларускую паэзію чыталі паўсюль і ведалі пра нас... Цяпер я ўсё больш разумею, што паэзія — гэта нейкая незваротная паглыбленасць у мову, з якой немагчыма выйсці да чужых людзей, толькі да родных. Менавіта таму вершы — з’ява выключна нацыянальная, уцялесненая ў мове народа. Безумоўна, мяне перакладаюць і я перакладаю іншых, бо гэта цікавы выклік самому сабе, але ў глыбіні душы я разумею, што кожны паэт стварае менавіта для свайго народа і па-за межамі роднай мовы не існуе.


Безумоўна, калі хтосьці з польскіх літаратараў мной зацікавіцца і захоча перакласці, мне будзе прыемна. А пачаць пісаць на якой-кольвек іншай мове, апрача беларускай, я, канешне ж, не збіраюся.


А.: Адна з тваіх ідэнтычнасцей — перакладчыца. Прычым перакладаеш ты не з вялікіх моў (у сэнсе колькасці носьбітаў), а з удмурцкай, напрыклад. Чаму гэтая мова і гэтая паэзія?


Н.: Гісторыю маіх стасункаў з удмурцкай мовай я ўжо не аднойчы расказвала. Гэта была рэакцыя на самаспаленне Альберта Разіна, які выйшаў у Іжкары да Дома ўрада з заклікам абараніць родную мову і прынёс сябе ў ахвяру. Я адчула тады пякельны сорам, бо аказалася, што нічога зусім не ведаю пра жыццё каланізаваных народаў у Расіі.

Я не ведала нават, дзе знаходзіцца Удмурція, і раптам выявіла ў сабе імперскую тлустаскурасць, аб якой нават не падазравала, — прытым што ўсё жыццё лічыла сябе змагаркай з вялікарускім шавінізмам. Спачатку я думала проста вучыць гэтую мову, каб падтрымаць яе існаванне, дадаць у статыстыку яшчэ аднаго носьбіта. А потым мяне пачалі захапляць удмурцкія паэты, пакрысе мне захацелася паспрабаваць іх перакласці. Усё-ткі ў лёсах нашых народаў ёсць агульныя старонкі — тыя ж рэпрэсіі 30-х гадоў і іншыя выпрабаванні. То-бок ёсць агульныя тэмы, якія і беларускаму чытачу адгукаюцца. Да таго ж, удмурцкая паэзія вельмі народная, прыродная, вясковая, па форме часта сілаба-танічная. Мне гэта блізка як паэту.


Цікава, што да гэтага я вучыла сабе патроху італьянскую мову і нават не падазравала, што мой свет можа так кардынальна змяніцца аднойчы. Я ж нават думала паступіць на які-небудзь курс італьянскай мовы і заняцца ёю прафесійна. Але неяк усё не складвалася, не атрымлівалася. І толькі пасля таго, як я зацікавілася ўдмурцкай паэзіяй, я зразумела, чым насамрэч я павінна займацца. Вялікія (у сэнсе колькасці носьбітаў) мовы выглядаюць упэўненымі ў сабе, самадастатковымі, важнымі. Я наўрад ці патрэбная ім, бо яны не мусяць штодня змагацца за сваё існаванне. Яны нават не заўважаць, што мяне ў іх прыбавілася. А калі я працую з удмурцкімі вершамі, я разумею, што магу паспець зрабіць штосьці важнае і што для ўдмурцкай літаратуры гэта істотная праца, яна сапраўды штосьці важыць. Праўда, мова гэтая мне дасюль даецца цяжка, гэта абсалютна іншы свет, але тым і захапляльнейшае падарожжа.


А.: Што з паэзіі ты зараз чытаеш? Раскажы пра вершы, якія цябе радуюць, прымушаюць плакаць, грэюць, гояць твае раны.


Н.: Чытаю тое, што бачу ў стужцы Фэйсбука. На жаль, на больш удумлівае чытанне кніг няма ні часу, ні натхнення, ні сіл. Мяне гояць Ірына Еўса, Сяргей Прылуцкі, Герман Лукомнікаў, Вера Паўлава. Усё, што трапляецца па-беларуску апошнім часам, надзвычай грэе і радуе добрым узроўнем. Па-мойму, гэта час росквіту беларускай паэзіі, як ні дзіўна гэта гучыць на фоне падзей, у час якіх мы жывём.


А.: Андрэй Хадановіч уключыў цябе у свой спіс найлепшых сучасных беларускіх паэтак. Што ты адчула і адчуваеш з гэтай нагоды? Можа, з'явілася нейкая адказнасць ці наадварот палёгка?


Н.: Здаецца, гэта быў, хутчэй, спіс новых кніг паэзіі, што нядаўна пабачылі свет, а не прызначэнне на вякі. Таму я б не гаварыла пра гэты спіс з надзвычайным трапятаннем у сэрцы. Але, канешне, я адчула ўдзячнасць Андрэю, найперш. Прыемна, што не абмінуў, заўважыў, прарэкламаваў. Напраўду, любыя топы — з’ява вельмі суб’ектыўная, і я гэта, канешне ж, разумею. У такіх сітуацыях варта захоўваць самаіронію. Бо можна разгубіцца і сябе страціць, калі ўвесь час арыентавацца на пахвалу і прызнанне. Толькі я сама ведаю, ці напоўніцу я працую, ці зрабіла я максімальна ўсё, што магла. Адказнасць адчуваю перад тэкстамі, якія да мяне прыходзяць.


А.: Ну і калі мы ўжо загаварылі пра нейкія топы, то які будзе топ-5 сучасных беларускіх паэтаў/паэтак ад Насты Кудасавай?


Н.: Хай будуць пяць паэтак, паэтаў пакіну для наступнага інтэрв’ю: Антаніна Хатэнка, Марыя Вайцяшонак, Валянціна Аксак, Ліна Казакова, Таня Скарынкіна. Але, зноў-ткі, гэта выключна маё цяперашняе суб’ектыўнае адчуванне. Магчыма, калі ты праз год спытаеш, я назаву іншыя імёны. Вартых паэтаў і паэтак у беларускай літаратуры вельмі шмат, часам нават пісаць нічога не хочацца, як пагляджу, колькі ўсяго добрага робіцца і без мяне.


Пытанні: Артур Камароўскі

Фота Івана Іванчанкі
Беларусь мне ззяе адтуль