Размова з Сяргеем Лескецем пра кнігу "Шэпт”


Кніга “Шэпт” выйшла не тое каб нядаўна, але і зараз карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў і чытачак. Што робіць яе такой запатрабаванай? Чаму людзей цікавіць знахарства? Пра гэта, а таксама пра доўгую працу над кнігай, сумневы, скептыцызм і магію ў жыцці мы пагаварылі з аўтарам кнігі “Шэпт” Сяргеем Лескецем.



— Як даўно вы цікавіцеся фальклорам? І чаму менавіта замовы?

— Фальклорам я цікаўлюся з класы 8-9-й. Я вырас на вёсцы, у атачэнні бабулек. Для мяне гэтая цікаўнасць была нармальнай і лагічнай. Да таго ж, пасля аказалася, што пра гэта яшчэ і кніжкі разумныя пішуць — пра ўсялякіх ваўкалакаў, ведзьмароў. Што датычыць замоў, то, праўда ці не, ужо ніхто не скажа, але замовы адносяцца да самай архаічнай формы фальклору, самай першароднай. Яны з’явіліся, калі не было ні песень, ні казак, ні загадак. Як толькі з’явілася слова — з’явілася і першародная магія слова.

Але мне не столькі былі цікавыя самі замовы, колькі партрэт шаптухі (шаптуна) — як фатографу. Размовы былі ўжо між іншым, мне цікава было пагаварыць з людзьмі, бо я разумеў каштоўнасць гэтага моманту і каштоўнасць гэтых людзей. І неяк пачаў пісаць прадмовы — да кожнага партрэта невялічкі тэкст пра героя. Вось так выпадкова нарадзілася кніжка.

— Колькі вы працавалі над кніжкай і як?

— Працуючы амаль дзесяць гадоў над тэмай, я перыядычна вёў неякія дзённікавыя запісы — каб пазней пераасэнсаваць, правесці пэўныя даследаванні. Бывае, едзеш некалькі гадзін цягніком, табе няма чым заняцца, то сядзіш нешта чытаеш або пішаш. Канешне, з тэкстамі я да кнігі гадоў 15 не працаваў: пачынаў з нейкіх краязнаўчых эсэ, нататак, крыху нават друкаваўся. Так што я ўжо нават думаў, што ніколі не пачну пісаць ізноў.

І вось ты 10 гадоў працуеш, людзі табе расказваюць нейкія гісторыі, якіх у цябе ўжо процьма, збіраеш пэўны багаж. Да таго ж, я паабяцаў бабулькам данесці іх гісторыі. У нейкі момант я проста зразумеў, што, акрамя візуальнай мовы, я магу расказаць іх і тэкстам.

Насамрэч, я атрымаў вялікую палёгку, калі напісаў першы тэкст пра бабку Алену, ключавую сваю гераіню. Выйшла недзе 50-60 старонак на паперы. І калі нарадзіўся тэкст, мне так лёгка стала, што я пра яе напісаў, што гэтую гару інфармацыі паклаў на паперу і цяпер не трэба яе насіць з сабой! Так было і з астатнімі тэкстамі. Калі я скончыў кніжку, то было адчуванне, што я выканаў нейкую місію перад бабулькамі — данёс іх галасы, іх лёсы. Тым больш, што многіх з іх ужо сярод нас няма.

Пры расшыфроўцы запісаў я, канешне, быў дзіка здзіўлены, колькі ўсяго цікавага мы там нагаварылі — некаторыя моманты ўжо былі сцёрліся з памяці. Часам з’яўляўся нейкі цікавы этнаграфічны матэрыял. Гэта пры тым, што размовы былі патрэбныя, каб злавіць унікальнасць моманту, нейкую нотку, каб перадаць яе ў партрэце. Вельмі часта гэта былі проста нейкія статыстычныя дадзеныя — хто, адкуль і г. д. Адмыслова інтэрв’ю для напісання кніжкі я не браў.

Пэўныя нюансы датычыліся гаворак (напрыклад, заходне-палескай) і асаблівасцей маўлення гераінь, сярод якіх былі вельмі старыя жанчыны. Трэба было пасядзець, некалькі разоў пераслухаць, каб увайсці ў рытм гэтай заходне-палескай гаворкі. Таксама вось прыклад — бабулька з Беласточчыны: каб прасцей набіралася і працавалася, трэба было проста насыціцца гэтай гаворкай. Вось і ўсе складанасці.

Працу над кнігай, безумоўна, прытарможвалі падзеі 20-га года. Для мяне кніга сталася пэўнымі лекамі — я мог засяродзіцца, ні пра што не думаць, акунуцца ў той час, калі я яшчэ працаваў, здымаў. Да таго ж, мы ўсе жывём у розных гарадах і мястэчках. Ну і на кожнага і кожную з каманды падзеі таксама паўплывалі: хтосьці не мог займацца карэктурай, хтосьці — рэдактурай. Мне самому ў адзін дзень пісалася, а ў другі — не.
Калі палічыць дні, за якія я напісаў кнігу, то гэта недзе месяц-два. Апошнюю частку я ўвогуле за два дні напісаў — а гэта пятая частка кнігі.

— Ці была ў вас думка прапанаваць нейкаму пісьменніку ці пісьменніцы напісаць кнігу разам?

— Не, такой думкі ў мяне не было. Раскажу пра іншы досвед супрацы. Калі вы паглядзіце на вокладку кнігі, то ўбачыце вільму. Гэта такія ягадкі, іх яшчэ называюць "размарына" (у нас на вёсцы), "ірга". У мяне ёсць сябры — муж і жонка — даўняй марай якіх было стварыць сваё выдавецтва. Проста сядзець на хутары, нешта пісаць, паціху выдаваць — то-бок, задаваць нейкі рытм, працаваць з нон-фікшн. Я, напраўду, нават не ведаў, што пішу. Проста скінуў сябру пачытаць. Пасля ён мне ператэлефанаваў і сказаў, што крута, ці ёсць у мяне яшчэ. А ў мяне тады было 30% напісана. Вось яны мяне і падштурхнулі. Сябар гаварыў: "Давай, такого яшчэ ніхто не рабіў, гэта літаратура факта, у цябе дакументальны матэрыял!"

Я не думаў, што кніга нечага вартая. Для мяне, канешне, яна як дзіця. Але я не ведаў, ці сапраўды яна вартая, каб недзе друкавацца? Падумаў, што напішу, а далей разбяромся.

— Відавочна, што за столькі гадоў у вас назбіралася шмат матэрыялу. Як вы адбіралі тое, што ўвойдзе ў кнігу, а што не?

— Збольшага, у кнігу ўвайшло ўсё. Лёс неяк удала мяне вёў. Я для сябе вызначаў пэўныя катэгорыі знахарства, методыкі, якія я б хацеў паказаць. Ну і аказалася, што ўсе мае гераіні былі па-свойму ўнікальнымі. Бывала, канешне, сустракаліся цікавыя людзі, але расказвалі яны нешта простае, часта паўтараліся. А нешта мне ўвогуле расказвалі не для друку — таямніца павінна застацца таямніцай.

— Як вы можаце патлумачыць папулярнасць "Шэпту"? Людзям патрэбны цуд? Ці гэта нейкае такое вяртанне да каранёў у няпростыя часы?

— Такой рэакцыі я не чакаў. Але ўсе гэтыя "ваў", "крута" і іншае я перажыў падчас працы над праектам, калі лавіў кожны партрэт, калі запісваў нейкія ўнікальныя запісы, калі ўпершыню патрапіў на працэс лекавання — мне ўдалося яго здымаць на камеру, зрабіць пару кадраў. Я тады ляцеў сярод ночы на ровары па полі і тэлефанаваў сваім знаёмым этнографам, хваліўся, што сабраў такі ўнікальны матэрыял. І гэта было сапраўднае шчасце. У тым ліку — па той бок слухаўкі.

Я даволі спакойна рэагаваў і рэагую на гэтую папулярнасць, бо ўспрымаю кнігу як дзіця, якое ўжо даўно нарадзілася і вырасла. Але ў пэўнай ступені такі добры прыём быў нечаканым.
Разумееце, наша знахарства — гэта пэўная частка душы беларуса, нешта таямнічае і містычнае, штосьці чутнае, але невядомае. Як шэпт: чутна, што нешта шэпчацца, нешта мовіцца, але што — невядома. Хутчэй за ўсё, чапляе тое, што кожны з гэтым так ці інакш сутыкаўся, ці іх бацькі. Але сапраўды мала хто ведае, што гэта і як гэта. Тут вельмі шмат домыслаў, выдумак, фантазій, перапляцення праўды з няпраўдай.

Магчыма, гэта нейкі рамантызм — там і цікавыя лёсы гераіняў, і займальныя пакручастыя гісторыі. Таксама шмат з тых, хто прачытаў, кажа, што згадвалі нешта сваё: сваю бабулю, сваё дзяцінства на вёсцы, пахі і гукі, якія ў нейкіх людзей ажывалі рознымі персанажамі.

Кніжка ў пэўнай ступені калязнахарская, яна трошкі лечыць, дае магчымасць адцягнуць увагу ў такі, мякка кажучы, складаны час. Можа быць, у гэтым нейкі эфект кніжкі.

— Вы шмат працуеце з магічным кантэкстам. Ці паўплываў ён на ваша жыццё? І калі так, то што змянілася?

— На пачатку працы я быў скептыкам. Часткова ім і застаюся. Але часам бываюць такія моманты, якія не маюць тлумачэння. Цяжка сказаць. Спачатку ты думаеш: "А, гэта хутчэй за ўсё, плацэба. Усё зразумела". Пасля ты сустракаеш бабулю, якая кажа, што палячыла каня і карову, і там такая хвароба была, што ветэрынар казаў: карову трэба рэзаць. А бабуля схадзіла да нейкай знахаркі — і ўсё стала добра. Я да таго, што плацэба з канём ці каровай не пройдзе. І гэта толькі адзін са шматлікіх падобных выпадкаў.

Дзякуючы праекту я стаў бачыць вачыма чалавека-міфа, чалавека міфапаэтычнай прасторы. Раней я больш рацыянальна глядзеў на некаторыя рэчы. Пад канец праекта многае змянілася. Я пачаў па-іншаму адчуваць прастору, атрымліваць асалоду ад гэтай паэтыкі замоваў, бо яны вельмі вобразныя і паэтычныя.

— Ці лічыце вы, што шаптанне і тыя бабулі і дзядулі, якія шэпчуць, — гэта тое, што знікае? Калі так, то ці ёсць надзея, што гэтая справа будзе жыць?

— Гэтая традыцыя тысячу гадоў пад ціскам. З прыходам хрысціянства яна пачала так ці інакш, умоўна кажучы, знікаць. Натуральна, у грамадстве адбываўся пэўны сінкрэтызм. Беларускае хрысціянства, якое мы маем сёння, — гэта сумесь паганскіх вераванняў і сучаснага хрысціянства. Змянялася і сама традыцыя. Гэта відаць пры параўнанні Заходняй Беларусі (гэта больш акаталічаная частка, з большай шчыльнасцю насельніцтва), і маіх рэгіёнаў — Маладзечыншчыны, Ашмяншчыны, Астравеччыны, Смаргоншчыны. У апошніх у большасці зніклі замоўныя формулы. Архаічных замоваў ужо няма, але захаваўся абрад як дзея. То-бок, ва ўсходніх, больш закрытых рэгіёнах, на Палессі засталіся і словы ад формул: "Палявы гаспадар, палявая гаспадыня, прыйдзіце, забярыце (нейкія хваробы)". Як бачым, нават ёсць паганскія вобразы.
Калі я пачаў гэтым займацца, то я і сам думаў: а дзе шукаць? Хіба ехаць на якое Палессе? Але аказалася, што і тут, у мяне, хапае бабулек: фактычна, палова кніжкі — іх аповеды.

Сапраўды, гэтая традыцыя так ці інакш паволі знікае: дзесьці цалкам, дзесьці — часткова. Але я ўсё ж настроены аптымістычна і думаю, што, як ні круці, традыцыя будзе працягвацца. Чалавечае здароўе, плён у працы, дабрабыт у сям’і — гэта вельмі важныя рэчы. Адно што, з бегам часу гэта будуць ужо крыху іншыя рэчы, але самі замовы існаваць будуць. Толькі не ў тых архаічных формах, у якіх яно было дагэтуль — бабулі, якія лекуюць людзей на вёсцы. Бо, найперш, паловы вёсак ужо няма.

— Ваша выстава ў НЦСМ — гэта пэўная спроба нешта дарасказаць/дапаказаць з дапамогай іншых медыя?

— Гэта ўжо не першая выстава, дарэчы. Найперш, для мяне было важна паказаць выставу тут і цяпер. Магчыма, можна было б і пачакаць: зрабіць гэта ў іншай прасторы, на лепшых прынтах раздрукаваць і г. д. Але я ацаніў усе магчымасці і падумаў, што варта зрабіць гэта цяпер, для тых, хто застаўся, хто імкнецца да гэтай культуры і традыцыі.

Тыя, хто чытаў кнігу, напэўна, заўважылі, што ў ёй вельмі мала фотаздымкаў. Мне не хацелася грувасціць імі папяровую кнігу, я падумаў, што праз колькі гадоў знайду варыянт зрабіць харошы фотаальбом. Але зусім без здымкаў таксама не хацелася рабіць: гэта і такая разынка, і матывацыя дачакацца вялікага фотаальбома. Пэўную ролю фотаальбома зараз якраз выконвае выстава — і вельмі паспяхова: паглядзець прыходзіць вельмі шмат людзей. Увага да выставы мяне таксама здзіўляе і крыху бянтэжыць.

— Ці ёсць у вас нейкая магічная гісторыя, звязаная з кнігай?

— Гісторый процьма, але думаю, што зараз не час іх расказваць. Скажу толькі, што і харошыя людзі з’яўляліся з ніадкуль, якія дапамагалі, і папера, на якой хацелася надрукаваць кнігу. А яшчэ я зараз не магу перачытваць кнігу, бо ўсе гэтыя людзі стаяць у мяне перад вачыма, іх галасы ажываюць. Я чую гэтую кнігу іх галасамі.



Я чую гэтую кнігу іх галасамі
Фота Івана Іванчанкі
Сяргей Лескець