— З асабістага досведу чытання тваіх кніг магу сказаць, што "Песні для мёртвых і ўваскрэслых" — асаблівая: яна чытаецца зусім па-іншаму, чым "Я тоненькая як твае вейкі" і "Эпідэмія ружаў", яна больш блізкая, больш зразумелая. Вядома, што гэта і пытанне да чытача, таксама, але як ты думаеш, з чым гэта можа быць звязана? Ці трэба было "чытачу" дарасці? Ці нейкія змены адбыліся ў табе і тваёй паэзіі?

— Гэтае пытанне апісвае твой асабісты вопыт чытання, таму я не магу сказаць, чаму табе асабіста нешта больш блізкае і зразумелае, чым нешта іншае. Я проста цешуся тым, што ў мяне ёсць такая чытачка, як ты.

— Чаму "песні"? Які сэнс ты закладваеш у гэтае слова?

— Паэтка ідзе за мовай музычным шляхам, ідзе да адкрыцця. Адкрыцця чаго ці каго? Хутчэй за ўсё і важней за ўсё — да адкрыцця самой сябе. Песні ў назве маёй кнігі — нямецкая lied, жанр поліфанічнай песні, у якім вершы пакладзеныя на класічную музыку. Усім вядомыя такія песні Шуберта, Рахманінава. Адзін з ключавых вершаў кнігі — "Антыгоне, Дэпеша" — мае эпіграф, які складаецца з сімфанічных частак. Мне важна, каб чытач зразумеў, што перад ім перформанс, тэатр, гратэск, твар, перакручаны складанымі тэхнікамі дыхання, высокімі і нізкімі нотамі. Я спрачаюся з гэтай формай: мае музычныя вершы — гэта вершы паэткі без музычнага слыху і голасу, мой спеў — не трапляе ў ноты.

Іншы важны для мяне поліфанічны твор — гэта шматгалосая фуга. Першы голас агучвае тэму, затым другі голас паўтарае гэтую тэму, але інакш. Тэма то знікае, то ўваскрашаецца. Мая кніга пабудавана вакол апантанасці пэўнымі вобразамі, апантанасці паўторамі. Паўтор можа суцяшаць (паўторы калыханак), зачароўваць (замовы), нагадваць і настойваць. Таксама паўтор можа стаць клаўстрафобіяй, удушшам, як гэта адбываецца ў вершы Паўля Цэлана "Todesfuge".

Фуга — гэта, у першую чаргу, форма музычнага пошуку. Ранні тып фугі называецца рычэркара, што азначае "шукаць". Паэзія для мяне — гэта форма музычнага пошуку ўнутры сябе.

— Абедзве твае папярэднія беларускамоўныя кнігі паэзіі мелі прадмову або пасляслоўе рэдактара. У гэтым сэнсе "Песні для мёртвых і ўваскрэслых" — цалкам тваё выказванне. Што змянілася?

— Мае папярэднія кнігі — гэта таксама цалкам маё выказванне. Літаратура — гэта дыялог, размова, таму прадмовы, пасляслоўі і водгукі, а таксама пераклад на іншыя мовы — натуральная частка літаратуры. Менавіта такімі размовамі літаратура і жыве. Шчасце, калі нехта піша такое эсэ для вашай кніжкі. Яно не зацяняе аўтарскае выказванне, а наадварот, абуджае яго, уступаючы з ім у размову.

— Я памятаю, як на семінары ў 2017 годзе, дзе мне пашчасціла паўдзельнічаць, ты раіла маладым паэтам і паэткам абстрагавацца ад уласнага "Я", паставіць заслону паміж аўтарам і лірычным героем. Якое месца "Я" займае ў тваіх творах? Якога кшталту гэтае "Я"?

— Я памятаю кантэкст гэтай цытаты. Нехта ныў, што не можа працягваць працаваць над вершам, бо гэта азначае, што прыйдзецца змяняць "як насамрэч было". У паэзіі няма "насамрэч было", ёсць толькі рэальнасць верша, зробленая з мовы, якая раскрываецца перад цярплівым і ўважлівым паэтам пад час учытвання і ўслухвання ў сябе. Трэба даслухацца да здзіўлення, да сораму за тое, да чаго даслухалася. Не "як было", а як ёсць у музыцы мовы. Калі вы ведаеце, як было — не пішыце верш. Пісанне верша — для тых, хто акурат не ведае, для тых, хто хоча зразумець тое, што хаваецца за відавочным. Не трэба кіраваць мовай, трэба даць мове волю, вызваліць мову ад сваёй цемры.

— Адзін з улюбёных тваіх прыёмаў — зварот: "Ты мелеш ерась, Мікола", "Ты не апошняя жанчына, якая гарыць у Рыме, Інгеборг", "Як яе адразалі, Каін?", "Дзе тваё алібі на архівы, на вуліцы, на кватэры, будучыня?" і г. д. Што дае табе такі прыём? Чаму так важна наўпрост назваць таго ці тую, да каго ты звяртаешся?

— Паэзія для мяне — гэта заўсёды зварот, як да іншага, так і да сябе. Жанр звароту — апастрофа — старажытны. Так звяртаюцца да нас старажытныя надмагіллі: "Мінак, спыніся на хвілінку!" У адной са сваіх кніг канадская паэтка Эн Карсан прапаноўвае думку, што надмагілле ёсць крыніцай пісьмовай паэзіі. Гэта вельмі важная для мяне думка.

А дыялог — самая натуральная для мяне форма мыслення. Я размаўляю з паэтамі, з гарадамі, каб у выніку размаўляць з сабою. У рэшце рэшт, я жыву ўдалечыні ад "дому" і адчуваю цесную сувязь паміж досведам дыслакацыі і патрэбай звароту. Гэта зварот на бяспечнай адлегласці. У адрозненне ад іншых форм звароту, апастрофа звяртаецца, але не хоча атрымаць адказ, прынамсі, не хоча пачуць словы ў адказ. Сказаць нешта настолькі поўнае, што адзіны магчымы адказ — маўчанне, гэта інтэнсіўная патрэба верша-зварота.

— Амаль усю прастору кнігі займае мінулае. Ці ёсць у цябе нейкая духоўная сувязь з цяперашняй Беларуссю? І якая яна для цябе — сённяшняя?

Кароткі адказ на гэтае пытанне: у нас ёсць мова толькі для памяці і ў нас зусім няма мовы для рэчаіснасці.

Доўгі адказ: для верша няма паняткаў мінулага і цяперашняга. Паэзія не ёсць ілюстрацыяй для цяперашніх падзей. Паэзія — гэта сон. У гэтым сне часу няма, ёсць толькі інтэнсіўнасць перажывання. Гэта такая інтэнсіўнасць, такое напружанне, што яны дастаюць з нас тое, што нельга даставаць на публіку, тое, што жыве ў цемры чалавека. Гэтаму нас вучыў Чэслаў Мілаш, і я яго ўважліва слухаю.

Я пішу не з Беларусі, і не з ЗША, і не Рыма, а знутры сябе. Пытанне маёй паэзіі: што такое я? Ці ёсць у мяне сувязь з сабою? Адкуль усё гэта ўнутры мяне? Адкуль усё гэта ўнутры маіх блізкіх людзей? Адкуль гэты гнеў, гэтая трывога, гэтая адзінота, гэтая моц, гэтае пачуццё страты? Гэтыя пытанні і ёсць маёй сувяззю з месцам і людзьмі, якія сфармавалі мяне, які пачалі фармаваць мяне яшчэ да майго нараджэння.


— У кожнага з нас недзе ёсць сваё "месца сілы". Якое яно ў цябе? І ці ёсць у сённяшняй разгромленай Беларусі "тваё" месца?

— Так, я вельмі шчаслівы чалавек, бо маё жыццё прынесла і прыносіць найпрыгажэйшыя сустрэчы з людзьмі, месцамі і гісторыямі. Маё месца сілы — ува мне, у маёй любові да жыцця, да людзей, якіх мне пашчаслівілася сустрэць, да вокнаў дамоў, да батанічных садоў, да музыкі, да радкоў любімых вершаў, якія даюць мне асалоду формы, а таксама завер, што словы ёсць, што іх можна знайсці.

— У адным са сваіх ранейшых інтэрв’ю ты сказала, што хацела, каб "Песні..." выйшлі ў новай Беларусі. "Новай" Беларусі не здарылася, але кніга ёсць. Ці верыш ты ў магчымасць чагосьці новага, іншага тут?

— Такія рэчы кажуць, каб скончыць інтэрв’ю на "пазітыўнай ноце". А вера, звычайна, памірае апошняй.

— Чаму мёртвыя, а не жывыя? З гледзішча цяперашніх рэалій, ці мае сэнс для паэта зварот да жывых?

— Не.

— Як і многія мае калегі зараз, я вучуся зжывацца з дадзенасцю, што паэт не ваяр. Ці ёсць месца паэзіі на вайне?

— Паэзіі ёсць месца ўсюды, дзе чалавек устае сярод ночы і пытае сама сябе: "Няўжо гэта я? Няўжо гэта маё жыццё?" Гэтае пытанне і ёсць паэзія.


"Песні для мёртвых і ўваскрэслых" — трэцяя паэтычная кніга Вальжыны Морт. Вясной 2022 года яна выйшла ў выдавецтве "Пфляўмбаўм". Кніга ўпершыню з'явілася на англійскай мове ў 2020 годзе і атрымала міжнародную прэмію паэзіі Грыфін (Griffin Poetry Prize). "Нью-Ёрк Таймс" ўключылі яе ў спіс лепшых паэтычных кніг года. У 2021-м кніга выйшла ў нямецкім і шведскім перакладах. Вальжына Морт зараз знаходзіцца на мастацкай стыпендыі ў Амерыканскай акадэміі ў Рыме.

Вальжына Морт: У нас ёсць мова толькі для памяці і зусім няма мовы для рэчаіснасці
Нядаўна ў жаночай выдавецкай ініцыятыве “Пфляўмбаўм” выйшла кніга паэзіі Вальжыны Морт "Песні для мёртвых і ўваскрэслых”. Пра новую кнігу, пра паэзію і пра тое, ці ёсць месца паэту на вайне, Вальжына расказала нам у гэтым інтэрв’ю.