Блізкаму

Мне праз тлум і гоманы сталіцы
За шырокай даллю палявой
Часта зданню прад вачмі мігціцца
Нечакана — блізкі вобраз твой.

Недзе там, дзе шолахі і ветры,
Дзе кастрычнік вольхі абгаліў,
Можа, пішаш гарадскім паэтам
Просты, шчыры і адданы ліст.

Выкладаеш сціслы свой жыццёпіс:
«Быў пастух... Калгаснікам цяпер...
Дасылаю ў вашую часопісь
Свой другі — апрацаваны верш».

...За акном маім шуміць сталіца.
Дружа мой! За даллю палявой
Многа вас, нязведаных, таіцца —
Вось таму так блізкі вобраз твой.

Веру я, што здзейсніцца твой вырак,
Поле песні трэба шмат араць...
Прынясеш калісьці ў вершах шчырасць,
Паслядоўнік, нашчадак і брат.

Ці пачуеш ты мой голас ветлы?
Недзе там, сярод пажатых ніў,
Ходзяць ветры і гуляюць ветры
І кастрычнік вольхі абгаліў.


Ты помніш

Зм.Астапенку
Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, —
І над табой, і нада мной..

Драты дрыжалі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сніў,
І рысы даўняга сабора
Так чотка млелі ў вышыні.

Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць...
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць...
Любіць і жыць.

І мы жылі... І мы любілі...
І неслі прагу і любоў...
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў...

Жыццё далей нас весці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І мужнай сталасці жаданні
На нас пячатку пакладуць.

А ўжо не вернецца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі —
І над табой, і нада мной.


***

Даверлівы — зусім не скептык —
Ўсяму я веру, ўсё цаню...
Як толькі ноч накіне кепку,
Лаўлю і шум, і цішыню...

Мне ўсё тут люба...
Ўсё знаёма —
Будынка даўняга фасад...
Ў забытым садзе — патаёма
Так хітра сплеценых прысад...

Завулкаў ціш і вуліц шумы,
Недатыкальнай сіні гладзь,
І гэты дом, і сіні нумар
На ім:
16/45.