РЫТМЫ СНЯГОЎ

Яўген Кунцэвіч

[калядныя строфы]

0

бог не ўсемагутны і справядлівы
ён пісаў заўжды ў чарнавыя сшыткі
і ва ўсіх сусветах адначасова
ладзіў каляды

1...

Барысу Пастарнаку

на каляды к сыну ўсямоглы крочыць
бэтлеемскай зоркі пажар сусветны
забірае ўвагу людзей пакуль ён
сцэну рыхтуе

тут смакоўніцу без пладоў пакіне
там хваробу лазара (не да смерці)
прыадчыніць дзверы ў хаціне сёстраў
марты й марыі

сын яшчэ не ведае свайго лёсу
і ў калысцы грэецца смехатлівы
а язэп з Марыяй яму чытаюць
кнігі сібілаў

прымеш хрост і будзеш укрыжаваны
і тры дні ў пячоры ляжацьмеш потым
і ўваскрэснеш ты праз сваё каханне
да Магдалены

цудатворства творчасць і ўнебаўзятасць
не прыметы божага блаславення
але хто пяшчоту пакінуў свету
робіцца богам

2...

Змітраку Бядулю

на каляды к сыну ўсямоглы крочыць
ледзь перастаўляе старыя ногі
і нацешыцца ўсё не можа з думкі:
сын нарадзіўся...

... з мудрацамі сын размаўляў нароўні
... легіён нячысцікаў перанішчыў
... вырас мой сыночак вялікім цудам
многіх суцешыў

бог прыйшоў да сына па суцяшэнне
атрымаў насмешку й чырвоны сорам
увушшу забілася кроў нягучна:
хто ты старэча?

выйдзе з кухні пётар і моўчкі богу
суне грошай звонкі калядны клунак
лясне клямкай ціха і за дзвярыма
бразне ключамі

і заплача свет — бог — прырода — неба
і замрэ стары над пустэльняй волкай
не заваўжыўшы як упалі долу
трыццаць манетак

n+1.

Ісусу Хрысту

на каляды к сыну ўсямоглы крочыць
падарункаў безліч хрысту рыхтуе
запаліўшы зорку на ўсе нябёсы
свечкай на торце

немаўлятку сняцца аслы й вярблюды
скарбы ўжо ў дарозе й пакуты блізка
— ойча, што за кубачак незаўважны
між падарункаў?

— спі спакойна сыне мінуе чара
самі хай ратуюць жывыя душы
ад грахоў сябе і смяротнай долі
спі мой сусвеце

ты звычайным хлопчыкам пасталееш
ты зямлі не зменіш і ўсіх не збавіш
але будзеш чухаць авечкам вушы
зорачы ў неба

і маёй правіцай заўсёды будзеш
праўда шлях жыццё альфа і амега
загадай жаданне й падзьмі на зорку —
з днём нараджэння


Ілля Кульбіцкі

МІСТЭРЫЯ

Ногі ды колы робяць са снегу глей.
Ганна-карэніна ўжо разліла алей.
Скрыня ў вітрыне нема вярзе лухту.
Здані з пустэчы шыбуюць у пустату.

Нейкі дзівак з драбінаю між людзей
Крочыць адзін, без думак і без надзей.
Збочыў у двор, праверыў: "хваста" няма —
І прыстаўляе драбіну да жоўтых хмар.

Чорныя ў сініх трунах пільнуюць ноч.
Бразгат іржавай зброі паўзе наўзбоч.
Гэты ж, прыступкі лічачы ў галаве,
Лезе ў вышы́ні, дзе буравей раве.

…Выняў з кішэні. Ашчадна садзьмуўшы пыл,
Вешае зорку проста на небасхіл —
Каб азарыла бляскам зямлю згары,
Шлях адкрываючы новы для зор старых.

Долам, дзе дым агортвае ліхтары,
Едуць чатыры вершнікі, а не тры.
Плача ў хляве дзіцятка — а ён пачуў:
"Памятай: помста — мая́, і Я адплачу".


Ганна Янкута

***
Агрэгатны стан свету мяняецца,
вада ледзянее на вачах,
і я бяру з яе прыклад,
а скавыш шапоча штосьці на вуха,
я стаю ля акна і сачу за тым,
што дзеецца вонкі,
бачу, як з дробных сняжынак
збіраецца завіруха,
гляджу на яе рассеяна,
не верачы ні ў якія абяцанкі,
што белае палатно,
пад нагамі рассцелецца
і павядзе ў неруш
сляды мае множыць,
мне б адно назіраць з-за фіранкі,
вачэй не адводзячы,
як свет чарговы раз
перастройваецца
з восеньскага ў зімовы —
столькі ў ім дзеецца,
на што я не маю ўплыву,
як на надвор'е,
хай робіць што хоча —
да знямогі,
а хоць да магілы.
Што там ізноў? Сонца
снег растапіла.


opus ipsum

***
у дзяцінстве-юнацтве
я жыў праз паркан ад фабрычнай гатэльні
а там штосуботу была завядзёнка
бюджэтна спраўлялі вяселлі
і часам хаўтуры

таму штосуботу амаль рэгулярна
мне шчасціла мець пад вакном
персанальны салют
кананадай, што праўда, не гучны
усё-ткі вяселлі гудзелі адносна бюджэтна
/хаўтуры, між іншым, таксама/

як пасталеў, дык быў пераехаў
абжыўся пад бокам вайсковага стрэльбішча
да палігона бадай якіх пару км
але што тыя пару км
нармалёваму гранатамёту

прызнацца, я сам штоаўторак
уначы сатрасаў навакольныя шыбы
бадзёрымі "плі"
каб краіна з плакату пад белымі крыламі
спала спакойна

сёння нг, і пад вокнамі зноў
феерверкі, салюты і выбухі
як табе больш даспадобы
у два-тры-тры-чатыры
альбо ў чатыры нулі

тут галоўнае — здуру не зблытаць
сваіх салідарных з п’яным абыякавым быдлам
бо сам бы наўрад ці даў рады
адрозніць з-за кратаў
/у адзіночцы гадзіннік забралі са старту
напэўна, на шчасце/

урэшце я мірны жыхар
а вінтоўку, прыцэл і мяне заадное
спісалі, і дзякуй
адно толькі фраза "націснуць курок"
мімаволі раз-пораз спрацоўвае трыгерам

д’ябал бяры, каб не тых пару келіхаў
можна было б замарочыцца рыфмамі
глупства, канешне
якое нармальнае свята без добрага келіху
і феерверкаў

раптам у тлуме святочным
каму не пазычыў шчасця-здароўя-здзяйсненняў
вы на мяне не крыўдуйце — я верую шчыра
што ўсё у вас спраўдзіцца чынам належным
і без маіх афірмацый

ранішні шчыльны туман
ахінае краіну вільготнымі белымі крыламі
ля перакуленай урны кот аднавокі
дзярбаніць пакет недаедкаў, нібы беснаваты

віншую са святам
кур'ераў, таксістаў, касіраў у крамах
медперсанал на дзяжурстве
/асобна — усіх траўматолагаў/
дзедамарозаў, бармэнаў
кіроўцаў на фурах у чарзе ля мяжы
і бамжоў, што нарэшце паспяць у апорніку

во, ледзь не забыўся
таксама віншую дворнікаў.


Яна Явіч

***
Будзе цемра, імжа.
Будуць цені ляжаць
На падлозе пад знакам ікс.
Боляў болей няма,
Бо вядзьмарка зіма
Паглынула цябе і іх.

Ты наўкола зірнеш.
Ні прасторы, ні меж...
Бачыш, неба глядзіць на свет.
Напішы на крыві
Толькі слова "жыві",
Толькі выканай запавет.

Гэта смутак і золь,
Гэта горыч і соль,
Што застылі на вуснах сном.
Ранак — мёртвай імглой,
Золак — чорнай смалой,
А ў люстэрку — ці троль, ці гном…

І не троль, і не гном —
П'еш натхненне нагбом
Пад паглядамі навальніц.
А калі разаб'еш —
Слёзы выльюцца ў верш
На аскепках чужых крыніц.
Давядзецца наноў
Слухаць рытмы снягоў —
Мара стане ідэяй-фікс.
Змрок і цемра. Крыжы.
Сэрца ветру ляжыць
На падлозе пад знакам ікс.


Аляксей Арцёмаў

АДНА НОЧ У СНЕЖНІ

Загрукала сэрца. Я сцішана слухаю,
Як вецер пяе. У пакоі задуха — і
Не верыцца мне, што за шыбамі снег.
Ты дрэмлеш, чаканая, мілая, блізкая.
Праменьчык світання зімовага бліскае
І ціха кладзецца на вейкі ўва сне.

Ты з болем пранізлівым добра знаёмая…
Забудзь! Гладжу зноў валасы пакрыёма я,
Кранаюся цёплай пяшчотнай рукі.
Не спудзіць бы сон твой, яшчэ ён не страчаны.
Гадзіна яшчэ… І абдымкі гарачыя…
Хай будуць праклятыя ўсе цягнікі!

Чакае таксі, а будыніны шэрыя
Пад снегам маўчаць. У найлепшае веру я —
Трывогі закончацца, як халады,
Ты вернешся (шчасце аднойчы вяртаецца),
Святлом ахіне нас вясновая раніца
І боль твой растане. Ужо назаўжды.


Юлія Атрашкевіч

ВІГІЛІЯ

Вігілія. Шпіталь.
Усе чакаюць на нараджэнне дзіцяці.
Хтосці Божага. Хтосці свайго.
Ты чакаеш на аборт.
Табе сказалі: "Ён нежывы".
Ты прамаўчала.
Ён не пражыве свае 33 гады.
Ты таксама яшчэ не пражыла,
А ўжо носіш у сабе смерць.
Але набліжаецца Свята.
Дома чакае сужонак і сын.
Сябры тэлефануюць і запрашаюць на гуся.
Ты не плачаш. Ты прагнеш да дому:
Запаліць ліхтарыкі, з’есці вячэру,
І каб было як раней, у дзяцінстве,
Дзе ўсе нараджаюцца.


Фэст аднаго верша-2021