МЕДУЗА І
Дакранулася да сваёй шчакі. Сухая. Ушчыкнула яе — скура патрэскалася. Распаўзлася па твары, як тэктанічныя пліты, якія разнеслі мацерыкі па канцах свету,

а ў разломах

я пазбавілася міласэрнасці

а ў разломах

я больш не лічу ўсіх людзей людзьмі

а ў разломах

затоеная прага помсты

а ў разломах паміж плітамі чарната.

Паглядзела з люстэрка на свой твар. Правае вока глядзела ў правае вока. Левае вока глядзела ў левае вока.

Правае вока рэзала правае вока. Левае вока рэзала левае вока.

Правая рука церла правае вока. Левая рука церла левае вока.

Лінзы выпалі.

Упалі на брудную падлогу. Падлогу даўно не мылі (а ці мылі ўвогуле?). Па ёй тапталіся скуранымі тапкамі з нумарам 309, зімовымі ботамі, берцамі, затхлымі босымі нагамі. На ёй валяліся бруд і пясок, трупікі мух і блох, цвілая каша, лускі чужой скуры, валасы, пот, кроў і выбітыя зубы, спарахнелыя рэшткі чалавечай жыццядзейнасці.

Лінзы цяпер як падлога.

Я ўставіла правую лінзу ў правае вока. Левую лінзу ў левае вока. Цяпер у маіх вачах — бруд і пясок, трупікі мух і блох, цвілая каша, лускі чужой скуры, валасы, пот, кроў і выбітыя зубы, спарахнелыя рэшткі чалавечай жыццядзейнасці.


Я хацела, каб вочы болей не бачылі. Але яны бачылі.

Цемра не наступала. Ноч не прыходзіла. Прыцемак не хаваў у сабе рэчаіснасць.

Ноч для тых, хто можа сабе дазволіць забыцца.



МЕДУЗА ІІ
Класна, напэўна, быць героем? Якое гэта пачуццё — выйсці з бою пераможцам? Трымаць галаву ворага ў руцэ як трафей, смяяцца слабейшым у твар, браць сваё?

А табе было страшна, я ведаю. Я чула твой пах поту, я была побач, у чэраве маці, спала на хвалях яе акіяна. Але ты так смярдзеў ад страху, што я прачнулася. Думаеш, ты патрапіў на востраў незаўважаным? Ты проста не чуў, як ты смуродзіў. Нават камяні адварочваліся ад цябе, пакуль ты да яе ішоў. І яна не спала. Яна чакала. Ужо ведала пра здраду багоў, але спадзявалася на літасць.

Герой не мусіць быць літасцівым.

А што ты зрабіў гераічнага? Пайшоў вяртаць сваё абражанае самалюбства за кошт слабых і нявінных. Ці табе сказалі забіць — ты пайшоў і забіў? Няважна каго — загад ёсць загад? Тым болей, калі заўжды можна прыкрыцца заступнікамі. Што складанага ў подзвігу, калі твой зад прыкрываюць Афіна і Гермес? Думаеш, калі ты сын Зеўса — табе ўсё можна?

Цябе малююць прыгожым у момант забойства. Але гэта ўсё хлусня. Я ж была там, я бачыла. Вочы твае бегалі з кута ў кут, як мітусіцца зайчаня, што згубіла ўваход у нару, а над ім кружляе каршак з гатовымі да ўдару кіпцямі. Нос твой пачырванеў ад напружання, артэрыі на яго крылах лопнулі, кроў хлынула пад скуру, ператвараючы ноздры ў сінюшную жабу. Валасы аблезлі, а тыя, што засталіся – жаласна ліплі адзін да аднаго. Вусны крывіліся і выгіналіся пад языком, які вылез з рота і цёрся аб зубы, аб шчокі, ласціўся як шчанюк, прасіў адступіць, прасіў вярнуцца назад. Рукі так учапіліся ў зброю, што скура пад пазногцямі трэснула і адтуль пацяклі струменьчыкі гною. Усё гэта смярдзела страхам на кіламетры. Нават багі заткнулі насы, пакуль глядзелі, як ты краўся да маёй маці, якая спала.

Вось такі ты герой, Персей.



МЕДУЗА І
Мне не давалі збавення. Не давалі спачыну. Не давалі ночы.

Вочы мае вочы.

Святло паблякла, але не згасла. Занадта цёмна для дня, занадта светла для ночы. Вочы мае вочы. Які цяпер час?

Святло б’е праз тонкую скуру павек. Забіраецца ў вачніцы і выцясняе адтуль вочы мае вочы пухнуць. Выпускаю вочы мае вочы шукаць цемры. Можа, калі яе няма знутры, яна ёсць звонку?

Колькі прайшло дзён? Больш ніколі не заплюшчу вочы мае вочы будуць заўжды глядзець, вялікія, белыя, пукатыя, абязцемраныя вочы.

Мае вочы.



МЕДУЗА ІІІ
Выйшла з аптэкі. Было нешта млосна, трасца. Дастала ваду, запіваю таблетку, гляджу на неба.

З неба на мяне глядзіць змяя. Апляла медны келіх і пазірае з яго. Жмурыць вочы. Ці то ад неону, ці то ад хітрасці. "П’еш маю атруту?" — нібы пытаецца ў мяне.

"П’ю, канешне. Пачаставаць?"

Падліваю ёй у келіх вады. Цяпер я твая Гігея, што паіла тваіх продкаў вадой і карміла з рукі. Усё ж такі мы сёстры, у нас адна прамаці, адна кроў.

Асклепію, бацьку Гігеі, моцна пашанцавала: хто ён без крыві Гаргоны? Але ж не згрэбаваў, прыняў ад Афіны два келіхі з крывёю забітай жанчыны. Нармальны такі падаруначак, чаму б і не скарыстацца чыімсьці забойствам? Ладна калі б на донарства, але ж ён дзеля славы…

Кроў, што цякла з левай часткі Медузы, несла смерць, кроў з правай часткі ацаляла хворых і вяртала жыццё памерлым.
Цікава, змяя, з якіх кропель нарадзілася ты?

Авідзій, гэты драма-квін, канешне, усё апошліў. Роды Медузы недастаткова эстэтычныя, каб патрапіць у антычную трагедыю. Прасцей прыдумаць, што з адрубленай галавы вылецеў конь і выскачыў велікан, чым прызнаць, што ўсе мы, і багі, і людзі, праходзім праз адны і тыя ж радавыя шляхі.

Медуза нараджала дачку.

Персей забіваў парадзіху.



МЕДУЗА І

Дом мой дамавіна.

Каменнае жалеза жалезны камень.

Хацела ляжаць у ім як ненароджаная, падцягнуўшы ногі ў абдоймы рук.

Але нізкая столь біла мае рукі сваім каменным жалезам, дзіравая падлога калола мяне сваімі жалезнымі камянямі. Я ўжо народжаная і мушу ляжаць роўна. Выпрастай ногі, выцягні рукі, глядзі белымі вачыма ў святло.

Хадзіла там, дзе мне можна хадзіць. Білася аб вострыя вуглы, слупы, пруты.

Бля ха.

Бля шаныя камяні каменная бля ха.

сінякі на нагах сінякі на руках спіне
мяне не білі не

Сама напаролася.

Эпітэлій чарнее, грубее, блішчыць наростамі. Гладжу свае ногі — гладкія. Лашчу свае рукі — лушчацца. Змяіным узорам выгінаецца спіна. Болей не буду сінець ад суму, буду зіхацець ад злосці.



МЕДУЗА ІІ

Не спіцца, Пасейдон?

Я ведаю твой самы страшны кашмар.

Раз на год табе сніцца, што на бераг мора выходзіць Медуза. Быццам бы тая ж самая, якую ты калісьці прагнуў, толькі іншая.
Медуза Гаргона прабівае атрутным позіркам тоўшчу вады і дацягваецца да твайго ложка, занырвае пад павейкі і прабіраецца ў твой сон. І там, ува сне, ты сустракаешся з ёю позіркам. І слупянееш. І болей ужо ніколі не прачынаешся.

Але пакуль што ты прачынаешся.

Пакуль што.

На раніцу адганяеш ад сябе сон як нешта немагчымае. Такое не можа здарыцца, пакуль за табой улада. А яна пакуль што за табой.

Унутры сябе ты часам думаеш: а што калі ўлада больш не будзе на тваім баку? Гэта што, давядзецца адказваць за ўсе свае грашкі-грашочкі? Можа, ужо не будзе каму прад’явіць табе рахунак?

Будзе. Медуза нарадзіла дачку, якая нарадзіла дачку, якая нарадзіла дачку, якая…

Аднойчы на бераг мора выйдзе Медуза — плод тваёй усёдазволенасці — і ўсё сабе дазволіць.

Спі спакойна, дарагі Пасейдон.



МЕДУЗА ІІІ

Джозэф Кэмпбэл вучыць нас, што ў сваім падарожжы архетыпічны герой мусіць перамагчы самую страшную сваю пачвару. Авідзій, а што за пачвару ты выбраў свайму герою?

Медуза Гаргона была ад нараджэння прыгожай дзяўчынай.

Тонкі твар, ямачкі на шчоках, гладкія валасы. Нядрэнная быццам бы гераіня? Але ёсць праблемка: яна абрала стаць святарыняй, абрала быць дзейнай, абрала заставацца адной.

Ніпаложана: такая прыгажосць задарма прападае.

Ну ладна, станоўчай гераіні не атрымалася – зробім адмоўную. Хай яе згвалціць Пасейдон у храме Афіны. Хай Афіна павесіць усю віну на яе. Вось і ўвесь рэцэпт, як атрымаць з жанчыны пачвару. Больш інгрэдыентаў не спатрэбілася.

Згвалчаная і скалечаная, яна разам са сваімі сёстрамі ўцякае на далёкі закінуты востраў на ўскрайку сусвету. Каб болей не сутыкацца з людзьмі. Сядзіць сабе на тым востраве, нікога не чапае. Хай бы і сядзела. Чаму тады ўвесь востраў усыпаны аслупянелымі героямі? Яны там проста міма праходзілі?

Вось такую мэту, Авідзій, ты выбраў для свайго героя. Што можа быць страшней за жанчыну, якая тоіць у сабе нянавісць?


МЕДУЗА І

Востраў мой населены каменнымі балванамі. Балваны думаюць, што яны за дабро, што яны дзеля іншых, што яны маюць права, што яны гэта

з літасці

злітуйцеся






і я не злітуюся.

Востраў мой населены бля шанымі балванкамі. Звонкія звонку. Падгулялыя знутры. Можа, яны яшчэ не зусім сапсаваліся? Можа, унутры яшчэ засталося нешта жывое? Хаця б унутры, бо звонку яны пакідаюць пасля сябе толькі бля. Растапталі сваімі ботамі агарод. Залілі сваёй жоўцю сад. Распалохалі сваім гырканнем звяроў. Абступілі дамавіну, стаяць слупамі — кроку не ступіць, ружу не пасадзіць.

Буду грызці сваіх балваноў, пакуль не ўбачу за імі сонца.

Ашчэрыла рот, выскаліла

клык

клык

клык

Ашчэрыла рот, выскаліла

клык — доўгі, востры, вепручыны. Ем бля шаны хлеб. З’ем і бля.



МЕДУЗА ІІІ

Будзеш прыгожай — будуць імкнуцца цябе згвалціць.

Будзеш страшнай — будуць імкнуцца цябе забіць.

Прыгажосці наканавана быць слабай. Тонкая прыгажосць. Крохкая прыгажосць. Цнатлівая прыгажосць. Вытанчаная прыгажосць. Пяшчотная прыгажосць. Задуменная прыгажосць. Кранальная прыгажосць.

Авідзій кажа, што Медузу пакарала Афіна, "каб грэх не застаўся без кары". Медуза шукала паратунку ў храме Афіны ад нападу Пасейдона. Але паратунку там не знайшла. Злачынства супраць жанчыны апаганіла месца, дзе яно было здзейсненае. За гэта багіня мудрасці пакарала Медузу выродлівасцю. А Пасейдона не пакарала, бог яму суддзя. Лагічна? Для Авідзія ўсё лагічна.

Сучасныя інтэрпрэтатаркі гэтага міфа маюць іншую версію: Афіна ператварыла Медузу ў пачвару не каб пакараць, а каб уратаваць. Надала ёй страшны выгляд і смертаносны позірк, каб больш ніхто не смеў да яе падысці, а калі хто асмеліцца — каб пашкадаваў аб гэтым. Медуза карысталася сваёй сілай, абараняла сябе, пакуль багі ёй не здрадзілі.

Але ў мяне ёсць свая версія. Медуза Гаргона, тонкая і крохкая, сама вырашыла стаць пачварай. Тонкія і крохкія не жывуць у гэтым свеце, іх хутка ламаюць на забаву іншым.

Не зламаеце.

адрошчваю клыкі

грублю скуру

прыручаю змей

гляджу вам проста ў вочы, без страху і літасці

гляджу на вас позіркам, які вы не можаце вытрымаць

позіркам, у якім адлюстроўваецеся вы самі

баіцеся саміх сябе?

А я вас ужо не — не баюся.



МЕДУЗА І

Стаяла пад дрэвам, расплятала косы.

Засохла ігліца на дрэве. Успыхнула агнём галлё. Ці то маланка ўдарыла, ці то паходня падпаліла. Гарыць.

Стаяла пад дрэвам, расплятала косы. Яны больш не патрэбныя. Падалі іскры з дрэва. Падпальвалі валоссе. Пакідалі па сабе языкі. Пякучыя языкі.

Стаяла пад дрэвам, карміла языкі. Карміла нянавісцю і халодным мясам. Языкі сыкалі і віліся, запаўзалі ў раты гадзюкам. Гадзюкі вырасталі замест спаленых валасоў — яны не баяцца ні агню, ні маланак, ні паходняў. Яны самі — агонь, маланкі, паходні. Што мне цяпер зробіце?

Гадаўё.

Стаяла пад дрэвам, глядзела на гадаўё. Глядзела, як губляюць яны чалавечае аблічча. Як камянеюць іх гадскія сэрцы, як пакрываецца бля хай іх гадская скура.

Гад не чалавек чалавек не гад.

Баяцца глядзець мне ў вочы. А вы паглядзіце.



Гаргоны