Фота Віялеты Саўчыц
Я чую Украіну
я шчаслівая —
мне не трэба
заклейваць вокны
напярэхрыст
ад бамбёжак
гэты горад ніхто не чапае




калі ветрана,
акно б’ецца аб раму,
бы далёкія стрэлы,
я пхаю паперку,
складзеную ўчацвёра,
паміж, каб
яны да мяне не даляцелі…







і нібы кожны цягнік,
што праносіцца побач,
вязе танкі й ракеты,
я шукаю скотч,
знаходжу пачатак, рыхтуюся,
тады прымушаю сябе прачнуцца








самалёты, што ляцяць
ў Капенгаген ці Талін
гудуць, нібы барабан
пральнай машыны
ў падвале, куды
кідаецца мой розум,
пакуль маё цела
застаецца ў пакоі,
цяжкое, як груз,
што прыціскае вагон да рэек…








кроплі аб шкло
будзяць мяне
артылерыйскім абстрэлам
сезон дажджоў









што б ні глядзелі па тэлевізары
суседзі,
я чую

















кожны крок па падлозе — удар





Лондан спіць,
а мы — не.