Забітыя, але не забытыя
85 гадоў, цэлыя некалькі жыццяў таму абарваліся ніткі лёсаў соцень таленавітых, разумных, сумленных людзей, для якіх словы не былі проста словамі, а стваралі новыя галактыкі — і кожная з іх была ўнікальнай.

85 гадоў таму адны людзі ўзялі ў рукі рэвальверы і сталі на ўскрайках яроў, упэўненыя ў сваім праве караць, навечна затыкаць раты тым, хто меў смеласць гаварыць — у поўны рост, ва ўвесь голас. Тым, хто проста жылі, сустракалі розныя поры года і моцна хацелі быць — нягледзячы ні на якія пагрозы і небяспеку.

Праз 85 гадоў імёны тых смелых людзей, якія былі заўчасна пазбаўленыя магчымасці пакідаць сляды, загучалі з новай сілай — як напамін нам, цяперашнім. Як перасцярога ад апошняй мяжы.

Магчыма, сярод гэтых галасоў вы знойдзеце "свой" — за які зможаце трымацца ў найбольш змрочныя часіны, у якім знойдзеце апірышча і надзею, які будзе весці вас скрозь віхуры і "завалы часу". Хочацца верыць, што перамены надыдуць хутчэй, чым нам падаецца, і што кола гісторыі, абярнуўшыся, нарэшце замкнецца.

Да гадавіны "чорнай ночы беларускай літаратуры" часопіс "Таўбін" друкуе падборкі вершаў расстраляных паэтаў, укладзеныя самымі рознымі людзьмі: паэтамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, блогерамі, культурнымі менеджарамі, — людзьмі года 2022-га, якія адсюль, з вышыні гэтага часу, асэнсоўваюць падзеі крывавых 1930-х, блізкіх нам як ніколі.

На знак салідарнасці з Украінай і нашымі ўкраінскімі сябрамі мы публікуем таксама падборкі перакладаў паэтаў і паэтак украінскага "расстралянага адраджэння" — старонкі, невядомай нам, якую яшчэ мы мусім адкрыць. Гэтыя вершы былі адабраныя добрым сябрам беларускай літаратуры ўкраінскім паэтам Вячаславам Лявіцкім для анталогіі "расстралянага адраджэння", якая павінна была выйсці па-беларуску, але пасля пачатку вайны Расіі ва Украіне гэты праект пастаўлены на паўзу — і на "Таўбіне" друкуецца толькі маленькая частка з яшчэ невядомага нам, але, безумоўна, блізкага рознагалосся.

Тэрор не мае межаў, нацыянальнасцей і колеру скуры. Няхай галасы забітых стануць гучней.