Ганна Севярынец
Непакорны шквал

Ёсць вершы выбітныя, геніяльныя, бліскучыя, моцныя, таленавітыя, слабыя, няўдалыя, усё гэта даволі суб’ектыўныя азначэнні, якія цяжка апісаць дакладнымі крытэрамі, а ёсць вершы — любімыя, і, магчыма, гэта адзіная праўда пра паэзію, хаця яна і выглядае інфантыльнай. Для мяне вершы Алеся Дудара — якраз з апошніх. Як гэта выглядае на практыцы? Я іх цытую сама сабе, калі мне трэба супакоіцца, бо іхны рытм супадае з маім унутраным рытмам. Я іх перачытваю, калі хачу гарманізавацца з наваколлем. Я люблю чытаць іх услых, бо мне падабаецца гэтая фанетыка. Радкі з гэтых вершаў усплываюць ува мне як каментары да нейкіх выпадковых падзей. У іх няма нейкіх асабліва глыбокіх нечаканых думак альбо парадаксальнага пункту гледжання, яны з тых вершаў, якія "гладка напісаны" ў традыцыйных рытмах і памерах, тут харошая, густоўная, не тое каб наватарская рыфма — але ў іх асаблівы "вайб", асаблівая аўтарская шчырасць, атмасфера, якая ствараецца невядома чым: ці то дакладным, зграбным сінтаксісам, ці то збалансаванай колькасцю простых, але трапных метафар, ці то небанальнымі прыметнікамі, ці то кідкія, як раптоўныя стрэлы феерверкаў, вобразы: "адшліфаваны сплёт рэек", "туляцца ў выбаінах зор", "грудзі прагнуць сваволі", "свет заглынаецца рамантыкай барацьбы". Крытыкі дваццатых, наогул не надта дружалюбныя да Дудара, усё ж нават пасярод самых вострых і з’едлівых заўваг адзначалі ягоны паэтычны густ, адукаванасць, шырокі культурны кантэкст і гранічную шчырасць інтанацыі.


Сказаць папраўдзе, мне рэдка ад вершаў патрабуецца нешта яшчэ.

Ганна Севярынец




Я малады

Хто прайшоў — галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах.)
Ну, а я малады — мне весела
разагнацца ў мяцежную даль.

Мне жыццё — сусветнае свята,
мне прапоны — большы разгон.
Я цяпер без багацця багаты
на зары квітнеючых дзён.

Гэта кроў не баіцца смерці,
гэта сэрца распаліць лёд,
гэтых думак кіпучага смерчу
не абгоніць птушыны лёт.

Вось вышэй бы за ўсіх узняцца,
я увесь — непакорны шквал.
Што ж рабіць, калі дух юнацкі
агарнуў ваяўнічы запал;

што ж рабіць, калі фарбы раніцы
у грудзёх завялі карагод;
што рабіць, калі кроў барабаніць —
заклікае ісці у паход?

Хто прайшоў — галаву павесіў.
(Міліёны пудоў у гадах.)
Ну, а я малады — мне весела
разагнацца ў мяцежную даль.
[1924]

***
За маім акном — абрывы,
А на дне іх — пыльны брук.
Ў дротах мечацца пужліва
Сонца — вогненны павук.

Ліжа жоўтыя каменьні
Ценяў шэрая кайма —
Звонка ляскае аб землю
Іскрай звонкаю трамвай…

Ах, я знаю!.. Звонкім гулам
Ўспеняць раніцу гудкі,
Загудзіць завод, як вулей,
Запыхцяць рухавікі…

Гэй, далёкія палеткі!..
Над ракой сутулы клён!..
Наш пасеў — жалезных кветак
Забуяніў над зямлёй…

Можа заўтра паравозы
загудзяць паміж лясоў,
можа зьвякне вербалозьзе
намі зробленай касой…

За маім акном — абрывы,
Пад бальконам скача цень…
Тут вясною гаварлівай
Сіні клён не расьцьвіце.

Не запеніць тут адценьняў
Жоўтатканая трава…
Звонка ляскае аб землю
Векам будучым трамвай.
[1925]

***
Заблудзіла зялёная зорка —
Атуманіў яе сусьвет…
У зарніц залатой паласе
Заблудзіла зялёная зорка.

І вандруе ў срыбрыстай расе
І шукае дарогі ў змроку…
Заблудзіла зялёная зорка —
Атуманіў яе сусьвет.
[1925]


***
І ў нязнанай цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і ня здолелі знайсьці,
А ў жытнёвым у прасторы рассыпалі песьні зоры,
Рассыпалі песьні зоры каля возера ў трысьці.
І ня думалі ніколі, што ў нашай моцы доля.
Што ў нашай моцы доля і ня вырвецца ад нас;
Не магло нам і прысніцца — нашых думак калясьніца,
Нашых думак калясьніца — гэта сьвету апаяс.
Хто-ж казаў, што ў цьмянай далі словаў новых мы шукалі,
Словаў новых мы шукалі і не здолелі знайсьці?
Новы дзень не загарамі. Наша доля будзе з намі,
Наша доля будзе з намі днямі новымі цьвісьці.
[1925]

***
Я ня знаю, што будзе заўтра:
мне сягоння — апошняй мяжой;
дні стаяць сталёваю вартай
паміж будучынай і мной.

Знаю толькі — будзе другое,
заквітнеюць другія дні…
Сёняшняе ўсё і дарагое
непатрэбным стане другім.

Можа, заўтра будуць смяяцца,
можа, будуць смяяцца з поэта…
Зарастуць дарогі рутай-мятай,
зарастуць дарогі белым цьветам.

Гэтак кніга — адкрылі і закрылі,
прачыталі — дый зноў на паліцу…
Бачу Будучыну з сінімі крыламі,
Стану і буду ёй маліцца.

***
Маліліся пад крыжам
Хісталіся ад зморы;
А я, як чорнакніжнік,
Лічу на небе зоры.

Шукаю я заўзята
Дарогі з родных вязяў —
Мкне сэрца азіята
У сінь таемных Азій.

Да казак сінявейных,
Няпісанае праўды…
Самкнуць такія зьвеньні,
Каб заіскрыла радасьць;

Спазнаць такія далі,
Знайсці такія тропы,
Каб праўнукі ня зналі
Ні Азій, ні Эўропаў…

Ці будзе, ці ня будзе,
Імкненне ёсць і воля…
І прагнуць, прагнуць грудзі
Прастораў і сваволі…
Студзень 1926 г.

Кніга

Змора ня хіліць, ня вабіць яда
ад вобразаў, слоў і форм.
Поэта нарэшце скончыў і здаў,
і кніга пайшла ў набор.

Гарэла вітрына у сотні фарб.
Кніг столькі — глядзі ды глядзі!..
Поэта-ж убачыў поўны чар
маленькі томік адзін.

За годам год — чарада прайшла.
Шмат кніг — вялікіх, малых…
Хто ўспомніць, канчаючы дальні шлях,
слупоў прыдарожных лік.

І там, на асфальце, пад шэрай сьцяной,
дзе кнігі расклаў букініст,
вялікі поэта штурхнуў нагой
забытага томіка ліст.
[1928]

Экзотыка

Нам безьліч баек апавядалі,
Легенд велізарныя томы in folio
Пра Індыі дзіўнай таемныя далі,
Пра флямінгаў Эгіпту, хрызантэмы Японіі.
І пэрсыдзкі дыван перад намі разгортвалі,
Ўваскрашалі бажніцы майяў ды інкаў,
Караблі Магэлянаў, што жывымі ці мёртвымі
Дападалі нязнаных народаў і рынкаў.
Гэта іх, Рабінзонаў, рамантычная спадчына
Пацяшала старых, зачароўвала юных,
Што нічога не ўбачаць, нічога не бачылі,
Але прагнуць да сонца сонцапрагнаю руньню.
І лунаюць над экваторыяльнымі пальмамі,
Чуюць у сэрцы курарэ з караібскага дроціка,
Сэрца, нэрвы іх сонцам Сахары апалены.
Экзотыка!

*
У броні бронзавай і са шчытом пазалочаным
Ўздымаю падобны да месяцу крыс.
Ў сэрца б’ю Бенуа: хоча ён, ці не хоча ён,
А прыспушчаных весьніц не здолеў раскрыць.
Мой далёкі таварыш, прыгнечаны брат мой!
Я не знаю, як зваць цябе, але ведаю — ты
Утаміўся маліцца і Вішну, і Браме,
Сам цярэбіш пуціны ў дзень залаты.
Што табе Бэнарэс і Ангкор з Эльсінорам,
Калі лютая доля твая і кароткая?
Узяць сваё, ці загінуць, таварыш напорны!
Экзотыка!

*
Размалёўваю твар у ваенныя фарбы,
У чырвоная з сінім размалёўваю твар.
Я здыму сёння скальп з галавы ў Эмара
Як здымаў калісь з чырвонаскурых Эмар.
Сёння Чорны Арол (таго самага праўнук!),
Перапалены віскі, асуджан на звод.
Свае дзесяць гадзін акуратна і спраўна
Ён за сэнты здае на Дэтройцкі завод.
І, загнаны ў трубу жабранінай і крызісам,
Нікне ён да зямлі, што калісьці ягонай была…
Слухай, Чорны Арол! Страшны бой, бой рашучы ўжо блізіцца,
Хоць сягоння яшчэ й затуманьвае вочы імгла.
Загрыміць, загрукоча, і з клічам ваенным на вуснах
Ты ўзнясешся на грэбні нечуванай паводкі!
Здымеш скальп з сваёй нэндзы — яе чэрап прагнецца і хрусьне.
Экзотыка!

*
Я на камні пустыні навастру баявы асэгай.
Без мальбы, без кляцьбы, без магічнага танцу
Двойчы ў горле Хагарда яго павярну я.
Няхай сваёй уласнай крыві наглытаецца!
Мы ў капальнях Наталю здабываем караты для дам
І вугальле капаем для браняносцаў,
ім прастор і выгода і радасьць і доля, а нам
толькі біч з бэгэмотавай скуры ў сьпіну ды кулак у пераносіцу!
Дарагі мой, таварыш з Бечуанскай зямлі!
У паўночнай краіне нас не дзеліць ні мова, ні колер.
Прыганятыя-ж чорнай крывёю сваёю залілі
Усе дарогі яе і бяскрайнае вольнае поле.
І глядзі не на твар, а на рукі — мазолі ці ёсць
Калі ёсць — гэта брат твой! Хай жыве ваша ўлада на тропіках.
Хай цьвіце жар-агнём сонца з поўначы — лепшы ваш госьць!
Экзотыка!

*
Безьліч казак-баек нам апавядалі.
Мы ня верым, ня верым цудоўнейшым казкам!
Там няма зіхаценьня барвовых крышталяў,
Дзе пануюць галунныя кэпі і белыя каскі.
Байкі даўныя мы асудзілі на злом.
Горш за казку суровая доля жывога тавару.
Аксамітную маску без развагі сарвём,
Аксамітную маску са зьвярынага твару.
Будзе сьвет заглынацца рамантыкай барацьбы.
Будзе казка пра праўду — яскравая, лёгкая.
Ёй ня страшны бізун, нават куля яе не праб’е.
Экзотыка!
17 сьнежня 1932 г.

На станцыі

Жыццё імчыцца ў даль за семафоры,
Дзе ціш палёў, дзе гулкія лясы,
Дзе сінню разатканыя прасторы
Птушыныя калышуць галасы.

А тут, за вадакачкаю цыбатай,
Ў балотцы жабы стогнуць цэлы дзень,
Мычаць каровы, сцежкі пахнуць мятай,
Ад ліп старых паўзе маўклівы цень.

Тут сонца колеру чырвонай медзі
На насыпах пад вечар зіхаціць;
Ля будкі барадатыя суседзі
Сышліся перад сном пагаманіць.

А на пероне ўвечары дзяўчаты
Глядзяць прыветна ў вокны цягнікоў
І парамі вяртаюцца дахаты,
Да звыклых кветак і нязвыклых сноў.

Калі ж лугі агорнуцца ў туманы,
Маўклівасць лес напоўніць давідна,
Дык будзе рэек сплёт адшліфаваны
Гудзець, нібы басовая струна.

І калі будуць шпаркія вагоны
Ля нас у даль бяскрайнюю імчаць, —
Мы ведаем: на нашыя загоны
Уважлівыя вочы іх глядзяць.

Але як скажа час і нам падняцца,
Дык, углядзеўшыся ў святло ці ў змрок,
Мы ўбачым сотні гэткіх самых станцый
На дальняй трасе Мінск-Уладзівасток.

І нам дзяўчаты яснымі вачыма
Са свежасцю сямнаццаці гадоў
Перададуць ад Мурманска да Крыма
Прывет для незнаёмых сваякоў.

І мы памчымся з весткаю шчаслівай
Праз гулкі лес, праз жоўтыя палі…
Мы не адны на станцыі маўклівай,
На цёплай нашай, сонечнай зямлі.
[1936]
Алесь Дудар