Віктар Жыбуль
У жыцьцёвым пахмельлі

Паўлюк Шукайла прыцягвае ўвагу і сваім эпатажным іміджам, і спробамі прышчапіць на беларускай культурнай глебе парасткі футурызму — адной зь яркіх плыняў эўрапейскага авангарду 1-й трэці ХХ ст. А паколькі нашая глеба багата ўгноена фальклёрам, а недзе тры чвэрці паэтаў выйшлі зь вёскі, то і беларускі футурызм — у шукайлаўскім разуменьні — атрымліваўся спэцыфічным: з купальскімі вянкамі, баянамі й цымбаламі, трактарамі й жняяркамі, а заадно і кпінамі з "русацяпаў". Такую паэзію суправаджалі дэклярацыі кшталту: "Allo рытм жыцьця!.. Прэч традыцыі законаў рыфмы і яе плецяняў!.. Разьбіваем радкі — руйнуем конаны традыцый літаратурнай багэмы!.." А эстэтычны бунт — тое, што робіць любую літаратуру стракатай і разнастайнай.

Віктар Жыбуль


Плятуцца вянкі…

Плятуцца вянкі
          Дзявочымі рукамі…
Сонца паліць
          Жыта,
Вочы паляць
         Сэрца…
         А яны плятуць,
         Плятуць
              Заплятаюць.
Ты, рука,
          Ня блытай
Карэньняў
          Лейцы…

З кветкамі
І думкі
          Круцяцца дзявочыя,
Што сонца
          Паліць жыта,
Вочы паляць
          Сэрца.
Зь вяночкам прыгожа,
          Як майскаю ноччу.
Ты, рука,
          Ня блытай
Карэньняў
          Лейцы…

Чэрвень, 1925 г.
Слуцак.


Маё каханьне

Гораду гоман…
          стук,
               грохат,
клік гудкоў,
        сьпеў машын —
              маё каханьне,
                          вобраз…
зь ім — я,
        адзін!..

Што мне да поля
        зь яго васількамі,
              пагубнаю
                      кветкай палёў.
Эх! каб моц —
        выліў-бы мора,
              затапіў-бы
                      з галавы
                                 да ног!..

Зруйнаваў-бы
        бур’яныя межы
              і кветкі,
                      што губяць
насеньне —
        трактарам
              сталёва-лямежным
                       сонца адкрыў-бы
                             праменьня.

Што мне
        месяц
              з салаўём,
                        начное зацішша!
Ім на зьмену
        абаём —
               дынаму,
                         зь сьветам,
                               зь сьвістам!

Дык
        вось чаму
              люблю я горад,
                      таму, што мой
ён брат
        у барацьбе
              за нову вёску
                      з жыцьцём —
                              як Ленінград!

[1925]


Марыльцы-случанцы

Разьвітаўся
          Нядаўна я з Случчынай
І сказаў:
— Даволі,
          fenita!
Хоць,
          Як з прыгожай дзяўчынай,
Цалаваўся
          З руйнеючым жытам.

Ужо зусім
          Іншаю сьцежкаю
Я пайшоў
          Па шляхох жыцьця.
Адрокся
          Гаёвых рэхаў
І палёў,
          Дзе дні
                Я губляў.

Але вось.
          На балі
                У тэатры —
Там,
          Дзе ў фраках скачуць аслы,
Мне дзяўчына,
          Што ў Слуцку я бачыў,
Напомніла
          Мінулыя дні.

Цалаваў-бы
          Дзяўчыны тэй вусны,
Але
          Ці яна-ж мяне кахае?
Ой на сэрцы
          Іграюць гусьлі,
Казку жыцьця
          Мне баюць…

г. Менск,
15-ІІІ—1926 г.


На Беларусі…

На Беларусі
            вада з крыві,
палеткі з курганоў
            і крыжоў.
Хто нож ёй у грудзі
            ня ўбіў?..
Ня плюнуўшы ў твар,
            хто пайшоў?..

Адны ішлі,
            сьмяяліся ў вочы,
Шчасьця ў словах давалі.
            З камнем за пазухай
цёмнаю ноччу
            грабавіну рыхтавалі…

Другія словамі навукі
            бровы "серьезно надвинув",
гаварылі,
            і сьвет слухаў
што беларус не чалавек —
                    быдліна…

Чулі шмат чаго мы,
чулі
            і на сэрцы таілі.
На сьлязох
            расьлі кветкі ў полі,
Мы стагодзьдзямі йшлі ў магілу…

            Прыйшоў час —
            паўсталі мы.
І мёртвыя
            выйшлі на барыкады.
На шляхох у нас —
            агні… агні
ў барацьбе за волю
            і праўду…

Хто нас прыпыніць,
            загародзіць пуцявіну?
Нас мільёны,
            наш сьцяг —
            за волю.
Нам дзьверы жыцьця
            ужо не зачыняць,
            не загоняць
            у падпольле.

Хоць яшчэ квакаюць
            жабай нацыяналісты,
"русацяпы"
            каркаюць варонамі —
Беларусь цела
            ад іх ачысьціць,
            высыпаўшы
            сталёвымі калёнамі.

Яшчэ рэжуць цела Краіны,
            за Нёманам
            і Дзьвіною стогн…
Касьцьмі ляжам
            на пуцявіне,
а трутнёў
            зь Беларусі
            вон!..

26-ХІІ-1926 г.
г. Полацак.


Марыльцы

Мары
        марыш,
               Марылька,
Сьмехам
       душыш сьлёзы…
Гавары, радная
       гаварыка,
Абчым там шэпчуць
       Бярозы…

Засьмейся,
       Засьмейся,
              Марылька!
Жыцьцё
       абсьмей сьмехам.
Хвілінкі мяняюцца
       хвілінкамі,
Жыцьцё
       з хвілінак —
              рэха…

Хай плачуць
       людзі-мурашкі —
іх душы вякамі
       напоўнены сьлязамі.
Шлях жыцьцёвы
       наогул цяжкі,
Зачым яшчэ
       плачам цяжарыць…

Засьмяемся
       з табой,
              зарагочам,
Песьняй
       жыцьця
              зробім вясельле.
Мы ж
       ня ныць,
              а жыць хочам,
кружыцца ў жыцьцёвым
       пахмельлі…

Расоны, 1926 г.


Ветру

Вецер,
Чаго ты сьвішчаш хуліганам,
ліжучы хаты вуглы?..
Знаю характар твой пьяны —
Пахмельлем,
       мабыць, заплыў…

Люблю цябе, вецер, ў мяцеліцу,
калі сьнег зрываеш зь зямлі,
мне хочацца
       з "Нагана" нацэліцца,
пачуўшы
       сьвіст твой:
              Плі!..

Ня сябра мне ты
       па маштабу,
дунеш —
       і Эўропа слухае.
Я-ж у балоце
       як жаба
              — квакаю для вёскі
                     віславухае.

* * *
Дні мае сёньня не мяцежаць,
кроў мая, —
       чакае мяцяжа.
Ворагам хачу
       мільён галоў
              адрэзаць,
навастрыўшы
        сталёвага нажа.

*
Я хачу заплыць пахмельлем
новай і вялікай барацьбы.
За людзкую волю,
       за яго вясельле,
Там дзе сёньня
       весялішся ты!..

[1927]


Эй, націсьнем, хлопцы!

Эй, націсьнем, хлопцы!
       клявішы баяну.
Цымбалы,
       цымбалы,
              пазванчэй!
На палёх,
       гарматамі ўзараных,
у віхры душа будзе пець.

Там, дзе ўчора
       сьпявалі хаўтуры, —
ваяцкі марш
       гукнем грамадой
і, страляючы
       сэрца кулямі,
пойдзем сьмела
       ў апошні бой.

Там, дзе ўчора цьвілі
       васількі, асот
і пырняк
       на межах бур’яных —
Загудзіць
       звон сталёвых калёс
трактароў,
       жняярак.

На кветках
       бруду палёў
узрасьце
       каласістае жыта
і, раўняючыся
       з галавамі дубоў,
прашуміць
       сваю урачыстасьць.

Дык, цымбалы,
       цымбалы,
              пазванчэй!
Эх,
       націсьнем, хлопцы,
              на баянах,
Кулямі сэрца
       страляй адважней
па людзях
       васількова-бур'яных.

[1927]


У дні жалю

Ня ныць,
       Не стагнаць,
              Ня плакаць!
Сьлёзы пакінем
       Для сьмеху,
Але штосьці
       Сэрца
              І памяць
Сьціскае
       У маленькі арэх…

Нам у сэрца
       Гісторыя загнала
              Халодны цьвік
                     Жалю…
Ня дзіўна,
       Што год
              За годам
Жывем,
       Паміраем
              Мы.
…Вясна змывае
       Дарогі
І памятныя
       Сьляды…

Вясна
       Змывае сьцежкі
І дні ўносіць
       У хвалях…
Не па апошнім
       І першым
Чорныя
       Носім вуалі.

Ня ныць,
       Не стагнаць
              І ня плакаць!
Жыцьцё хай
       Надзеяй гарыць,
Хаця
       Сэрца і памяць
Точыць
       Халодны цьвік.

[2-я палова 1920-х]


Сяргею Ясеніну

Мне прасьпяваў
       Ветру
              Сьвіст
Аднойчы зусім
       Ды нядаўна,
Што кудры
       Твае
              Завіліся
Па вяроўцы
       Дзіка
              І "слаўна".

Не хацелася верыць…
       Ці можа быць,
              Што паэта
                     Такі
                            Заліхвацкі
Супроць хваляў
       Плыў,
              Не даплыў, —
Зубамі
       Апошні раз
              Ляснуў?!

Хай мне
       Жыцьцё
              Плюне ў твар!..
А ўсё-ж такі
       Груба
              Закончыў
.. .. .. .. .

…Патухлі сьвечкі…
І алтар
       Стаіць
              На Русі
                     Адзінокі!

І замест
       Песьні —
              Шэлесту жыта —
Прасьпявалі
       Табе
              Заўпакой
Людзі
       З разьбітым
              Карытам
Адзваніўшай
       Русі
              "Аржаной"!..

[2-я палова 1920-х]


Чарнее на сьнегу істужка…

Чарнее на сьнегу
       Істужка —
Дарога
       Далёкая мая.
І бела-бліскучымі
       Стружкамі
Серабрыцца даль…

Аўто
       Ляціць,
А ноч
       Зорная
грае канцэрт
       У пераліўных
              Агнёх…
… І ўспомнілася мне
       З вачыма чорнымі
І агнямі зорнымі
       У вачох…

25 лістапада 1929 г.,
г. Масква.


Паўлюк Шукайла