Уладзімір Свідзінскі
Ілля Сін
Віктар Жыбуль
Завала часу


Уладзімір Свідзінскі
(1885 – 1941)

***
Не, сонца, болей не прыходзь
блукай сабе буслом па завадзях святла,
калыхайся на вусах ячменю,
заставайся на руках яблынь,
але да мяне не прыходзь,
бо ўжо ж і радасць мучыць мяне, бы смутак.

Або завітай да мяне ў чужым абліччы,
каб не мог я цябе пазнаць.
Заляці заранкаю ды й выляці,
закрасуй водарамі ды й адкрасуй,
увайдзі лясною дзяўчынаю,
што прыносіць у кошыку суніцы,
пастой ля парога ды й выйдзі.

А як зробіцца ціха ды пуста
і сум усё наўкол апануе,
я здагадаюся і скажу:
— гэта прыходзіла сонца.

***
Успыхнулі горада ліхтары
У шкляной няволі сваёй,
і вось — усміхаюцца вочы ў людзей,
і асвятлілася іх мова.

А там, за безданню ночы,
гарбатыя стрэхі хатак
патуліліся да снегу,
і глуха, і пуста наўкол.
Але там — нават зайчык малы
у лесе меў хату сваю.
І прыходзіў да яго
воўк-шэрыбок,
мядзведзь-набрыдзь,
рак-небарака, —
прыходзілі да яго ў госці,
аж пакуль не ўздымалася бура…

Зайчык, мой мілы, гэта ты?
Хадзі да майго прытулку,
тут цёпла, тут грэюць асфальт.
Хадзі, падумаем разам,
як нам вярнуцца дадому?
Глянь, карабель агнявокі,
калышацца, гудзе і плыве,
не баіцца ні зімы, ні цемры
яшчэ сыпле са схіленай мачты
зоркі-іскры.
То сядайма хутчэй, сядайма,
ты — узад, а я кіраваць буду.
Гэй, як пабеглі дрэвы,
як набліжаюцца далёкія лясы!
Толькі ж не хутка дадому:
Завала снегу, завала часу;
завала гадоў і смерцяў.

Пераклад з украінскай Артура Камароўскага



Геа Шкурупій
(1903 – 1937)

***
Я
сёньня кароль заўтра прайдзісьвет
сонца сонца
выраблю
з сонечных душ
у футурапрэрыях
для прышласьці
сёньня кароль
футурафабрык футуратрэстаў
сындыкатаў
заўтра работнік
трохкутнікі кубы машыны
ламаныя лініі кола
аўтамабілі карбід бэнзын
пераплаўлю словы чароўныя
і выстаўлю ў вітрынах


Гнеў

на дзікіх мустангах гневу
несьціся па сухадолах зямлі
зыгзагамі бліскучых рэк
змываць бруд людзкі
і залатым валаском
першай панны
як бізуном
што з пугаўём
быццам эйфэлева вежа
а хвосткі канец
як смуга дыму фабрычнага коміну
так храснуць па галовах
шавінізму
каб зьмяніліся абрысы гор
на дзікіх мустангах гневу
несьціся па сухадолах зямлі


Месячна

у адну зь дзірак
патойбочных прэрый
чорны кот спусьціў
залаты хвост
месяц
запэцкаў яйкам
коміны і места
уу вав ав уу ав
сабакі
чорнымі й шэрымі пысамі
прагнуць сьцягнуць
і людзі завылі бы сабакі
на месяц
забыўшыся на сорам
ууу вав


Сонечна

жоўтыя жоўтыя жоўтыя
вялікія сьветлыя сланечнікі
на зялёным тле
сьвяточных душ
о фа рэ оль дэ мі
сьпелыя апэльсіны вясёлых абліччаў
малінавая юшка бязглуздых усьмешак
фіялкававодары сустрэтых поглядаў
о мі
пырскі вясёлых рухаў
бом
гэта першы
бум бум
ха разгайдайцеся абязглуздавясёлыя душы
viva at сонца

Пераклад з украінскай Іллі Сіна




Міхайль Сэмэнко
(1892 – 1937)


Я сам

Вы разумееце? — Я ня ў стане спаць.
Вы ведаеце? — Я ночы ня сплю!
Мае мазгі — Сымбалістычны аўтамат.
Я пішу грамату каралю.

Горад сьціхне пабляклым сном, —
я зьвяртаюся да незнаёмых — вас,
апошні трамвай празьвініць за вакном,
тады й надыходзіць прызначаны час.

Разгайданы цень адаб’е небывалы ўздым,
і завіруюць паўстаньні ў распаленай галаве.
Я даю прастору бляскам і плямам залатым
і пражываю ў хвіліну вечнасьці дзьве.

Вы разумееце? — Я не хачу быць там!
Вы ведаеце? Я — адмовіў каралю!
Вы памяркуйце! Я сам, я сам!
Вы адчуеце! — Я ночы ня сплю!..


Запляці касу мацней

Я вяду цябе на зьдзек —
на павольнае згараньне.
Выбухнем на разьвітаньне —
як і вызначана спрадвек.

Наш балід, відаць, ніхто
не пабачыў бы і ў сьне.
Запляці касу мацней,
зашпілі паліто…

7 – V.917. Уладзівасток


Горад

Люблю гарадзкія бястэмпныя гукі,
люблю я рух.
Люблю дакрананьні нябачных рук
да блакітнага вуха.

Прашу, не глядзіце зачаравана,
ваш позірк сон п’яніць.
Нам месца злым духам падрыхтавана,
дзе пачынаецца бясконцая нітка.

Мне даспадобы сталёвай мятлушкі
трымценьне,
рух крылаў статычных у вышыні.
Мая душа — аэрапляннае ачмурэньне
і мірганьне яшчэ нязнанай гульні.

Пераклад з украінскай Віктара Жыбуля












Міхайль Сэмэнко
Геа Шкурупій