Кацярына Міхаліцына
Антон Палунін
Адкуль ідзе вайна?

Кацярына Міхаліцына

(сын/дзень мовы)

"мама, а адкуль ідзе вайна? — пытае ціха
і адразу, без паўзы: а вайна — гэта стыхійнае бедства?
ці мы яе чым заслужылі? ну, ведаеш, прыкладам, непаслушэнствам…"

а ў яе галаве нібы хтосьці ўдарыў жалезным посахам,
зямлю выбіў з-пад ног, мазгі з роднага чэрапа:
"адкуль у табе, дзіцятка?..."

"мама, можа, мы цягнулі якое жэрабя і не тое дасталі з вялікай торбы божай?
можа, хацелі на неба вылезці, а нам не можна?
знаеш, як вавілонцам — у іх тады вежа трэснула,
нам у школе казалі…"

а яна слёзы коўтае, злосна так, і маўчыць, і душыцца непрамоўленым.

"мама, скажы, а войны — ці бываюць яны замоўленымі? —
хукае на шыбу цяплом, пальцам выводзіць контуры. –—
вось, бачыш, Крым. вось — Данецк. і яны недатЫкальныя,
нашы, неадбіральныя. праўда, мама?"

"недатыкАльныя, — падказвае, душыцца ўжо словамі,
лепіць у сэрцы малюнка сцяг двухкаляровы. —
адкуль, адкуль у табе, дзіцятка, такая недзіцячая мова?"


Ігар Мітраў

выйшаў пасмаліць на бераг дняпра
разгаварыўся з байцом зсу
і ахоўнікам з атб
баец зсу быў малады
ганарыўся таварышамі з перадавой
і чакаў на сваю чаргу
біць русню
гладзіў аўтамат
і выціраў рукавом пікселя
кроплю з-пад носа
штораз як ён
выціраў кроплю з-пад носа
я машынальна
выціраў сваю
ахоўнік з атб
выгульваў прыгожага хаскі
і запіваў чакушку
паўлітровай светлай роганню
прапаноўваў мне выпіць
але я адмовіўся

мы пасмалілі
абмеркавалі ваенную і геапалітычную сітуацыю
вырашылі што русні срака

а потым ахоўнік з атб расказваў
як ён улетку
яшчэ да вайны
на гэтым пляжы
клеіў дзевак

як мы смяяліся
хаця што тут смешнага

халаднее
кропля пад носам
расце

правы бераг
цямнейшы
за дзірку гарматы


Вольга Брагіна

адсюль нікуды не выйсці бо адлегласць для стрэлу надта кароткая вайна пасля міру навобмацак цела сваё
шукаць сярод падобных нас адлічылі з усіх вну гістарычнай праўды загартавалі ў попеле сэнсаў вазьмі гэтае сэрца як доказ жыццё не праходзіць вось так
адсюль нікуды не выйсці бо дзеці малююць плады восені на белых сценах прамяністыя прасціны думак
надбудова і базіс вось сюды і пацэліць снарад святла прамяні цёплыя нібы яшчэ вясна так было
адсюль не выйсці бо свет намаляваны крывёю і плоццю ценяў вайна калі-небудзь скончыцца і куды ты пасля
міру не існуе што гэта такое гэта мальвы вось гэтую пігулку выгадавала ваўчыца атрутны фон тут будзе іншы горад
шчаслівыя людзі будуць выходзіць з будынкаў на палотны лічыць колькі нас яшчэ засталося
гэта амаль любоў да ўсяго што павінна знікнуць да ўсяго што толькі на дзень нібы матылёк душы
адсюль нікуды не выйсці свет злавіў разглядае пад мікраскопам куды гэтую іголку ўтыркнуць каб было цікавей
каб у растворы боўтацца цела плыве за вадою душа гэтыя малюнкі збірае бо павінна была пакінуць мір
гэта вайна з сабою бо напалову разрэзалі нас
мы не пазнаем больш гэты горад і ў вочы твае не зазірнем гэта люстэрка хлусіць што ты існавала што там за фіранкай святло цёплы кастрычнік вясны
што пульсуе пад скураю што гэта як дотык як кроў з сэрца што павінна біцца і жыць яшчэ іначай куды ты цяпер пасля міру
я яшчэ вучуся маляваць каб спраўдзілася ўсё


Данііл Задарожны

не дзякую, а выбачайце, што застаўся жывым
у адноснай бяспецы заклееных вокнаў
заходніх гарадоў
у цяпле, з ежай і не ў аблозе
пакуль у Марыупалі радуюцца снегу, бо яго можна збіраць у таз і піць
паміж парушэннямі рэжыму цішыні і спробай эвакуацыі

з бяссіллем прарваць наступленне ў вашым напрамку
праклаўшы гумкалідор з іх маленняў,
званкоў да жонак і трупаў

што пашчасціла не апынуцца не ў тым месцы,
не ў той час
не нарадзіцца на іх шляху
ў галаве яго плану захопу

у трывозе чакаючы за пляценнем сетак і рассяленнем бежанцаў на вакзале
у святлоадбівальнай камізэльцы з нявыспанага пляча валанцёркі
са сноў пра залеву снарадаў на шпіталь шаптыцкага
у якім паміраў франко

гэта таксама патрэбна краіне

паэзія
магчымая пасля чаго заўгодна
проста не для ўсіх

і ты таксама яе зараз не хочаш
узненавідзеўшы за несвоечасовасць


Аксана Гаджый

мне ніхто не расказаў як гэта перажываць
як гэта адчуваць
жыць з гэтым

гладзіць сабаку
перад тым як аддаць на ператрымку
і яшчэ доўга не мыць рукі

закрыць клетку шыншыле
паслухаць спевы шчыгла
насыпаць ім абодвум корму ведаючы
што не выжывуць

сплочваць пазыку па іпатэцы
за кватэру з трыма балконамі
шкло ад якіх напэўна засыпала дываналін

абдымаючы
счапіць рукі на тваёй спіне
так як ты потым будзеш счапляць бронежылет

навучыце мяне рэагаваць
словамі "вайны няма"

на паведамленне сястры што затапіла падвал
і яны спяць за сцяною ўпоперак ложка
на плач дзіцяці сяброў
якое не хоча ісці ў сховішча

навучыце мяне адчуваць гонар за забойцаў
недавер да ўласных вачэй
нянавісць да маёй краіны
такой пяшчотнай што хочацца сваім целам закрыць сабою
кожны будынак
кожную карціну Прымачэнкі
кожнага выгнанага з уласнага дому

навучыцца
жыць з гэтым


Антон Палунін

паэма зла. я
сапольскі кажа
чалавек не мае свабоды волі
я кажу
ў расіі людзі з сабачымі галовамі ядуць дзяцей
хто мае рацыю
усе
усе маюць
ўсё праўда
бог гэта пухірыстая сутнасць
з якой вылятаюць формы і колеры
ў яе няма галавы
няма ног
толькі рукі
шмат-шмат рук
што бяруць нас
і садзяць на маленькія балкончыкі
так кажа сю
я маю рацыю
я хачу паліць
я магу памерці
я некалі быў у пецярбургу
то каб вы зналі
там людзі з сабачымі галовамі
дзяцей ядуць
і калі я кахаю цябе
гэта не значыць
што я яшчэ ў стане кахаць
што каханне мае значэнне
затое я пэўны
адсоткаў на 90
што змагу стрэліць чалавеку ў твар
ушчыльную
перарэзаць горла
я думаю пра страты амаль штодня
менавіта
штодня
ўяўляю
як губляюць мяне
як я губляю
і адпіваю пэпсі з бляшанкі
нібы нічога ніколі
нібы свабода волі
мае адносіны да
свабоды ці
волі
што век яе не відаць
а ў разані грыбы з глазамі
людзі з сабачымі галовамі
дзяцей ядуць


пераклад з украінскай Артура Камароўскага
Вольга Брагіна
Аксана Гаджый
Ігар Мітраў