У снежні 2021 года дзякуючы супрацоўніцтву Беларускага ПЭН-цэнтра, Шведскага ПЭН-клуба і часопіса "Kritiker" прайшоў унікальны трохдзённы перакладчыцкі воркшоп, у межах якога беларускія і скандынаўскія аўтаркі і аўтары мелі магчымасць перакладаць адно аднаго — прычым не толькі працаваць з тэкстамі, але і гаварыць наўпрост з тымі, хто іх стваралі, задаваць пытанні, абменьвацца досведам і ўстанаўліваць сваю, нікому іншаму не дасяжную сувязь.

6 удзельнікаў і ўдзельніц ад Беларусі (Данііл Арыянаў, Крысціна Бандурына, Артур Камароўскі, Павел Капанскі, Дар’я Смірнова, Ганна Шакель) і 6 — ад Швецыі, Нарвегіі, Даніі (Прыя Бэйнс, Сага Валандэр, Айна Вілангер, Джулі Гуфлер, Мерыма Дзіздарэвіч, Элен Нордмарк) у парах перастваралі свае тэксты на іншых мовах, выкарыстоўваючы для перакладу розныя тэхнікі і інструменты. А для таго, каб паразуменне дакладна стала магчымым, у якасці ментараў былі запрошаныя беларуска-шведскі паэт, перакладчык, рэжысёр і драматург Дзмітрый Плакс і беларуская паэтка і перакладчыца Ганна Комар.

Вынікі праекта былі апублікаваныя ў 63-м нумары часопіса "Kritiker", які быў цалкам прысвечаны Беларусі і меў назву "Я выходжу". У красавіку і траўні 2022 года ў Швецыі прайшлі прэзентацыі гэтага нумара, над якім працавалі рэдактаркі Сага Валандэр і Элен Нордмарк.

Мы публікуем на "Таўбіне" беларускамоўную частку праекта і спадзяёмся, што гэта стане пачаткам (і працягам) чагосьці важнага — таго, што яднае людзей і культуры, што закладваецца маленькімі крокамі і робіцца вялікай дарогай.

Паміж скандынаўскімі краінамі і Беларуссю існуе даўняя сувязь, шмат гадоў пісьменнікі, паэты, музыкі, мастакі будуюць масты паміж нашымі культурамі, і мы рады стаць часткай гэтага нялёгкага, але цікавага працэсу.



Фота вокладак: Крысціна Бандурына
BRIDGES BETWEEN LINES