Ганна Шакель
Фота: Баард Хэнрыксэн
Імя ракі ў крыві
Знайсці новага любімага аўтара — заўсёды вялікае шчасце. Дзіўна ўсведамляць, што я ніколі б не даведалася, што ў мяне ёсць новая любімая аўтарка, калі б сама яе не перакладала. Бо чытаць на мове, з каторай я перакладала, я не ўмею. Воркшоп "Крытыкера" адбыўся для мяне святам супрацы і мовы. Пераклад і супраца немагчымыя без кампрамісаў і адно без другога. Шукаць найлепшы кампраміс — бадай, галоўная задача перакладу, таму я была вельмі радая раздзяліць яе з аўтаркай. Аказалася, што ў перакладзе вершаў галоўная мова — мова паэзіі: я перакладала не з нарвежскай на беларускую — я перакладала з паэзіі на паэзію.

Прыя Бэйнc (нар. у 1995 г.) — нарвежская паэтка, рэдактарка часопісу "Abhivaykti", які публікуе пераважна літаратуру і мастацтва меншасцей. Прыя навучалася ў Акадэміі пісьменства ў Бергене і Школе аўтара "Forfatterskolen" у Капенгагене.

Дэбютная кніга Прыі "Med restene av mine hender" ("З рэшткамі маіх рук"), што вышла ў кастрычніку 2021, — паэтычны наратыў пра род. У ім Прыя асэнсоўвае сямейныя гісторыі, паходжанне і міграцыю. Героі Прыі — бацькі, сыны і дочкі, бясконцыя дзядзькі і цёткі, бабулі і дзядулі, са сваімі традыцыямі, забабонамі, сваім "пакінутым і здабытым" — знаёмыя мне, хоць я і яны прыйшлі ў вершы Прыі з розных культур. "Імя штодзённых спраў" у нашых мовах аднолькавае.



*
той з маіх дядзькаў
які памёр, памерлым і быў
з'еў жменю ўгнаення
і адразу ж знік
цяпер ён жыве каменьчыкам
у воку маёй маці



*
сям'я поўная надзвычайных трагедый
добрыя дзядзькі разбіваюць скарбонкі
каб купіць таблеткі цёткам
якія дрэмлюць на канапе
засынаючы іншы раз на ўвесь дзень
яны купляюць свежыя гуркі, вялікія жмені мяты
купляюць маркі і пішуць лісты
да сваякоў і былых каханак
яны расказваюць ім пра зданяў
якія ўрываюцца праз сцены
ды блукаюць па доме
гэта турбуе цётак
і яны варочаюцца ў сне
дзядзькі пішуць пра доўгія паліто
з кішэнямі поўнымі грошай
пра тое як пахнуць грашыма падушачкі іх пальцаў
калі яны ўвечары кладуцца спаць


*
сям'я кажа:
мы не прыйшлі да згоды
мы хацелі назваць цябе ўсім на свеце
ты магла б мець столькі імёнаў
нават прынцэсы б зайздросцілі
імя мяккага ды імя цвёрдага
імя намі пакінутага ды імя здабытага
імя ракі ў тваёй крыві ды імя божай праведнасці
імя месяца ў нашых вачах ды імя каменьчыка ў тваім чаравіку
імя штодзённых спраў ды імя ночы, калі ты нарадзілася
імя мужчыны, які павесіўся ў садзе, ды імя божай міласэрнасці
імя жанчыны, якая кінулася ў агонь, ды імя дзяцей, што засталіся
імя брата, які гэта бачыў, ды імя нашых павернутых спінаў


Пераклад з нарвежскай і каментар Ганны Шакель

Прыя Бэйнс
Фота: Ганна Кіпель