Крысціна Бандурына
Наша спадчына
Мерыма Дзіздарэвіч — шведская паэтка, музыка і акторка баснійскага паходжання. Амаль 30 гадоў таму яе сям’я вымушаная была ўцякаць ад вайны, якая закранула дзясяткі тысяч сем’яў Босніі і Герцагавіны. Швецыя стала для іх другім домам, але домам, у якім увесь час трэба голасна заяўляць пра сваю прысутнасць.

Тэксты Мерымы менавіта пра гэта — пра яшчэ не адбалелы досвед мінулай вайны і пра тое, як гэта — быць чужой у грамадстве, не такой, не падобнай; у грамадстве, якое даўно ўжо забыла, што такое вайна, і таму проста не можа цябе зразумець.

Мне не патрэбна было ведаць шведскую, каб з першых слоў пачаць з Мерымай размову пра тое, што напісана паміж радкоў. Так, пасля, у працэсе даходзіць справа да дэталяў, якія адрозніваюць наш досвед, але яго фундамент — гвалт, праз які мы абедзве прайшлі і праходзім, — у нас адзін.

Я б назвала паэзію Мерымы перфарматыўнай — у тым сэнсе, што складана зразумець, хто ёсць лірычным героем ці гераіняй, але затое выразна бачны актар — грамадства: шведскае, ці баснійскае, ці ўвогуле безнацыянальнае. Часам маштаб звужаецца да памераў сям'і — групы людзей, звязаных крывёю, але падзеленых рознымі поглядамі, і дзе-нідзе зрэдзьчасу мільгаюць цікаўныя вочкі дзіцяці, якое спрабуе зразумець, што дарослыя робяць адно з адным і навошта.

Але дзіця вырастае — і яго вачыма, праз яго памяць і яго боль цяпер мы глядзім на свет.


1
якая параза для такога дзіцяці
раздражняльна акуратнага дзіцяці якое
збірала крошкі з падлогі пад сталом
збірала іх у кучку каб маці магла выкінуць
якая параза для такога педантычнага дзіцяці
раздражняльна педантычнага дзіцяці якое
так шырока раскрывала рот каб яго накармілі не запляміўшы
дзіцяці якое жахалася саплівых дзяцей
якая параза для такога ахайнага дзіцяці
раздражняльна ахайнага дзіцяці
калі цэлы месяц нельга памыцца і
скура пакрываецца коркамі бруду
якая параза
няма нічога горшага за брудныя майткі нічога
горшага ў цэлым свеце чым
мыць і мыць                   мыць да канца жыцця


2.

гэта                наша               спадчына
                                                                     кажуць цёткі
                                          на ўзбярэжжы адрыятыкі
                               узбярэжжы адрыятыкі
             адрыятычнага мора
гэта адзінае мора вартае звацца морам
нават калі Дрына і не ўпадае ў яго
ёсць пэўна іншыя крывавыя рэкі
гэты летні надводны борт будзе на беразе чакаць дэдвэйту
назіраць за водазмяшчэннем, што выцясняюць целы
хтосьці смяецца                гучна крычыць
іншых павольна выносіць на бераг але
яшчэ колькі месяцаў
да таго так што
мы паспеем
забыць



3.
калі вы адсячэце адну з галоваў гэтага монстра,
вырастуць дзве новыя.
цяпер, калі нам больш не дазваляюць паліць,
ніхто не мае запальніцы, каб прыпячы раны,
і ўвесь час растуць новыя, але
мы сячом і сячом            тыя галовы,
як быццам недастаткова таго, што найвялікшая гідра заўжды схаваная за аблокамі.
ну што, вы цяпер задаволеныя?
ці спакойна вам спіцца бяззорнымі начамі?


Пераклад са шведскай і каментар Крысціны Бандурынай
Мерыма Дзіздарэвіч