Калі прыслухацца, то можна пачуць, як кроплі снегадажджу стукаюць па падаконні. У нумары холадна, таму што я так і не зразумеў, як і што трэба падкруціць, каб пайшло цяпло.

Я ўключаю аўдыёпаведамленне ад Элен — яна запісала для мяне свае вершы. Cлухаю некалькі разоў запар: калі прыслухацца, то пачынаеш разумець незнаёмую мову. "Dunk dunk bas huvud dunk" — вельмі трапны радок з верша. Снегадождж мацнее. Усе, на што хапае сіл, — слухаць Элен і думаць пра немагчымасць перакладу вось гэтага адчування верша, якое нараджаецца тут і зараз, паміж голасам і амаль цішынёй снежаньскага шведскага заваконня.

Я думаю пра тое, што значыць быць гер_оем — att vara en hero — у гэтым Сусвеце. Думаю пра тое, што Сусвет — гэта не тое, што вакол, а тое, што ёсць мы. Я праводжу ўказальным пальцам ад перадплечча да другога ўказальнага пальца — гэта мой шлях, і ён не меней складаны ад іншых. Думаю пра тое, што паэзія Элен неверагодна тонкая і складаная, і што ўсё, што я тут наперакладаю, будзе не тым, што ёсць у арыгінале: мне ніяк не ўдаецца выхапіць у сваёй мове ТЫЯ словы (якія — я не ведаю), якія маглі б стаць на месцы blomsterspråkstolk, åttakramad і djuphavsmarulk.

Відавочна, гуляючы з мовай, Элен калі не выйграе, то гуляе ў нічыю. (Я гляджу на свае "перакладніка з мовы кветак", "васьміабдымнае" і "глыбакаводны марскі чорт" і думаю, што атрымалася нядрэнна, хаця магло б і лепш). Але, можа быць, сэнс перакладу якраз у гэтым зазоры?

Дастаю з заплечніка "Cor ne edito / edit / Chili con carne" — яшчэ адна прычына магчымай паразы ў гульні з мовай. Таму што паэзія Элен не толькі гаворыць, але і паказвае. Паэтка Элен ідзе за целам, спрабуючы зразумець і патлумачыць, — найперш сабе, — кожны яго міліметр. Што з ім адбываецца пад сонечнымі промнямі, у прыбіральні клуба, падчас сэксу? Што яно кажа і ці кажа ўвогуле? Яна слухае.

Я засынаю пад біт снегадажджу, спрабуючы выбраць адзін з двух варыянтаў перакладу "det är ett hopp". Прыслухоўваюся.


***
быць a hero

у клубе Universe
чорна-чорны праглынуў усе колеры
разам
дыска-святло танчыць пад
дыска-шарам
дыска-шал


шлях да клуба Universe
складаны і перапоўнены коркамі
мясцовы бюджэт вычарпаны яшчэ да таго
як на вуліцы запальваюць ліхтары

a hero мае язык

бязгучны
бязважкі

хадзі
мы збіраем зубамі кветкі
пры дарозе растуць
канюшына незабудка
канюшына незабудка


a hero шукае перакладніка з мовы кветак
апошняя шыпшына лета
звярнулася да hero калі куст даў плод


a hero збірае сем розных кветак
пад падушку
на шляху да клуба Universe
міндальны клуб міндальныя вочы міндальныя малюскі
з вяршкамі для гушкання
кашмар знайсці горкі міндаль у кашы
шлюб
захраснуць між складкамі тлушчу партнёра
lucid dreaming соннік каб

запоўні мяне спустош мяне напоўні мяне
прыхільнасць падцверджанне член

клуб Universe дзіўнае месца
для hero
вышыбала кажа на мове кветак
ladys night пазначае hero
цалкам for free

lady hero губляецца ў блакітнай смузе
бум бум басы ў галаву бум
выпі бутэльку вады, lady hero
перад тым як біць галавой у падушку
да крыві
думкабіццё
сэрцабіццё
землебіццё
бум бум басы ў галаву бум



сэрца прастуквае грудную клетку
праект па руйнаванню або адбудове
вытанцоўвае
вымяральны хаос


гуляючы ў гульню
трапіць снюсам у цэль
падзенне у космас
правал у космас

lady hero касманаўтка шукае
кропку сплаву каб выкаваць
стэрыльны касмічны скафандр і
дзе белы праглынае ўсе іншыя колеры разам
дыска святло дыска шал

дзіркі на скуры lady hero нацёртыя
дыханнем
бум бум рэфрэн бум
прышый цела да AI
змяні песню
на адзін адзін нуль

у жываце lady hero кветкі
і вусені і моль у валасах
укус


drop the beat DJ начны матылёк
and Cocktail king п’е Daiquiri
on this side of paradise
па абодва бакі электрычных рэбраў lady hero
рука што гайдаецца стварае гукі «врум-врум»
у чаканні пакуль кокан трэсне

пнуцца плявацца паўзці

пэндзаль
пені
парэнчы

lady hero запаўняе себя
будзе сябе запаўняць


пэндзлем
пені
пенетраванай


з міфам пра самую сябе


***
мая скура пенетраваная
напятымі промнямі сонца

мая скура расплаўленая
ў лужынку поту сусвету

у спатнелае сонца ў сутаргах
што ўзыходзіць у маёй вагіне
і нараджае васьмірукае
васьміабдымнае васьмісутаргавае панцыраванне
скрыўленае на адну восьмую
Blackout

у зубах поўна плётак
гума
вакол майго языка бяссмачнае нешта
смажыць мяне да жоўтасонечнага
Кальмара


***
імя         што                я чую
згодна з этымалогіяй          павінна азначаць святло
на стадыі плода чалавек чуе імёны глыбакаводны марскі чорт
і закідвае вуду ва ўлонне          са святлом і ліхтаром
на глыбакаводнага марскога чорта      каб яго прасвятліць

апошнім часам я жыву на стэарыне
які зляпіў мяне      пахрысціў мяне
у зацвярдзелую субстанцыю мозгу жоўч урыну

гэта надзея

схілі мяне пры мне пры маім
плыві ўва мне          плыві ў стэарыне

гэта скок

паміж безднанню й морам
абрыў

кідае вуду мой марскі чорт
даўжыня маіх хваляў калыша
кнот


Пераклад са шведскай і каментар Артура Камароўскага
Hero
Артур Камароўскі