Чырвоная кнопка трывогі

***
навобмацак прадказваеш шчыльнасць паветра
чырвоныя адценні аднолькавага неба
чырвоныя бы незразумелае кітайцу слова
немінучы рух гісторыі назад
да чырвоных ад збіцця юнакоў
да рэвалюцыі 1917 года
да Канстанцінопаля і яго крэпасцей на ўзбярэжжы
прыхіляешся целам, а там сапраўднае радыё сустрэчы
сутыкненне народа з самім сабой
недаравальнае здрадніцтва і непадкупная вернасць
спехам сабраны бабуляй чамадан
прыхаванае дзедам зерне


апазнанне

падоўжаныя нашы сілуэты зліваюцца там дзе галовы
ўтвараючы вялікую чалму
паслаць пакрывала памыць навалачку кінуць падушкі
прыбраць кнігі пад ложак каб не заміналі
заснуць не атрымліваецца

на справе любыя адносіны гэта суадносіны размовы і сну
мы гаворым і пакуль нам цікава гэта яшчэ пачатак
ласкавыя жывёлы спяць вакол
мяккія рухі пяшчоты напалову сяброўскіх рук

ва ўсіх дотыках мрояцца сны архангелаў
мы маглі б жыць разам абжывацца мэбляю
разменьваць цяпло на марудную лютасць
на непазбежную канцоўку непачатага рамана
на стомленасць


***
метадычнае прыняцце ежы тры разы на тыдзень
паходы ў мясцовыя музеі і крамы
ўсё нібы асвяжае і здаецца новым
здзіўленне прайграе хваляванню скуры
яе маруднаму чаканню поціску рукі
пасля сонечнага ўдару мне мроіліся хвалі
пасля кожнай размовы мігцяць абдымкі
вечаровае ўзнаўленне амулета
колькі радзімак на тваёй скуры?


***
чалавечае гарэнне ў прамым эфіры
асвечанае неонавымі шыльдамі гатэляў і бараў
пахне гнілымі лілеямі паўсюль крапіва
я абдымаю цябе і мне лягчэй

я абдымаю цябе і бачу словазлучэнні
дарослыя тыкаюць пальцамі і крычаць
на маленькую дзяўчынку ў бельгійскай сукенцы
патрабуюць быць паслухмянай

выбіраю цябе плечы рукі спіну
шыю і пальцы твой пах і ўспаміны
я помню іх гляджу на іх перапісваю памяць

вяртацца да прыстані з відэакасеты
дзе табе восем сем шэсць і меней


***
дзе гэтая ніць суперажывання між намі?
мы падобныя да эмбрыёнаў што плаваюць паасобку
здавалася б чуваць асобныя гукі і нават склады
але словы адзіныя не створаныя
болей

дзе ціхая пяшчота дотыкаў?
калі радуешся сутыкненню
цел або рук або дыхання
калі вы робіцеся абсалютна адзіныя
паміж намі Ібрыс сядзіць
і гэтага няма
болей

ёсць толькі адлегласць
паміж ад і да
населеныя пункты і пункціры мапы
злучэнне разарванае страчанае як Сухраб

паўз робіцца ўсё болей і болей
нагадвае сустрэчу з надмагільным помнікам
тую секунду калі ўжо не знаеш
што сказаць і змаўкаеш

надоўга


чырвоная кнопка трывогі

я баюся за сваю жонку
таму што калі я памру ў гэтым горадзе будуць маньякі
ў гэтым горадзе будзе стаяць снег зімовы — і заўжды прастываць
усе хто выйшаў без шапкі

не хадзі па начах у пустаце
па халоднай сырой зямлі
справа йдзе да чорнай зімы
ты ідзі без аглядкі

так машыны збіваюць людзей
чалавечы след ад касцей
незаўважны каторы ўжо дзень
застаецца загадкай

прахаплюся ад страшнага сну
дзе так страшна жыццё памірала
вось чырвоная кнопка трывогі

вось чырвоная кнопка трывогі
вось чырвоная кнопка трывогі
пазвані і скажы: я жывая


стамбульскія дэрвішы
Таі


Bir

на азіятскую частку і раён Кадыкой плыве паром
тры ліры на шляху з'ядаем кукурузу каштаны
ніколі не знаходзім базар з першага разу
піва 12 лір белы сыр аліўкі яйкі таматы
рукала шчаўе кускус з грыбамі
сухое чырвонае 50 лір
ранішнія ўцёкі за печывам 5 лір
уся гэтая рытуальнасць ежы і яе змена
брудны і чысты посуд
папераменны рух у межах кухні
ёсць не што іншае як праява клопату
як дыханне жыцця яго бытавы выварат
простая рэальная функцыя
я хачу каб ты ела раўняецца

кахаю


Iki

у той момант калі сонечны промень падае на твае грудзі
рука добрага стамбульскага Бога — нябеснае бласлаўленне
узрадуйся кожны хто сюды завітаў
вымярай існаванне любоўю
тым вечарам мы знайшлі ідэальную сукенку
безразмерную чорную з выразнымі кветкамі
250 турэцкіх лір італьянская ніякай сінтэтыкі
толькі прыгажосць і шчасце
шчасце і прыгажосць
прадавачка перад адыходам кліча нас піць каву і кажа:
her zaman multu ol¹ — паказвае на дачку
ёй тут пяць а зараз — 21
зусім дарослая ўжо
ну ідзі bebeğim²
вяртайцеся


Üç

я хачу панесці з сабой усё што ёсць ты:
лёгкую паранойю і кашэчую поўсць з усходняга дывана
бутэльку сухога віна
старую шафу
пакой з балконам які гаворыць і пакой
са святлом якое трывожыць
бабуліну хустку
клубніцы з ранішняга нядзельнага стала
усё што звязана з табой
твае духі водар Бога
тваю старасць і твой погляд
у той момант калі ты ўдыхаеш пах хлеба


Dört

ад белых спадніц што круцяцца гайдаецца лёгкі ветрык
падобны да таго што гладзіць нашы плечы
на беразе Мармуровага мора
пакуль дзядуля вучыць унука плаваць
ты трымаешся за буйкі і ўсміхаешся
ідзём па востраве паўз сакрэтныя базы і лес
чужыя вясковыя дамы
спадарожныя тукі³ людзей на конях
аўтобусы машыны турыстаў
часу няма: ён не існуе болей
і растае паміж пальцамі нашых рук


ud⁴

манумент Атацюрка прыкрыты белай прасціной
з-пад якога выглядвае Марыя і кажа:
які ў цябе крохкі голас
гладзіць фарфоравымі пальцамі праайца
абдымае і ўдыхае уд
смала агаравага дрэва закалыхвае ўсіх жывых
застаецца на запясці пахам мёртвых
хаваецца ў векавых ствалах
прыціскаецца да зямлі
разносіць памяць
засмучанай жанчынай стаіць у акне і назірае за
броўнаўскім рухам дзяцей
неасцярожна прыціскае пальцы рук
пакрытыя чырвоным перцам да вачэй
і плача плача плача


¹ Заўсёды будзь шчаслівай (тур.)
²Дзетка (тур.)
³Мотарыкша - трохколавы матацыкл для перавозкі пасажыраў або грузаў.
⁴ Музычны інструмент, распаўсюджаны ў краінах Закаўказзя, Еўропы, Блізкага Ўсходу і Магрыба.
Уд (oud) - Агаравае дрэва - Agarwood - Aquilaria