Стрэл

Наша краіна — тэатр.
Калі салдаты ўваходзяць у горад, усе масавыя мерапрыемствы афі­цый­на забараняюцца.
Але сёння суседзі збягаюцца на музыку фартэпіяна пад­час лялечнага спектакля Соні і
Альфонса на Цэнтральнай плошчы. Не­каторыя з нас ускараскаліся на дрэвы, іншыя хаваюцца
за лаўкамі і тэ­ле­граф­нымі слупамі.
Калі Пеця, глухі хлапчук у першым шэрагу, чхае, лялька сяржанта па­дае і верашчыць.
Потым зноў устае, смаркаецца і кулаком грозіцца пу­блі­цы, што заліваецца смехам.
Ваенны газік збочвае на плошчу, вырыгваючы ўласнага Сяржанта.
Немедленно разойтись!
Немедленно разойтись! — крыўляецца драўляным фальцэтам лялька.
Усе замерлі, акрамя Пеці, які працягвае рагатаць. Чыясьці рука яму за­крывае рот.
Сяржант паварочваецца да хлапчука і тыцкае пальцам.
Ты!
Ты! — лялька тыцкае пальцам.
Соня глядзіць на ляльку, лялька глядзіць на Сяржанта, Сяржант гля­дзіць на Соню і
Альфонса, і рэшта нас глядзіць, як Пеця адхіляецца назад, збі­рае ўсю сліну ў роце і скіроўвае
яе на Сяржанта.

Гук, які мы не чуем, уздымае чаек з вады.


Салдаты маршыруюць, Альфонс накрывае
твар хлопчыка газетай

Мы, чатырнаццаць пар незнаёмых вачэй,
глядзім, як Соня схіляецца над Пецем,

а Пецю застрэлілі сярод вуліцы.
Яна падымае з зямлі дзве шкляныя манеткі — яго акуляры.

Сачы за гэтым імгненнем
— яно трымціць —

снег падае, і сабакі бягуць уздоўж вуліц, як санітары.

Мы, чатырнаццаць пар незнаёмых вачэй, глядзім:
Соня цалуе яго ў лоб, яе крык прадзірае

дзірку ў небе, ён скаланае паркавыя лавы, ліхтары.
У Соніным разяўленым роце мы бачым

галізну
цэлага народа.

А краіна бяжыць, абхапіўшы цяжкі жывот.


Альфонс, у снезе

Ты жывы, — шапчу я сабе, — а значыць, штосьці ў табе слухае.

Штосьці бяжыць па вуліцы, падае, не можа ўстаць.
Я бягу і г. д. нагамі і г. д. рукамі і г. д. за
маёй цяжарнай жонкай і г. д. па вуліцы Васенкі я бягу ўсяго
пару хвілін патрэбна і г. д. каб стаў чалавек.


Глухата — наш мяцеж — пачынаецца

Прачнуўшыся наступным ранкам, краіна адмаўляецца чуць салдат.
Імем глухога Пеці мы адмаўляемся ад слыху.
А шостай, калі салдаты адвешваюць кампліменты дзяўчатам, дзяў­чаты паказваюць на
свае вушы і праходзяць міма. А восьмай дзверы пя­кар­ні зачыняюцца перад самым носам
салдата Іванова, хоць усенародна вя­дома, што ён — іх галоўны пакупнік. А дзясятай Матухна
Галя крэйдай піша: ВАС НІХТО НЕ ЧУЕ на браме салдацкіх баракаў.
Аб адзінаццатай пачынаюцца арышты.
Наш слых не слабне, але нешта падобнае да цішыні ўнутры нас набірае моц.
Пасля каменданцкай гадзіны сем’і арыштантаў вешаюць сабе на вокны самаробныя
лялькі. Вуліцы апусцелі, толькі парыпваюць лёскі ды тух-тух-тухкаюць па сценах драўляныя
кулачкі і ступні.

У вушы горада сыплецца снег.


Горад

Альфонс трымае адказ

Народзе мой, ты проста неверагодны

ранкам першых арыштаў:

нашы мужчыны, некалі баязліўцы, прыкаваныя да ложкаў, паўсталі цяпер, як мачты, —
глухата працінае нас паліцэйскім свістком.

Вось ён я,
сведчу:

кожны з нас
прыходзіць дадому, крычыць на сцяну, на пліту, на лядоўню, на
сябе. Прабач, я

быў несумленны з табой,
жыццё, —

перад табой я трымаю адказ.
Я бягу і г. д. нагамі і г. д. рукамі і г. д. я бягу па вуліцы Васенкі і г. д. —

Ты, усявушны:
дзякуй за птушыны пух на маім языку,

дзякуй за спрэчку, якая канчаецца, дзякуй за глухату,

Божа, колькі агню
ад сярнічкі, якую ты так і не запаліў. 


Мапа касцей і адкрытых вен

Cяржант прыцэльваецца, і глухі хлапчук падае на асфальт.
Хлапчук на асфальце — мапа касцей і адкрытых вен.
Гэта ў паветры. Нешта ў паветры хоча замнога ад нас.
Зямля прыпынілася.
Вартавыя на вежы жуюць канапкі з агурком.
У гэты першы дзень
салдаты абследуюць вушы афіцыянтаў, бухгалтараў, салдат —
страшныя рэчы робіць ціша з салдатамі.
Яны зрываюць Гораву жонку з ложка, быццам дзверы з аўтобуса.
Сачы гэтае імгненне
— яно трымціць —
цела хлопчыка на асфальце, нібы сашчэпка.
Цела хлопчыка на асфальце, нібы
цела хлопчыка. Сяржант скрыгоча на мове сяржантаў.
Я праводжу рукою па сценах, слухаю пульс дамоў,
моўчкі гляджу ў неба і не ведаю, чаму я жывы.
На дыбачках па горадзе —
Соня і я —
між тэатраў, садоў і каваных агароджаў —
Не бойся, — мы кажам, але як
не баяцца, калі гук, які мы не чуем,
уздымае чаек з вады?


Жыхары горада акружаюць цела хлопчыка

Мёртвае цела хлопчыка дагэтуль ляжыць на плошчы.
Соня абдымае яго за спіну на бетонным насціле. Унутры яе — дзіця спіць. Мамуля Галя
прыносіць Соні падушку. Мужчына на вазку прывозіць галон малака.
Альфонс кладзецца з імі побач у снег. Ён абвівае рукою яе жывот. Дру­гую руку кладзе на
зямлю. Ён чуе, як тармозяць машыны, грукаюць дзве­ры, брэшуць сабакі. Калі падымае руку ад
зямлі, ён нічога не чуе.
За імі лялька ляжыць на бетоне, ёй у рот сыплецца снег.
Праз сорак хвілін надыходзіць ранне. Салдаты вяртаюцца на плошчу.
Жыхары горада бяруцца за рукі і становяцца ў круг, яшчэ адзін круг наўкруг, і яшчэ адзін
круг, каб захінуць ад салдат цела хлопчыка.
Мы глядзім, як Соня ўстае (і дзіця ўнутры яе выпроствае ножку). Хтосьці падаў ёй знак,
які яна ўздымае высока над галавой: МЫ ГЛУХІЯ.
Горад глядзіць