Бел-чырвона-белы сьцяг
на тваім фота профілю
я даўно ўжо бачыла
я не заўважала дагэтуль

а сёньня калі ты пазваніў і крычаў
дакладней калі я пазваніла а ты крычаў
вы ўсе правакатары
звоніце выпытваеце

(а ў мяне больш нікога няма
̶у̶ ̶г̶э̶т̶а̶й̶ ̶к̶р̶а̶і̶н̶е̶
апроч цябе)

я націснула адбой
я доўга глядзела
на бел-чырвона-белы сьцяг
пакуль ня ўбачыла

што мой найлепшы сябар
як той казаў пераабуўся

але ты крычаў
знайдзі мне там працу
у маскве
за сто тышчаў менш не паеду

ну калі з пражываньнем
то й за пяцьдзясят ок

і я ўбачыла
што ні халеры ты не пераабуўся
нават наўрад ці размаўляеш па-беларуску

ты проста разгублены
слабы
безаблічны
як усе каго я думала што ведаю

бо я ўпершыню чую
як ты крычыш

мне

ябаная аўца
тупая кончаная сука

валі назад у сваю маскву
што ты тут забыла

ты не крычаў
̶я̶б̶а̶н̶а̶я̶ ̶т̶у̶п̶а̶я̶ ̶с̶у̶к̶а̶
нават тады
у мае 15
а твае 32
ты казаў
сваім заўжды роўным голасам

ты занадта разумная дзяўчынка
для такога як я
мы ажэнімся
ты захочаш разьвівацца
а я не захачу
ты ўсё адно будзеш разьвівацца
я пачну раўнаваць
думаць што ў цябе ёсьць іншы
ты пакрыўдзісься
і ў цябе зьявіцца іншы

ты не крычаў
̶я̶б̶а̶н̶а̶я̶ ̶т̶у̶п̶а̶я̶ ̶с̶у̶к̶а̶
нават калі не пасьпеў
сказаць мне што разьвёўся
ты проста маўчаў і слухаў
як я казала
што сустрэла чалавека
і яго ненавідзіць мая сям'я
таму я званю
у мяне больш нікога няма
̶у̶ ̶г̶э̶т̶а̶й̶ ̶к̶р̶а̶і̶н̶е̶
апроч цябе

ты не крычаў
̶я̶б̶а̶н̶а̶я̶ ̶т̶у̶п̶а̶я̶ ̶с̶у̶к̶а̶
нават калі я ўцякала з дому
ты дапамагаў мне ўцякаць з дому
перадаваў грошы ў папяровым канвэрце
на цягнік і "мэтэор"

ты не крычаў
калі я трапіла ў аварыю
ты прыехаў цягнуць машыну
а я крычала
бо мы ўжо двойчы яе гублялі
пасярод дарогі
а ў ёй быў мой бацька

ты супакойваў мяне
аб'язджаў квартал
зноў чапляў трос да машыны
супакойваў бацьку
і мы ехалі далей

дык калі ж я стала для цябе ябанай
тупой
кончанай сукай
калі ты мяне не ябаў
калі ты ўсё жыцьцё
баяўся што мяне такі выябуць?

калі ты вучыў мяне цалавацца?

калі ты вучыў мяне наразаць памідоры
а потым у тваім пакойчыку
на прасьціне з наліплымі косткамі
гэтых і іншых памідораў
мы глядзелі зялёную мілю?

я пялілася ў экран
і не сачыла за сюжэтам
бо шалела ад радасьці
што ў нас усё амаль па-даросламу

а потым ты вёз мяне дадому
пад эпілептычным небам
і дворнікі нашай разьдзяўбанай мазды
якую ты назваў маім імем
ігнуліся ды скрыгаталі пад напорам вады
а мы на два галасы сьпявалі
riders on the storm

гэта тады я стала кончанай?

або калі мы сварыліся
наразаючы колы па парку?
цяжка манатонна
як заўжды з табой сварыцца
быццам варочаючы камяні
пад вадой
а потым у мяне адляцела шпілька
і ты да самага дома нёс мяне на руках

або на старым рэчышчы?
ты раскладаў на посьцілцы
хлеб кілбасу вараныя яйкі
а я парэзала нагу
на іншым баку
плыла назад і думала
нага дранцьвее
мабыць гэта зьмяя
ды маўчала пра гэта ўвесь вечар
пакуль ты ня ўбачыў кроў
абкруціў трыпутнікам
і да самага дома нёс мяне на руках

або калі я абзваніла бальніцы
дазналася ў якой ты прыехала
твой ложак стаяў галавой да ўвахода
і я не змагла набраць паветра
паклікаць
зрабіла тры самыя доўгія ў жыцьці крокі
і ты падняў вочы

або калі ў цябе на фота профілю
зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг?
а калі ён дарэчы зьявіўся?
можа ён заўсёды там быў?
і ў гэтым зусім няма супярэчнасьці

ты мне найлепшы сябар
я табе ябаная сука
звычайна так і бывае

а можа якраз у тым і рэч
што тваё стаўленьне да мяне
жывое дынамічнае
а я быццам гэтая адмарожаная краіна
не заўважыла як стала
кончанай
не заўважыла як ты перастаў быць
маім найлепшым сябрам
мне проста спакойна пра цябе так думаць
каб не думаць увогуле

заябалі маскалі
лепш за ўсіх усё ведаюць
вучаць жыць

на пратэсты яна пойдзе
ды табе аднаго ўдару дручком дастаткова

проста паедзь у горад
паглядзі ў акно
і напішы праўду
сваім левачкам-педэрастам
адчыні пад'езд
каб людзі маглі схавацца
і будзе досыць твайго
ябанага ўнёску ў рэвалюцыю
____________________

мне пятнаццаць
мы ідзём прасёлкам
ты зрываеш з дрэва
маленькую белую кветку
і ўстаўляеш мне ў валасы
маё шчасьце мабыць
несувымернае ўчынку
але ў тую хвілю мне й сапраўды здаецца
што нічога цудоўнейшага няма
мне дагэтуль здаецца
што нічога цудоўнейшага не было
і ты кажаш
як жа табе мала трэба
і я не разумею гэтых слоў

Пераклаў з рускай Андрэй Хадановіч
Бел-чырвона-белы сьцяг