Руны, багі і песні
Пра тэксты

Тэксты ў гэтай падборцы цесна звязаныя са скандынаўскай міфалогіяй, але створаныя ў значна больш позні, "неязычніцкі" час. "Рунічная паэма", тэкст якой датуецца другой паловай XV стагоддзя, — яркі прыклад працягу скальдычнай традыцыі. Балады "Пасма пра Локі" і "Тор з Хаўзгарда" — своеасаблівае творчае пераасэнсаванне знаёмых міфалагічных вобразаў. Адзначым, што "Тор з Хаўзгарда" — рыфмаваны пераказ вядомай эдычнай "Песні пра Трума". Такім чынам, эдычная і скальдычная традыцыі не толькі не спынілі свайго існавання, але і атрымалі другое дыханне ў фальклоры.



Рунічная паэма (XV ст.)
пераклад з ісландскай

ᚠ — Фэ, то бок золата:
родзічаў сварка,
вогнішча плыні,
цмока[1] пярына.

ᚢ — Ур, то бок імжа:
слёзы нябёсаў,
косьбіта вораг,
гнеў пастуховы.

ᚦ — Турс, то бок велікан:
дзеваў пакута,
скалаў насельнік,
Вардрун[2] сужэнец.

ᚬ — Ос, то бок бог-ас[3]:
Гаўт старадаўні,
Асгарда ёвур,
конунг Вальхалы.

ᚱ — Рэйд, то бок скачка:
вершніка шчасце,
спор у вандроўцы,
коней пакута.

ᚴ — Каўн, то бок рана:
дзетак нягода,
сечы сцяжына,
плоці пакута.

ᚼ — Хагаль, то бок град:
зімнае зерне,
дробныя льдзінкі,
змеяў турбота[4].

ᚾ — Наўд, то бок патрэба:
скруха рабыні,
стан незайздросны,
цяжкая праца.

ᛁ — Іс, то бок лёд:
водаў шкарлупка,
вопратка хваляў,
шлях ненадзейны.

ᛅ — Ар, то бок ураджайны год:
радасць сялянаў,
добрае лета,
збожжа на полі.

ᛋ — Соль, то бок сонца:
шчыт паднябесны,
промень яскравы,
лёду пагібель.

ᛏ — Цюр, то бок бог гонару:
ас аднарукі,
Воўка ахвяра,
капішчаў хільмір.

ᛒ — Б’яркан, то бок бяроза:
з лісцем галіна,
дробнае дрэўка,
гай маладзенькі.

ᛘ — Мадр, то бок чалавек:
радасць людская,
глебы ўгнаенне,
чоўна аздоба.

ᛚ — Лёгр, то бок вада:
Вімур[5] бурлівы,
гейзер магутны,
рыбаў прастора[6].

ᛦ — Ір, то бок ціс:
лук крутабокі,
стрэлаў шпурляльнік,
Фарбаўці пруцік[7].

Пасма пра Локі (1851)
пераклад з фарэрскай


Бонд з веліканам гуляў у гульню,
толькі не здолеў даць рады зданню.
Што мне да арфы ва ўмелых руках?!
Мушу ў самоце прайсці я свой шлях!

"Мы дамаўляліся, бондзе, з табой:
па перамозе твой сын будзе — мой.

Хлопца не раю табе хаваць —
я што заўгодна магу адшукаць!!

Бонд жа звярнуўся да парабкаў двух:
"Мальцы, я раю спяшацца чым дух.

Одзіна трэба паклікаць хутчэй,
будзе нам з конунгам асаў лягчэй.

Одзін падкажа, як сына схаваць,
гэтак мы зможам хлапца ўратаваць".

Бонд і паловы яшчэ не сказаў —
Одзін ужо перад імі стаяў.

"Одзін, паслухай, у роспачы я,
кемлівасць нам дапаможа твая!"

Одзін хлапца пагадзіўся схаваць,
жонка ды бонд засталіся чакаць.

Одзін прамовіў заклён на раллі —
зернейкі ўсе там за ноч прараслі.

Одзін тады між ячменю пайшоў,
колас для беднага хлопца знайшоў.

Хлопчыку Одзін затым загадаў,
каб ён зярняткам у коласе стаў.

"Шкоды ніякай не будзе табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!

Страшна не будзе, хлапчыска, табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!"

Тут як пачне велікан лютаваць,
драць каласы ды зярняткі таптаць!

І, каб няшчаснага хлопца забіць,
выхапіў меч і пачаў ім круціць.

Выхапіў меч і пачаў ім махаць,
хлопчыка злыдзень хацеў пакрамсаць.

Хлопец не ведаў, што будзе далей,
вылезці з коласа прагнуў хутчэй.

Хлопец баяўся, што згіне ў журбе —
Одзін паклікаў яго да сябе.

Хлопчыка Одзін дадому адвёў,
толькі не змог абнадзеіць бацькоў.

"Сына прывёў я ды мушу сысці —
здолела мальца пачвара знайсці".

Бонд жа звярнуўся да парабкаў двух:
"Варта па Хёніра бегчы чым дух.

Хёнір падкажа, як сына схаваць,
гэтак мы зможам хлапца ўратаваць".

Бонд і паловы яшчэ не сказаў —
Хёнір ужо перад імі стаяў.

"Хёнір, паслухай, у роспачы я,
кемлівасць нам дапаможа твая!"

Хёнір хлапца пагадзіўся схаваць,
жонка ды бонд засталіся чакаць.

Хёнір тады да праліву пайшоў,
сем белых лебедзяў там ён знайшоў.

Сталі да аса яны падплываць —
скеміў тут Хёнір, дзе хлопца схаваць.

Хлопчыку Хёнір тады загадаў,
каб ён у лебедзя пёрачкам стаў.

"Шкоды ніякай не будзе табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!

Страшна не будзе, хлапчыска, табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!"

Тут велікан да праліву пайшоў,
сем белых лебедзяў там ён знайшоў.

Злыдзень ціхутка да птушак падплыў,
першага ж лебедзя моцна схапіў.

Першага ж лебедзя ён пакусаў,
шыю да крылаў ушчэнт разадраў.

Хлопец не ведаў, што будзе далей,
вылезці з пашчы хацеў як хутчэй.

Хлопец баяўся, што згіне ў журбе —
Хёнір паклікаў яго да сябе.

Хлопчыка Хёнір дадому адвёў,
толькі не змог абнадзеіць бацькоў.

"Сына прывёў я ды мушу сысці —
здолела мальца пачвара знайсці".

Бонд жа звярнуўся да парабкаў двух:
"Варта па Локі спяшацца чым дух.

Локі падкажа, як сына схаваць,
гэтак мы зможам хлапца ўратаваць".

Бонд і паловы яшчэ не сказаў —
Локі-хітрун перад імі стаяў.

"Шчасна не дасць велікан нам пажыць:
сына майго ён жадае забіць.

Локі, паслухай, у роспачы я,
кемлівасць нам дапаможа твая!

Як жа нам, Локі, сыночка схаваць?!
Як ад пачвары яго ўратаваць?!"

"Бондзе, ну досыць ужо галасіць,
мусіш спачатку ты вось што зрабіць!

Покуль я хлопчыка буду хаваць,
трэба паветку табе збудаваць.

Зладзь мне паветку з шырокім вакном,
рама хай будзе з жалезным прутом!"

Локі хлапца паспяшаўся схаваць,
жонка ды бонд засталіся чакаць.

Локі адразу ж на бераг памчаў,
дзе кагадзе човен свой прывязаў.

І, калі верыць паданням старым,
доўга плыў Локі на чоўне сваім.

Потым грузіла з кручком ён узяў,
кінуў за борт і цярпліва чакаў.

Рэзка напялася лёска тады —
камбалу выцягнуў Локі з вады.

Выцягнуў потым другую за ёй,
трэцяя чорнай блішчэла луской.

Хлопчыку Локі тады загадаў,
каб ён ікрынкай у камбале стаў.

"Шкоды ніякай не будзе табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!

Страшна не будзе, хлапчыска, табе,
толькі паклічу — выходзь да мяне!"

Локі да берага хутка паплыў,
там на пяску велікан ужо быў.

І з падазрэннем у Локі спытаў:
"Дзе ты, хітрун, усю ноч прападаў?"

"Дзе, велікане, я толькі ні быў!
Паў-акіяна за ноч я праплыў".

Човен жалезны спусціў велікан,
хвалямі кідацца стаў акіян.

Локі тады ахапіў непакой:
"Дружа, ці возьмеш мяне ты з сабой?"

Той пагадзіўся ды сеў стырнаваць,
Локі ад берагу стаў веславаць.

Доўга ён вёсламі хвалі лупіў,
човен жа нават і з месца не сплыў.

Локі знясілены мусіў прызнаць:
"Пэўна, мне лепей было б стырнаваць".

Вёслы з усмешкай схапіў велікан —
човен панёсся, нібыта ўраган.

Вёсламі злыдзень махаў, нібы чорт —
ледзьве не выкінуў Локі за борт.

І, калі верыць паданням старым,
доўга плыў злыдзень на чоўне сваім.

Потым грузіла з кручком ён узяў,
кінуў за борт і цярпліва чакаў.

Рэзка напялася лёска тады —
камбалу выцягнуў злыдзень з вады.

Выцягнуў потым другую за ёй,
трэцяя чорнай блішчэла луской.

Локі пачаў велікана прасіць:
"Можа, ты камбалу мне аддасі?"

Ад велікана пачулася "не":
"Не атрымаеш ты, Локі, яе!"

Рыбіну ён на калені паклаў
і пералічваць ікрынкі ў ёй стаў.

Кожную дробачку ўважна лічыў,
пільна за кожнай ікрынкай сачыў.

Хлопец не ведаў, што будзе далей,
вылезці з камбалы прагнуў хутчэй.

Хлопец баяўся, што згіне ў журбе —
Локі паклікаў яго да сябе.

"Хлопча, схавайся за спінай маёй,
покуль не будзем на сушы з табой!

Там у паветку бяжы з усіх ног,
абы схапіць цябе злыдзень не змог!"

Стаў велікан веславаць да зямлі,
хутка яны ля ўзбярэжжа былі.

Локі ля сушы стырно таргануў,
човен кармой да зямлі развярнуў.

Скочыў на бераг хлапчыска тады,
ціха стаіўся ля самай вады.

Стаў велікан галавою круціць,
бачыць — на беразе хлопец стаіць.

Хлопец панёсся тады стрымгалоў,
нат на пяску не пакінуў слядоў.

Злыдзень жа з чоўна за хлопчыкам — скок,
ды праваліўся па бруха ў пясок.

Хлопец ад страху ажно вар’яцеў
і з усіх ног у паветку ўляцеў.

А велікан раззлаваўся зусім:
скочыў таксама ў паветку за ім.

Ён праз акно пералезці хацеў,
ды ў галаве прут з жалеза засеў.

Локі задоўга марудзіць не стаў
і велікану нажышчу адцяў.

Зарагатаў велікан у адказ,
і зацягнуліся раны ўсе ўраз.

Локі задоўга марудзіць не стаў:
зноўку нажышчу пачвары адцяў.

Потым валун з бервяном прыцягнуў
і між нагою ды ранай уткнуў.

Злыдзень такога ніяк не чакаў
і неўзабаве ад ранаў сканаў.

Хлопчыка Локі дадому адвёў
і ашчаслівіў нарэшце бацькоў.

"Радуйся, бондзе, хачу я сказаць:
болей не трэба вам сына хаваць.

Болей не трэба вам сына хаваць —
здолеў я рады пачварыне даць.

Справу сваю я выдатна зрабіў
і велікана без жалю забіў".
Што мне да арфы ва ўмелых руках?!
Мушу ў самоце прайсці я свой шлях!


Тор з Хаўзгарда (1919)
пераклад з дацкай

Тор з Хаўзгарда па лузе
скакаў туды-сюды —
знайсці не мог, бядача,
свой молат залаты.
Лейцамі Тор жарабятка ўтаймоўваў.

Тор з Хаўзгарда ў адчаі
у брата стаў прасіць:
"Да троляў, браце, злётай,
там молат можа быць!"

Рашуча Локе Лёйманд
свой покрыў з пер’я ўзяў
і птушкаю над морам
у Нёрэф’ельд памчаў.

Ля замка покрыў скінуў
і зноўку стаў сабой,
затым да Тосэгрэвэ
пайшоў сваёй хадой.

"Вітаю цябе, Локе!
Вітаю ад душы!
У Хаўзгардзе ўсё добра?
Хутчэй мне раскажы!"

"У Хаўзгардзе ўсё добра,
ды толькі не зусім:
у Тора скралі молат,
вядома гэта ўсім".

"Надзейна Тораў молат
я пад зямлёй схаваў:
на шэсцьдзесят пяць сажняў
углыбкі закапаў.

Адзінае, што можаш
ты Тору перадаць:
на дзеву Фройбарг молат
я згодны абмяняць".

Рашуча Локе Лёйманд
свой покрыў з пер’я ўзяў
і птушкаю над морам
дадому паспяшаў.

Ля замка покрыў скінуў
і зноўку стаў сабой,
затым да браткі-Тора
пайшоў сваёй хадой.

"У Тосэгрэвэ молат
не зможам мы забраць,
пакуль з пасагам Фройбарг
не згодзімся аддаць".

Пачула тое Фройбарг,
зірнула на братоў —
і ў дзевы ад шаленства
пайшла з пазногцяў кроў.

Хадзіла ганарліўка
з задзёртай галавой:
"Я жонкаю не стану
пачварыны дурной!"

"Не гневайся, сястрыца,
я ведаю, як быць,
за гэткую параду
ды варта б заплаціць!

Мы возьмем братку-Тора,
расчэшам патлы ўсе —
і гожанькай нявестай
да троля адвязем!"

Ледзь Тора ўгаварылі
сукенку начапіць,
а Локе Лёйманд мусіў
ягонай дружкай быць.

Нявесты ўпрыгажэнні
спрэс з золата былі,
і ў гэтым строі Тора
да троля прывялі.

На лаву пасадзілі
ды змусілі чакаць,
тут выйшаў Тосэгрэвэ
нявесту частаваць.

Быка нявеста зжэрла
і трыццаць кумпякоў,
а потым праглынула
за раз сямсот хлябоў.

Затым адкаркавала,
каб смагу наталіць,
дванаццаць бочак з півам
і стала прагна піць.

Спужаўся Тосэгрэвэ
і ўслых прамармытаў:
"Я гэткіх ненажэрных
яшчэ не сустракаў!"

З усмешкай мовіў Локе:
"Была яна ў журбе —
і цэлых восем содняў
не ела без цябе".

Старога Тосэгрэвэ
узрадаваў адказ:
"Вясельны падарунак
ужо выносіць час!"

Васьмёра моцных троляў
цягнулі за сабой
на тоўстых жэрдках молат
нявесце маладой.

Нявеста ж маладая
той молат узяла
і, быццам нейкі пруцік,
угору падняла.

І стала Тосэгрэвэ
што моцы лупцаваць,
калі ж яго забіла —
пайшла гасцей ганяць.

Тор з Хаўзгарда зацята
пачвараў малаціў —
і шэсцьдзесят пяць троляў
без літасці забіў.

Заторгалася ў Локе
ад смеху галава:
"Вяртаймася дадому,
нявестанька-ўдава".
Лейцамі Тор жарабятка ўтаймоўваў.


[1] Маецца на ўвазе Фафнір.
[2] Імя веліканкі.
[3] Гаворка ідзе пра Одзіна.
[4] Можа быць і кенінгам хуткай зімы.
[5] Рака, якую Тор мусіў пераходзіць бродам на шляху да ўладанняў Гэйрада.
[6] Кенінг мора.
[7] Фарбаўці — ётун, муж Лаўвеі, бацька Локі. Верагодна, маецца на ўвазе тое, што для ётунаў цісавы ствол — быццам танюткі пруцік.

Пераклад Яўгена Папакуля
Яўген Папакуль