Вызначэнні
Крыху пра дамавіка

Дамавік, па-японску Фукуракудзю,
карысны ў гаспадарцы, калі з ім не сварыцца,
ён любіць, каб на ноч пакідалі яму людзі
сподак з малаком і булку з карыцай.

Сядзіць ён маўкліва, працуе рухава —
расшывае бліскучымі ніткамі шаты,
а як шчасце збягае (звычайная справа),
ён пракуду за вуха вяртае дахаты.



Пташка

Пташка-ідыётка
з племені гультаек
без штаноў і ботаў,
што ваюе з коткай
і фарсіць істужкай,
маці колькіх яек —
круглых ідыётаў,
руда-шызай тушкай
села на галінку,
вылупіўшы вочы,
і кляне ў лістоце
гэткую ж крэтынку,
а пасля сакоча
поўнае дурноцце.



Скрадзены верш

Касцёлам лес паўстаў — і заржавеў.
Скляпенне, бы валошкі ў вышыні,
бялёса сíніць змрочныя муры…

Ідзе праз бор вятрыска, дзяк стары:
ён дзьме на кандэлябры срэбных дрэў
і гасіць лісце — іскры і агні.



Вялікі Воз

Мы туляемся з абозам
і начуем пры дарозе:
сёння — пад Вялікім Возам,
заўтра — на Вялікім Возе.



Каралева Зімы

Вось Каралева Зімы ідзе праз алеі,
і вакол яе завіруха шалее.
Вусны яна сціскае, збялелыя трошкі,
а на шапачцы — снежныя стужкі і брошкі.

Ліст у яе: белы аркуш, чорныя словы,
з іх нараджаецца холад зімовы,
Каралева ідзе да ракі. У вачах яе — іней.
Скокне яна ў раку — і рака застыне.



Пчала

Нашто я ляцела ў чужыя краіны —
няўжо каб здабыць яшчэ трохі маркоты,
гэтага горкага мёду,
эсенцыі,
якой запоўніцца хутка павінны
залаты вулей
маёй экзістэнцыі?



Жанчына-Ікар

Жанчына-Ікар ляціць даўжэй,
            бо яна лягчэйшая.
Яе ўздымае паветра і вецер трымае.
Лунае яна без надзеі, смяецца як гейша,
а потым падае — цяжка,
            як камень.



Восень

Ружы ржавеюць у шыры,
выбеленай дажджамі,
з небам зямлю яны сшылі
дрыжыкамі і шыўкамі.

І ўсё цяпер фарбы згушчае,
псуецца і весціць напасці,
ды не назаўжды, ад адчаю,
а ненадоўга — ад шчасця.



***

Магноліі схіляюць цяжар бялюткіх твараў.
Не трэба больш пра смерць,
калі навокал — столькі мараў.
На лавах пад камлямі — пялёсткаў крутаверць.
Не трэба пра жыццё,
калі смяецца смерць.



Цяжарная

Як экзатычна, маці,
груз ты цягнеш вялікі,
рэдкае ў нас багацце —
гэты твой бляск дзікі.

Цвеліш цывілізацыю,
цёмнае ўзнёсшы ўлонне,
над курганом іскрацца
вочы па-новаму сёння.

Ззяй у шкельцах вясёлкай,
начыста выгалі броўкі,
на гарбузе сваім голкай
выведзі татуіроўкі.

Золата аддаеш ты,
плацячы за каралькі?
А ўсю сябе дарэшты —
за крыклівую ляльку?

У горадзе ты ваяўніца
супраць гарачкі руху —
як прыгожа глядзіцца
сподак-касцяшка ў вуху.

Часам з гушчы здарэнняў
вызірне вусціш — і знікла.
Гэта ў аздобе з ценяў
татэм паказвае іклы.

Бачыш на польскім полі
львоў з залатою грывай,
звоняць званкі ў наваколлі
па-афрыканску тужліва.

Простая ты, як спёка,
пальма — і між усмешак,
поглядаў і эківокаў
свой галубіш арэшак.

Як у гняздзе з лістоты,
што між галінак цьмее,
носіш пад сэрцам істоту,
сонную цацку — пігмея.



Арганічныя малітвы

Маліў вадзяны павучок пра звон,
Каб звіць гняздо саматужна,
Клёны — пра лопасці для зярнят,
Пра зброю для кветкі — ружа.

Кожны благае пра вышні знак
І можа быць ім блаславёны,
Толькі прасіць трэба ўмеючы — так,
Як ружа, павук ці клёны…



Бедны Хтосьці, сумны Ніхто

У Кагосьці сэрца хварэе
А навокал — мароз
            і завея…

Ён — змарнелы агарак свечкі
Толькі сіверам цягне
            з печкі…

Гучна ў коміне стогне нябога
Той, хто носіць імя
            Нікога…

Хтосьці злосны: выццё стаміла,
А Ніхто ўсё стогне
             штосілы…

І Камусьці швах, і Нікому
І не дома кепска,
            і дома…

Сумна грае Ніхто на флейце
І спявае
           аб іншасвеце…

Той, хто хоча Нікім зрабіцца
Ловіць гэты зык
            у сняжыцы…

Ловіць зыкі начной парою
І далей адсоўвае
            зброю…



Браткі на могілках

Мёртвыя выйдуць з долу
групкаю браткаў,
браткі, нямыя і кволыя,
забылі ўсё даастатку.

Ззяюць расой блукальцы
без труны і без хаты,
браткі — былыя мáльцы,
браткі — былыя дзяўчаты.



Памерлым

Імклівы час ілюзій і прыгод
Для вас застыў у скамянелы лёд…
Ды толькі хто вясне наробіць шкоды?
Успыхне Бог — і льду няма,
І час для вас імчыцца як заўсёды:
Не будзе вечнай і найзорная зіма…



Нататка з 1938 года

Дні восені — кастрычнік нечаканы,
Паўзём мы паўз лістоту на выведку,
Глядзім у дол, на мёртвыя сусветы,
Іх шолахам зачараваныя…
Знішчальная пануе ў свеце сіла
І ўсё пытае, голасна і строга:
"Што ты, вясна-руплівіца, зрабіла?
Вясна, нічога!"



Вызначэнні

Свет быў ваенна-шары,
"Блэкаут" блёкатам труціў кватэры,
Калі ў пыле цела знайшлі нежывое…

Дзіця, аскепкам снарада забітае,
Падумаем пра тое,
Як назваць цябе: "Невядомым цывільным жаўнерам"
Ці, можа, "Вялікай ахвярай"?



Ружа, лясы і свет

Не час аплакваць ружу, калі гараць лясы,
Не час лясы аплакваць, калі палае свет,
Калі зямны абшар адною стаў Сахарай…
Не час аплакваць свет, калі наўкол хаос,

Калі ніхто не знае ні дня і ні гадзіны,
І шар зямны расціснуў Богу грудзі,
Ды той паўстаў — як леў у гневе львіным,
Калі любая ноч чарнеецца ў журбе…
— — — — — — — — — — — —
А я аплачу — ружу і сябе…



Вечаровая размова

Давай пагаворым аб лесе, дзе тонкім батыстам
Абкруціць галіны туман — і не будзем пра зоркі!
Зашмат нам казалі пра купал нябёс серабрысты,
Зашмат нам казалі аб вечнай гармоніі…

Падумай: злачынца-зямля між планет і камет
Нясецца ў цярновым вянцы — ашалела, штосілы.
Вянец свой з калючага дроту яна заслужыла!
Мы мусім у ёй сумнявацца — у ёй і яшчэ
У цэлым сусвеце, ва ўсім яго стане і плане.

Хачу гаварыць аб англійскіх лясах і аб эльфах,
Аб соннай сябрыне bluebells у цяністай цясніне…

Наш год, нашу эру забудзем хаця б на хвіліну,
Давай пагаворым — ды не пра вайну, не пра зоркі!
Бо ёсць яшчэ гнёзды крукоў, і ў смузе надвячоркі,
І перлы ў жмутах амялы, што вісяць на галінах.

Пераклад з польскай Ганны Янкута

Больш вершаў паэткі можна знайсці ў зборніку з серыі "Паэты планеты": Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска. Выбраныя вершы. — Мінск: Зміцер Колас, 2022.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска
Ганна Янкута