Пераклад з украінскай
Баі без правілаў

Юлія Мусакоўска

***
Што грыміць у мяшку?
Косткі.
Косткі мае, ды ня ўсе.
Тры костачкі брацік выняў,
дзьве на рынку прадаў,
адну на гародзе закапаў.

Вырасьце з той косткі яблыня,
кожны яблык з тварам маім.
Будзе ў браціка пытацца:
— За што ты мяне, старэйшы брацік?
За што ты мяне забіў,
костачкі зь мяне выняў,
грубай ніткай зашыў,
у мяшок паклаў,
тры дні пахаваць не даваў?
— За тое, што ў цябе
жонка прыгажэйшая,
песьня гучнейшая,
зямля тлусьцейшая,
яблыня ў падворку вышэйшая.
Аддай мне зямлю сваю,
жонку сваю,
песьню сваю
вузлом поперак горла завяжы.

Ня брат ты мне,
ня шчыры вораг,
не чалавек,
ня зьвер.
Мяшок, набіты косткамі.

Выйдзе жонка твая — надкусіць яблычак,
упадзе мёртвая.
Выйдуць дзеці твае,
надкусяць —
упадуць нежывыя.
Выйдзе сонца —
спаліць тваю хату датла,
попелам зямлю засее.

Што грыміць у мяшку?
Яблыкі.
Салодкія-салодкія.


Астап Слывінскі

Менск, 12.08.2020

Такіх, як мы,
у вышуканае таварыства
пускаюць толькі з разбітым тварам,
перапэцканым уласнай крывёй.
Гэта наш пропуск —
не далей, чым сцэна,
з якой нас папросяць сысці,
калі ўдосталь паспачуваюць
і дадуць колькі добрых парадаў.
Можа, пасадзяць за крайні столік,
калі мы памыемся і паціснем адно аднаму рукі,
бо ахвяра і агрэсар — гэта ж так адносна.
Можа, нальюць нам чагосьці моцнага,
уласна так, як мы любім.
Але мы ведаем: дарма яны адчынілі нам дзверы,
дарма ўпусцілі гэтую воўчую кроў,
штось пачынае ім муляць, як муляе нам ужо шмат год,
нібы сверб там, куды не можа дацягнуцца рука,
нібы парэз, які ўжо даўно мусіў загаіцца, —
фантомны боль, які мы называем фантомнымі, то бок
неперакладальнымі словамі.
Калі мы, звяры, яшчэ можам быць у чымсьці адзінымі,
то ў злараднасці,
з якою сочым, як сціскаюцца іхныя кулакі,
як напружваюцца цягліцы пад рамянямі гадзіннікаў.
Праз хвілю тут будзе так, як мы любім.
І сцэна — пустая і цёмная, як на пачатку часоў.


Сяргій Жадан

+++

Вось так стаіць чалавек
між катам і катам.

Ідзі да мяне, — кажа першы кат, —
я ня маю да цябе зла,
ня будзеш пакутаваць.

Лепей ідзі да мяне, — кажа іншы, —
адчуеш усю маю лютасьць,
пойдзеш на той сьвет праведна.

Добра, — адказвае чалавек, —
дайце падумаць, пачакайце трошкі.

Стаіць,
разглядае свае чаравікі,
разглядае вязкі глыбокі грунт,
робіць выгляд,
што выбірае.

+ + +

Баі бяз правілаў — цяжкі заробак сьвятых,
калі судзьдзя штось крычыць і натоўп заціх.
І маладыя апосталы б’юцца
супраць мясцовых,
то бок супраць чужых.

І Ісусу таксама бінты намотваюць на кулакі,
і штурхаюць у кола, нібыта ў воды ракі,
і супраць яго выходзіць юны партовы грузчык,
і, вітаючы, не падае рукі.

І калі Ісус падае на цыркавое сукно,
калі апускаецца ў пекла, кудысьці на дно,
цела ягонае робіцца крохкім, як хлеб,
а кроў — сухой, як віно.

Ды хтосьці крычыць яму ў сьпіну: “Давай, туды!
Згадай усё, што казаў нам, як быў малады!
Калі ты ня ўстанеш, пра гэта дазнаецца кожны,
адразу і назаўжды!

Падымайся і біся – ты ж б’есься, як бог!
Ня дай гэтай сволачы шанцаў! Валі яму па зубох!
Твая дарога да мэты
складаецца зь перамог!

Ніякай літасьці тым, хто дрыжаў між рэчак і траў!
Ніякай Божае ласкі таму, хто хлусіў і краў!
Давай, ты ж столькі разоў
падаў і паміраў!

Яны ж усе тут — здраднікі ды слабакі!
Замест сумленьня ў іх — жабры,
замест крыл — плаўнікі!
Валі іх, Госпадзе, трушчы аб іх кулакі!

Валі іх за слабасьць і плач, за няздатнасьць перамагчы!
За тое, што кожны пра ўсё забывае ўначы!
І нават уласнаю сьмерцю
любуюцца, як гледачы!

Яны ўсё адно ня слухаюць ні нас, ні цябе,
нічога іх не ўратуе, нічога іх не грабе,
нішчы іх, Збаўца, пакуль яны самі сябе
ня вынішчылі ў барацьбе!

За іх ляноту й прадажнасьць — валі іх, мацней, люцей!
Нішчы за пакаленьні ссучаных паўлюдзей!
За хцівасьць на сподзе малітваў,
за хітрасьць на дне іх надзей!”

…І ён падымаецца, сплёўвае чорную кроў,
падымаецца, потым падае, пасьля падымаецца зноў,
і грузчыкі шэпчуцца, ну вось, ён зноўку
сьмерцю сьмерць пабароў.

І валіць правым прамым проста пад дых!
За кожнае ліха ў сэрцы гэтых і тых!
Паколькі бокс і напраўду — справа ўпартых
і маладых.

І юны бамбіза падае па-за жыцьцё,
пасьпеўшы сказаць яму дзякуй, і цешыцца, як дзіцё,
маўляў, шчасьлівы, хто верыць
у збавеньне і ў забыцьцё.

І рушнік да твару яму прыклаўшы ў імя айца,
апосталы скажуць, што верылі да канца.
А тыя, што ставілі на яго,
і далей будуць ставіць
таксама —
на дасьведчанага байца.

Пераклад з украінскай Андрэя Хадановіча