І дзе тут узяцца паветру ў лёгкіх?..
Галіна Петрасаняк

***
Так,
нібы гаворка пра памылкі
у футбольнай гульні,
заходнеэўрапейскія экспэрты
абмяркоўваюць пралікі
арміі, што ступіла
на маю зямлю,
каб сеяць сьмерць.

Так,
нібы гаворка пра мастацтва,
швайцарскі банк
спансаруе кардэбалет,
што імітуе жарсьці,
каб адцягнуць увагу сьвету
ад крывавых злачынстваў
сваёй краіны
і стварыць новую
ненармальную
нармальнасьць.

А мы з табой
у думках
зноў і зноў вяртаемся
у Бучу, Харкаў,
Ірпень, Марыюпаль
так,
нібы разам
зь іхнымі жыхарамі
там загінулі
усе
каштоўнасьці сьвету.

20.04.2022


***
Сёньня
была Велікодная служба
наш Вялікдзень
у царкве чужое краіны

Жанчына
за маёй сьпінай
раптам сказала
іншай

я з Бучы

Хрыстос уваскрос зь мёртвых
сьмерцю сьмерць зваяваў

Дзесяць дзён
мы сядзелі ў падвале
нашых сяброў у першы дзень
расстралялі з танка
суседку гвалцілі
на вачах у малалетняга
сына

Хрыстос уваскрос зь мёртвых
сьмерцю сьмерць зваяваў

Неяк пад вечар
калі страляніна сьціхла
нам удалося выбрацца
па дарозе мы бачылі
прашытыя кулямі машыны
зь мёртвымі людзьмі
ўнутры

Хрыстос уваскрос

я з Бучы

сьмерцю сьмерць
зваяваў

24.04.2022


Вячаслаў Лявіцкі

ВЯЛІКДЗЕНЬ

1

Калі дыктар перарывае
літургію па радыё, кажучы:

"Увага! Паветраная трывога!" —

ты ўяўляеш,
як у гэтую самую хвілю
анёльскі батальён тэрабароны
заступае на нябесныя баявыя пазіцыі.


2

Адзін гуманітарны калідор
выявіўся адкрытым.

Вялікдзень заходзіў
у марыюпальскія сутарэньні
з катакомбаў першых хрысьціянаў
Старажытнага Рыму.


БЯССОНЬНЕ

ну сур’ёзна
усё-ткі нашто ім
баявыя дэльфіны?

навошта расеі
спэцыяльныя атрады дэльфінаў
у севастопальскай бухце?

будуць атакаваць
нашыя гарады
з пляжаў і ўзьбярэжных

?

абвесьцяць
усе цыркі й дэльфінарыі
"народнымі рэспублікамі"

?

замуцяць яшчэ нейкую
мокрую справу

?

мае пытальнікі вынырваюць
атрасаючы салёныя пырскі
нібы дывэрсанты што б’юць
па чужым чарнаморскім флоце

пакуль я іх трэнірую
нясуць далей сваю падводную службу
баявы дэльфін пушкін
і баявы дэльфін булгакаў

а баявы дэльфін гумілёў кажуць
не такі як іншыя
бо піша вершы пра баявую жырафу


Дмытро Лазуткін

ВЯСНА Ў ПРЫІРПЕНЬНІ

заехалі на танку ў двор
сказалі
не хадзі тут
бо прыстрэлім

так і сядзеў у падвале
ўдваіх са старой мамай
елі кансэрвы —
салёныя агуркі
марынаваныя перцы

да выбухаў прызвычаіўся хутка
па гучнасьці вызначаў
каму з суседзяў не пашанцавала

два тыдні мёрз
два тыдні баяўся

халодная вясна
дыхала паміж рэбраў
так нібы імкнулася
дастаць да самага сэрца

толькі б старая не памерла
думаў ён
толькі б перацярпела

хмары выпаўзалі з укрыцьця
нібы хтось выпускаў дым
з пракураных лёгкіх

чужыя галасы
гэтым разам былі чужымі як ніколі

і ўсё літаральна ўсё —
буяла й шырылася
і столькі наўкол усяго неймавернага —
аж вочы разьбягаюцца:

вось магіла ў гарадзкім садзе
вось магіла ў блізкай лесапаласе
вось яшчэ адна магіла — пасярод клумбы
дзе глеба асабліва мяккая

так мала зямлі для нас усіх
так шмат нас для гэтай зямлі

аднойчы яны зьехалі

развалены плот які абяцалі адрамантаваць
так і ляжыць


МАРЫЯ

марыя ідзе па соль

бо так шмат цяпер трэба солі
бо няма больш солі
бо скончылася

яе сьлёзы сталі прэснымі
яшчэ калі ступала па вадзе
а як выйшла на бераг
з боку прамзоны —
развучылася плакаць

вецер з мора
насьвіствае штосьці
партовым кранам

сонца пяшчотнае
і сонца калючае —
нібы два розныя сонцы

чаму мы думалі
што ракеты —
гэта пра космас?

чаму нам не сказалі
што ракеты —
гэта пра цёмныя падвалы?

што ноч мае вочы
што сьмерць мае пах
што мы тут адны
і ніхто нас не забярэ
чаму нам не сказалі
марыя?

столькі пасечаных дрэваў
столькі раздушаных пытаньняў

іржавая дарога
раскіданыя гільзы

марыя ідзе па соль


ІНДЫЙСКІ АКІЯН

што яна рабіла на ўзьбярэжжы
індыйскага акіяну?

глядзела як сонца асьцярожна
сядае на хвалі й пачынае на іх гайдацца?

ела салодкія фрукты пад пальмамі?
ганяла на матаролеры?
выгіналася нібы зьмяя
лежачы на пяску?
курыла духмяную траву?
танцавала? мэдытавала?

мабыць менавіта так усё й было

дзесяць дзён сьвятла
дзесяць дзён свабоды…

вярталася ніна
самалётам праз варшаву
падчас перасадкі пасьпела паразмаўляць па відэасувязі
з дачкой
якая засталася зь яе бацькамі
дома

у марыюпалі

яе малой было чатыры гады
яна сьмешна вымаўляла асобныя словы
асабліва новыя для сябе
напрыклад кажучы пра ракеты
сказала:
мам
а ў нас лакеты

якія лакеты?
ну што ты там ужо зноў выдумляеш?

так яна дазналася пра пачатак вайны

празь некалькі хвілін яе рэйс адмянілі
як і ўсе іншыя рэйсы ў патрэбным кірунку

наступнага дня стала зразумела
што далей будзе яшчэ горш
абстрэлы ўзмацняліся
пачалі зьяўляцца паведамленьні
пра першых загінулых
і страшныя кадры зруйнаваных высотак

адлегласьці між тэлефоннымі размовамі
рабіліся невыносна доўгімі

калі ехала ў мікрааўтобусе
да ўкраінскай мяжы
сувязь з дачкой і бацькамі зьнікла
на сем дзён як выявілася пазьней

празь нясьцерпна
вязкі час
у сьвет упаўзала вясна

абанэнты былі
па-за зонай дасяжнасьці

навіны што прыходзілі —
не давалі ёй дыхаць

поўная аблога гораду
поўная аблога гораду
і дзе тут узяцца паветру ў лёгкіх?

яна чытала пра гуманітарныя калідоры для цывільных
расстраляныя расійскімі салдатамі
тэлефанавала суседзям
пытала — калі бачылі яе дачку апошні раз?
перапытвала праз рыпеньне і шоргат у слухаўцы:
яна жывая?
яна жывая?
вы мяне чуеце? яна жывая?

супраць яе маленькай дзяўчынкі
армія пуціна выкарыстоўвала
сыстэмы залпавага агню
дальнабойную артылерыю
авіяцыйныя бомбы
тактычныя ракеты
вельмі шмат танкаў
мінамётаў і стралковай зброі

увесь час:
трымценьне й вібрацыя

пісалі што горад зруйнаваны
на 50 адсоткаў
потым — на 70
пасьля — на 90

бясконцае пагарэлішча
мёртвая зямля
да якой
птушкі вярталіся нібы дадому
а ўбачылі — толькі спаленыя гнёзды
дый разьляцеліся назаўжды
зьдзіўленыя
напужаныя
разгубленыя

ніна пралічыла ўсе магчымыя варыянты
і на ўсякі выпадак — немагчымыя

то бок калі ёй пазванілі
зь незнаёмага нумару
яна ўжо была гатовая да ўсяго

як выявілася
аднойчы ў іхняе бамбасховішча
зайшлі людзі з аўтаматамі
хутка забралі ўсіх
і павезьлі кудысьці пад растоў
частцы — дазволілі часова застацца ў данецку
менавіта адтуль і тэлефанавалі

ніна слухала незнаёмы голас і ў думках малілася
пачула знаёмыя — і разрыдалася

ёй удалося дамовіцца пра ўсё
амаль цудам…

яна забрала іх на блокпасту
за вокнамі аўтамабіля праплывалі
нізкія хмары й высокія дрэвы

амаль усю дарогу дзяўчынка
спала на заднім сядзеньні

ужо за пярэмышлем
прачнулася ад нахабнага ранішняга сонца
запытала:
мама
мамачка
скажы
ну як табе індыя?

калі ласка
скажы
як табе індыя?

размыты гарызонт
выядаў вочы

калі гэтая дарога
скончыцца
мы абавязкова
пра ўсё пагаворым


Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч


Дмытро Лазуткін
Галіна Петрасаняк
Вячаслаў Лявіцкі