Аляксандр Ірванец
Яны думаюць, што могуць нас забіць

Аляксандр Ірванец

Калі выбухаюць нябёсы
І б’юць халады пад дых,
Не за сябе баімося мы,
Мы баімося за іх.

Бо маем рэсурс нябачаны
І непадуладны Крамлю.
Кашатнікі і сабачнікі
Кіева!
Я вас люблю!

Я ведаю чэргі, я зь імі на "ты",
Ды ўражаны ў сэрца самае:
Стаяць не па харч, не па лекі шыхты,
А чэргі — пад заакрамаю.

Мне простую праўду адкрыў наш час,
Што ўсе пераходзім уброд мы,
Жывёлы й людзі, тут кожны з нас
Шляхетны й высокапародны!

Ад псоў і катоў, што маюць дыплом,
Да хамелеонаў і зьміяў —
Мы ўсе цеплакроўныя,
Бо цяплом
Сваім саграваем Кіеў!

Хоць сьмелым ня быў, ды зьменіцца ўсё,
Як вораг на нас натрапіць, —
Я ведаю, стане наш кот Басё
Для бою на заднія лапы!

О, як наляцеў бы на тых падлюк
І колькіх хацеў бы пагрызьці,
Адважны чорны лятучы Люк,
Бульдог чароўнай Ларысы!

А наастачу паведаю ўсім,
Хачу, каб усе гэта зналі:
З намі яны, і мы ўдзячныя ім
За тое, што тут яны, з намі!

Калі небасхіл скаланаецца
І б’юць халады пад дых,
Яны да нас прыхінаюцца
І мы прыхінаем іх!

18.03.2021


Алена Стэпаненка

* * *
прычынацца да золку
слухаць кананаду
думаць — можа, нарэшце, зачыстка?
колькі яшчэ жыць у зьмерзлым сьвеце
безь сьвятла?
адліга. выйсьці на вуліцу
вібруючы ў кантрапункце
грукату сякераў і артылерыйскіх снарадаў
першыя сякуць паддоны
з суседняй будоўлі
каб падтрымаць агонь
другія
хочуць зьнішчыць нашых дзяцей
Хуй вам!
у вясновым паветры патыхае
згнілай рыбай
Аніке кажа —
вось што можна так гатаваць?
я разумею —
гэта сьмярдзяць расейцы
кадыраўцы
і беларускі амап
раскіданыя паўсюль
у радыюсе кіламэтра
вецер раве і ўвесь час
мяняе напрамкі
смурод стаіць
як прыбіты
мы ня можам есьці
спаць
спаражняцца
мы амаль як анёлы
што не пацеюць
ня мыюцца
не мяняюць шкарпэтак
у даліне сьмяротнага ценю
у найчысьцейшым (калісьці)
раёне Бучы
абложаныя другой паводле магутнасьці
арміяй мёртвых у сьвеце
адны ўжо сталі сьмярдзець
іншыя яшчэ поўзаюць у сваіх
жалезных карабчонках, набітых
крадзенымі тэлевізарамі
і слоікамі з агуркамі
яны думаюць
што жывуць
яны думаюць
што ядуць
думаюць
што могуць нас забіць.
Хуй вам!


Барыс Херсонскі

Партрэт у трох праекцыях

1.
Калі гляджу на яго твар анфас
бачу ў яго вачах вайсковы парад
уздоўж Хрышчаціка і трыкалор
на купале Сьвятой Сафіі.
Гэта яго галюцынацыя – кажу я сабе.
Гэта яго трызьненьне — кажу я сабе.
Гэта тваё трызьненьне й галюцынацыя — кажу яму
і паварочваю яго галаву ў профіль
ды бачу

2.
Шматок скуры злуплены са шчакі
і як у анатамічным атласе аголеная
жавальная мышца з сталёвымі прожылкамі.
Вуха зробленае з фаянсу і зьліўны бачок
усталяваны над ім.
І я паварочваю ягоную галаву патыліцай да сябе
ды бачу

3.
бачу велізарную дзірку ў патыліцы
з ірванымі краямі, на якіх запяклася
кроў. бачу натоўп людзей у вайсковай форме,
што валяцца ў тую дзірку і зьнікаюць у ёй назаўжды.
Гляджу і гляджу
не магу наглядзецца.

20.03.2022


Анатоль Дністравы

* * *
каля моста яго паклалі
калі ён глядзеў на рэчку дзяцінства
дзе лавіў шчупакоў на жыўца
забралі наяўныя й карткі
растапталі ўпакоўку інсуліну
для суседкі
бабулі ганьнісіі
якая ўсім дакучала балбатнёй
пра астралогію


* * *
перад сном выйшаў з сыночкам на вуліцу
паглядзець на начное неба
я паказваў яму сузор’і
малую й вялікую мядзьведзіцу
арыён ды льва
а ён мне
як хутка рухаюцца
падобныя на зоркі
дзьве ракеты

15.03.2022

Зіма ў сакавіку

1
яны несупынна пруць
іх болей за ўсе хвіліны на сьвеце
якія
павольныя нібы чарапахі
бязьлітасныя як сьмяротны вірус
ні танкі чужынцаў
ні іхныя цыстэрны й гарматы
ні доўгія калоны грузавых аўтамабіляў
ні зьдзічэлыя салдаты
што харкаюць на чорную ад бою зямлю
ўжо не палохаюць старых і дзяцей
толькі хатнія зьвяры ў адчаі
ад выбухаў кананады
толькі хатнія зьвяры ўпершыню
ня бачаць сваіх гаспадароў

2
густы чорны дым ад разбомбленай нафтабазы
ахінае кварталы й дарогі наўкола
ахінае завулкі й паркі дзе заўжды было людна
ахінае дзяцінства малечы
праз куродым халоднага неба
прабіваецца зрэдчасу дыск
скрадзенае сонца маёй краіны

3
няспынныя працяглыя сырэны
зрабілі маўклівымі злымі
стомленыя шэрыя твары дарослых
іхныя вочы як жар
датляваюць ужо дваццаць содняў
дваццаць содняў
якія зьмяшаліся ў купу
дні і ночы
вясна і зіма

4
старая жанчына суцяшае спалоханую дзяўчыну
гэта не надоўга
бо зьверствы ня могуць трываць вечна
такога
ня вытрымае нават Госпад
не
ён вытрымае яшчэ не такое
як жа ён дапусьціў што нас усіх забіваюць
удзень і ўначы
няспынна зжываюць са сьвету
як жа ён дапусьціў
пад заваламі цэлы народ
як жа ён дапусьціў
потым дзяўчына раптам сувора пытае
можа ён
сярод іх
можа ён
таксама вораг

5
пёс абнюхвае мёртвых
у яме
паблізу
на плошчы
дзьве магілкі засыпаны шклом
на згарэлай зямлі
падушка зь пер’ем падраная
чуваць жаночы стогн у сівым ад пылу паветры
чуваць далёкія стрэлы і выбухі сярод кварталаў
наш горад жыве
наш горад стаіць

6
брудныя сакавіцкія сьнягі
зіма ніяк не адступіць
сонечны зайчык казыча
стомлены твар валанцёркі
пахне кавай і пылам
які ўжо зранку стаіць у паветры
капелан абдымае салдата
той кусае кулак
каб не рыдаць

7
шкілеты згарэлых машын
сустракаюць разьюшаны ранак
з высоткі бяз вокнаў чуваць
як граюць на піяніна
высока
амаль што пад небам
лунае мазурка шапэна
каля пад’езда жанчына
кажа
так кожнага ранку
бо гэтая вайна ня вечная
як і зіма
што адступіць

22.03.22


Вячаслаў Лявіцкі

Дзень паэзіі – 2022

Раптам у Дзень паэзіі разумееш:
цябе абудзіла
чаргаваньне харэяў з анапэстамі
у выбуховай баладзе супрацьпаветранай абароны.

Ці пра такі шум у галаве
пісаў Маякоўскі?..

21.03.2022

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч

Барыс Херсонскі
Анатоль Дністравы
Вячаслаў Лявіцкі
Алена Стэпаненка