Паўло Карабчук
Лета не адчуваецца. Адчуваецца вайна


Паўло Карабчук

***
Лета не адчуваецца. Адчуваецца вайна.
Адчуваецца лютасьць у сэрцы. І літасьць у сэрцы.
Адчуваецца сьмерць тых, хто ўжо не адчуе сьмерці.
Не адчуваецца ні храна.

Лета не адчуваецца. Адчуваецца люты.
Дзіцячыя галасы зьліліся ў ружовы шум.
Голас не адчуваецца. Каб пачуць сябе — я пішу.
Адчуваецца выбух. Разьбягаюцца людзі.

Сьлёзы ня дзейнічаюць. Не спрацоўваюць амулеты.
Неба не адчуваецца. Вісіць бяз сэнсу.
На ім адзіная хмарка, што захінае сонца.
І тая — ад зьбітай ракеты.


***
гэта дзірка ад асколка?
не, гэта корань дрэва прабіваецца скрозь асфальт

гэта набліжаецца ракета?
не, гэта матацыкліст разагнаўся на праспэкце

гэта хтось крычыць ад раненьня?
не, гэта дзіця сьлёзна просіць у мамы трэцяе марозіва

гэта вайна?
не, гэта мірнае жыцьцё
зараз не хвалюйцеся, прылёты былі зранку


Алег Коцараў

Т

аўтама
т
кулямё
т
пістале
т
грана
т
амё
т
т
анк
самалё
т
а
т
амная зброя
беспіло
т
нік
гаўбіца не гаўбіца ні пры чым
заўсёды ведаў
што ўсе праблемы —
ад літары Т
гэтай малю
т
кай шыбеніцы
еж алфаві
т
малюй у паве
т
ры
т
рывогу


***
з нагоды па
трапляньня ў гісторыю
калі ласка хадзіце лежачы
на зямлі
лежачы на баку
рукамі й нагамі перабірайце
перасоўвайце
ся
каб з вышыні маштабу
вы былі як на фота
вы былі як на відэа
вы былі як тэатар
з моцнай будовай
і фінансаваньнем

а каму гэта цяжка
чыста фізычна
чорт ужо з вамі
хадзіце стоячы
але ўліпніце хаця б
у сьцяну
нібы вы таямнічая вандроўная кноп
ка
нібы вы муха
нібы вы — жук


Парафін і воск побыту

купілі ў драўлянай царкве
сьвечку з сапраўднага
воску

зірні як імкліва гарыць
значна хутчэй
за парафінавую

можна замуціць у роце элегію
пра крохкасьць і хуткаплыннасьць
усяго сапраўднага

можна нацерці
на кончыках пальцаў
оду бясконцасьці
усяго штучнага

а можна проста заснуць
не пагасіўшы
бяз страху пабытовага пажару
бяз страху пабытовае сьмерці
бяз страху сьмерці
але са страхам побыту


Тацяна Ўласава

***
Армія.
Біцца.
Выбухі.
Гастомель.
Ґвалт.
Дзікунства.
Еднасьць.
"Ёбне то ёбне, шо мы ўжо зробім".
Жыцьцё. Жахі.
Здохніце, акупанты.
Ірпень.
Ї — Слава Україні!
Корабль русскій военный.
Лэнд-ліз.
Марыюпаль.
Нянавісьць.
Оркі.
Польшча. Падтрымка.
Ракеты.
Сталёвыя людзі. Сырэны.
Тэрабарона. Танкі.
У лузе чырвона каліна.
Фосфарныя бомбы.
Херсон. Харкаў.
Цывільныя.
Чарнабаеўка. Чарназём.
Шлемы-бронікі-машыны. Знойдзем усё. Валанцёры.
Эвакуацыя.
Юкрэйн із э кэпітал оф грэйт піпл.
Яшчэ трохі. Яшчэ трохі. Я…


***
сьмерць зазірае зранку ў вокны пад дахам,
накрывае заснулых бэтоннымі плітамі.

сьмерць рыпіць колцам вазочка
з гандлёвага цэнтру.
хаваецца між дажджавых кропляў
падчас прагулянак
па вуліцах Харкава.

сьмерць гучыць высокай нотай
са сцэны драмтэатру.
прыбывае на першую платформу
замест эвакуацыйнага цягніка.

сьмерць прыходзіць на сьвет у радзільні.
ліецца пітной вадой
у глыбокія лужыны.
намагаецца прарасьці іржой
скрозь сталь.

сьмерць танчыць у небе
пад гукі паветранай трывогі
і сьвісьціць
на заканчэньне свайго танцу.

сьмерць увечары
прыходзіць з працы дадому,
кладзе спаць дзяцей,
цалуе іх перад сном,
уключае тэлевізар,
рагоча з таго, што сёньня нарабіла,
захлынаецца ўласным сьмехам,
кажа — давайце яшчэ,
і яшчэ,
і яшчэ.


Барыс Херсонскі

З Ду Фу
(Паводле страчаных падрадкоўнікаў)

Плыткі струмень. Утульны ставок.
Горы. Пагады. Даўні масток.
Лепяцца хаткі да пакатага схілу.
Гнуткі, бязьлітасны, нібы закон,
беспаветраны цмок забірае ў палон
чалавека, які стаміўся і страціў сілу.

Падарожная кайстра вісіць на плячы.
Гнецца пад ветрам бамбук уначы.
З крыкам апошнім у вырай клін адлятае —
скрозь цела цмока, — бо ён нябачны для іх,
і мы, здаецца, таксама падымем нябачных, жывых
над страшным лёсам зьнішчанага Кітая.

***
Як тут лагодна! Нішто не вяшчуе бяду.
Паўдзённае сонца празрыстыя высі кунежыць.
Я ня ведаю, хто тут жыцьме, калі я сыду.
Што ж сумаваць пра тых, каму выпала тут да мяне жыць?


Выпрабаваньне памяці

Да Елізара прыйшоў стары і сказаў: Я ўсё забываю —
які сёньня дзень і куды я паклаў акуляры.
— А ці помніш, — спытаў Елізар, — за што Адам быў выгнаны з Раю?
— Помню. За першы грэх. Гэта Божая воля і кара.

Колькі грошай вінны й каму — прыгадаць марока,
аж сьмяецца і плача жонка, бо сьмех і скруха.
— А ці помніш, што над табою пільнае вока?
— Помню, — кажа. — Пільнае вока, чуйнае вуха.

Ледзь дамоў вярнуся — нейкае ачмурэньне! —
не згадаю ўжо, дзе вандраваў, у чые дзьверы грукаў.
Не прыпомніў сёлета дня свайго нараджэньня.
Забываю імёны любых унучак і ўнукаў.

— А ці помніш, стары, што ў кнізе жыцьця на небе
учынкі твае запісаныя ўсе даастатку?
— Гэта я помню, — прамовіў стары. І сказаў яму рэбе:
— Зь мірам ідзі. Бо памяць твая ў парадку.

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч

Барыс Херсонскі
Тацяна Ўласава
Алег Коцараў