Між удыхам і выдыхам

Дарына Гладун

вайна не пачнецца заўтра

імем усіх пахавальных вянкоў і пластыкавых стужак
імем лакаваных трун і лакаваных чаравікоў памерлых
нязручных неразношаных непрыдатных каб танчыць у іх твіст
/так танчыць твіст
/так танчыць твіст
чамусьці ўяўляю памерлых што танчаць твіст
і трымаюць ў руках лакаваныя чаравікі замалыя для ног
што распухлі
іх імёнамі называем вуліцы скверы паркі
ставім помнікі на цэнтральных плошчах
цяпер гэта плошчы помнікаў між якімі
нават праціснуцца немагчыма
мірным часам тут дзеці будуць гуляць у хованкі але не адразу —
мабыць праз два гады праз пяць гадоў праз сорак гадоў
канешне калі плошча помнікаў плошча памяці ацалее ў гэтай вайне

ў прадчуванні набліжэння фронту з поўначы фронту
з поўдня з усходу
пераймяноўваем і пераймяноўваем
размяшчаем новыя таблічкі на будынках
дзіцячых садках і школах
каб хоць на якую хвіліну акрэсліць
тое што сапраўды для нас важна
але не паспяваем
змяніць назвы ўсіх вуліц
паставіць усім помнікі
пераймяноўваем у гонар загінулых тое
што пакладзём у трывожную валізу
ліхтарык цяпер не ліхтарык а Какурын
Сяргей Віктаравіч
радыё — не радыё — Андрыюк Яўген Аляксандравіч
аптэчка — Гарбенка Святаслаў Сяргеевіч
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
……………………………………………………
…………………………………..
бяром памяць пра нашых памерлых з сабою ў эвакуацыю
пакідаем кніжкі нататнікі і фотаальбомы савецкіх часоў
на літасць снарадаў і марадзёраў

/што будуць танчыць твіст
/так будуць танчыць твіст
/так будуць танчыць твіст
/пад музыку старых пласцінак бабулінай фанатэкі


Лізавета Жарыкава

Я прыбілася да гэтага племені
адной з апошніх
найбольш цёмнай гадзінай
калі змаўкаюць зоркі і ліхтары
і сляпыя хапаюць за руку першага-лепшага

Я прыйшла сюды шукаць сабе цвёрдую хаду
і цёплы голас
бо зямля была пакінутая
хворая і знясіленая

Маё горла ўхапілася за твае песні і падужэла
маё цела нібы чужое танчыла твае рытмы
між удыхам і выдыхам
і выпроствалася

Я вучылася цябе бараніць
быццам дзіця
якое прынесла з дажджу і ветру шчаня і не аддае

Я спявала песні над ціхімі-ціхімі водамі
пад яснымі зоркамі
і насіла кветкі на чужыя магілы
пакуль не паклала ў зямлю першых сваіх

Ты дарасціла мяне зямля
да вышыні й глыбіні
далоні ў далоні
цёплага кола

Зараз я слухаю тваё птушынае сэрца
і пяю калыханку
пакуль над чорным-чорным месцам
у чорным-чорным небе
коціцца чорнае-чорнае яйка

І мы мацней сціскаем рукі
мы да болю расплюшчваем вочы
мы нарэшце гатовыя скокнуць у гэтую страшную вышыню

Абы не разбілася толькі што народжанае птушаня
калі ўпершыню паспрабуе ўзляцець


***

распляцецца сон на тры пасмы — і ўсе сівыя
і прыпыніцца снег на подступах да мяжы
каралева нядужае
мабыць чакае сына
а варажбітка не мае моцы даваражыць

і героі не ведаюць што яны за героі
і каму давядзецца стаць апошняю вартай
па сюжэце іх будзе трое а потым двое
але далей нават лічыць не варта

у турэмным акне знікае апошняя свечка
да падэшвы ўжо ліпне леташняе лісцё
мама-рэчка не плач па нас мама-рэчка
хто б сюды па вадзе тваёй ні дайшоў

музыка пачынае песню — і ўсім не спіцца
неба ходзіць над намі туды-сюды
у занураным лесе жоўкне дзівосна ігліца
і з'яўляюцца — людзі кажуць — чужыя сляды

першы ў годзе імбрык ставяць у хаце з краю
дзеці няньчацца з кацянятамі каля печы
калі ведаеш што будзе далей — тады трывай
калі верыш што вытрымаеш — не маўчы


Данііл Задарожны

найбольш не хапае дрэў, —
кажа, —
у вас іх так мала ў львове
а данецк быў зялёным месцам
усё-усё ў зеляніне

я не ведаў таго
і быў малым, не паспеў даехаць туды
пачаў шанаваць людзей і краіну ўжо пасля таго, што адбылося

а цяпер мяне раптам пазбавілі дому, — кажа з нянавісцю, —
цяпер — афіцыйна

і я яе разумею
і не разумею
абдымаючы

мама хвалюецца, што будзе шмат бежанцаў
дзе мы іх усіх змесцім, пытае
я не супраць, але ў мяне няма месца
хіба ў вашым пакоі, калі захочаце

стрымліваючы эмоцыі, з эмпатыяй да яе, кажу
разумею цябе
але пакуль што рана пра гэта казаць
а сам думаю, што насамрэч надта позна
калі толькі зараз пра гэта гаворым
і так, вельмі цяжка й складана заўсёды быць добрым
але лёгка і хочацца ў канкрэтны момант

і калі б у наш дом прыйшла не якая-небудзь, а тая самая вайна
і нам бы прыйшлося ўцякаць у якое-небудзь іншае месца
я б хацеў, каб там мне дапамаглі
а не пісалі брыдоту ў сеціве
выяўляючы маіх дзяцей па не той мове
выкручваючы жонцы язык, якая ўвогуле з беларусі і шукае тут прытулку

і каб я яшчэ меў грошы здымаць 3 з 4 пакояў у кватэры
са старымі людзьмі і савецкай мэбляй


Пераклад з украінскай Артура Камароўскага