Паўло Карабчук
Дарына Гладун
Анна Луцюк
Мёртыя шыхтуюцца ў Лінію Жыцьця

Паўло Карабчук

Іванка, 8 гадоў, Марыупаль:
Нас раскапалі пасьля таго, як бомба трапіла ў купал.
Нас вывезьлі сюды, у мамы ніяк не загоіцца шыя.
Мама суцяшае, што мае цацкі засталіся жывыя.

Сьвятланка, 9 гадоў, Буча:
Мая чарапаха выявілася такой жывучай!
Вылецела з акна й прызямлілася ў палісаднік.
Але ці выжылі мы з бацькамі? Ня знаю дакладна.

Андрэйка, 10 гадоў, Кіеў:
Я тут сябрую зь пёсікам. Калі чуе сырэны — вые.
Раней я з гэтай станцыі езьдзіў, цяпер я на ёй жыву.
Адсюль я паеду, бо трэба спаліць Маскву.

Іна, 5 годзікаў, Харкаў:
Мне страшна, калі выбухае ў нашым парку.
Так жа ня будзе заўсёды, праўда?
Хочацца міру і вінаграду.

* * *
калі дачакаем вясны і цяпла
хачу прыносіць табе букеты
але сьпярша хай нашае спа
варожыя зьнішчыць ракеты

хачу сустракаць цябе на пэроне
і ўвечары ў рэчцы з табой купацца
але мне трэба ў тэрабарону
табе — у эвакуацыю

калі будзе лета і ціха ў дворыках
я цябе гладзіць хачу на сьвітанку
ды перш няхай зграі кончаных оркаў
згараць у грэбаных танках

ніхто не забудзе радасьць жыцьця
ніхто ня скорыцца дрэні
чакаем выхаду з укрыцьця
цалуемся пад сырэнамі

6.03.2022


Ірына Шувалава

* * *
калі мяне не забіваюць
ці маю права я
размаўляць з тымі каго забіваюць
на роўных

ці маю я права балець
калі ня маю раны
скардзіцца
калі ня маю страты

ці маю права
на бяссоньне
калі тут
не чуваць сырэнаў

блізкасьць сьмерці цяпер
ляжыць між намі на стале
як буханка
з запечаным унутры нажом

калі мяне не забіваюць
што я магу сказаць
тым каго
так

бо пераламіўшыся аб сьмерць
мова робіцца сама да сябе не падобнай
і вось —
мы з табой ужо не размаўляем
на адной

і нарэшце
калі мяне не забіваюць
ці маю права я
хацець трымаць цябе
гэтаксама моцна
як звыкла трымаць дагэтуль

калі яшчэ не забівалі ніводную з нас


**гісторыя сьпіць і бачыць сны**

калі мая бабця
расказвала мне
пра сябе
васямнаццацігадовую
остарбайтарку ў нямеччыне
яе гісторыі нагадвалі мне сны

у тых снах незнаёмыя людзі
у незнаёмым краі
якіх везьлі здалёк у таварняках як жывёлу
вязалі з матузкоў шкарпэткі
вешаліся ў цяпліцах на нямецкіх фэрмах
езьдзілі на роварах
закохваліся

думаю што і ёй
на час нашай размовы ўжо сямідзесяцігадовай
здавалася
што ўсё гэта ёй прысьнілася

вясёлыя ваеннапалонныя французы
румяныя сяброўкі з буйнымі кудзерамі
якіх яна пасьля вайны так ніколі больш і ня бачыла
якіх прагна зжэрла пасьля
вечна галодная чырвоная бацькаўшчына

і толькі паштоўкі
з ружовашчокімі буржуазнымі анёльчыкамі
падпісаныя для анюты
сьведчылі пра штосьці
крывавілі чарнілам
у драўляныя шуфляды сталоў

цяпер маміна сяброўка
што днямі вырвалася
зялёным калідорам з-пад бравароў
расказвае

пра жанчыну
што прыправіла вячэру
расейскім ваякам
пацучынай атрутай
(ацалелыя расейцы
зраўнялі зь зямлёй дзесяць хатаў)

пра мужчыну расстралянага ў сваёй машыне
які так і сядзеў у ёй
тры дні

пра тое як застаўшыся бязь ежы
людзі харчаваліся арэхамі й мёдам
рыхтык ян прадвесьнік у пустэльні

яе гісторыі нагадваюць мне сны

агульны начны кашмар
ад якога ніяк не прачнуцца
у глыбіні якога
неспакойна круцяцца імпэрыі
пажыраюць як і належыць міфічным пачварам
уласных дзяцей

у гэтым сьне
як у густым тумане
мы блукаем усе поруч

мая нябожчыца бабуля
яе кучаравыя сяброўкі
нямецкія фэрмэры
румяныя валавокія анёлы
расстраляны пад браварамі мужчына
жанчына са слоікам пацучынай атруты
зіркатыя расейскія навабранцы
з пасінелымі языкамі
і той яшчэ зусім юны
пляменьнік мамінай сяброўкі
якога забіла ў сераду
у тэрабароне

чапляем адно аднаго локцямі
абменьваемся сьляпымі позіркамі

лыжка за лыжкай
слухмяна ямо
густую
горкую
цемру


Лэсік Панасюк

Прамэтэй

Учора я пабачыў фота мёртвага расейскага салдата з двума крадзенымі вібратарамі ў руках
ён трымаў іх быццам дзьве эстафэтныя палачкі нават больш два алімпійскія агні
дзе замест полымя дагарала задавальненьне якое той ня змог данесьці нават да мяжы
не шуганула яно напоўніцу дзесьці ў варкуце або мурманску
не адчулі яго суайчыньнікі
не дачакаліся подзьвігу

Але расейскіх прамэтэяў заўсёды хапала
толькі раней яны кралі ўкраінскую гісторыю ўкраінскае мастацтва і далей па сьпісе
вы й самі ўсё ведаеце
вось дайшлі ўжо да ўкраінскага задавальненьня

Ці адчуваў салдацік веліч свайго гераізму
ці спадзяваўся што ў ягоны гонар паставяць помнік
што ягоным імем назавуць цукеркі або чарговы расейскі ракетны комплекс

Два вібратары
за гэта варта ваяваць
за гэта варта памерці
так мабыць ён сабе думаў


Алена Стэпаненка

* * *
наколькі тады ты была лісіца й куніца,
зьмяя і жаба, здольная ўціснуцца пад камень
у тонкую прагаліну між балконамі
з усімі біклагамі для вады
калі пачыналі лупасіць
ты думала: нашыя! нашыя!
біце мацней, хлопцы
у барабаны вайны —
нават калі гэтая сьцяна стане маім надмагільлем
біце
біце мацней

прасіць і ўсьміхацца
тады, як раней проста магла заплаціць —
каму цяпер трэба грошы?
малако — дзецям, дарослым — тое, што яны не даелі
плюс цыгарэты
адну на траіх, як хлеб у галадамор
але хлеба ня бачылі тыдзень
ды й навошта ён?
есьці няма патрэбы
наш хлеб цяпер —
нянавісьць
роспач
злая й вясёлая лютасьць
мы ямо яго на сьвітанку
мы глытаем яго на абед
мы давімся ім на вячэру
загортваемся ў нянавісьць уночы
як у цёплую сабачую коўдру —
і яна сагравае

калі б нянавісьць
была
радыёактыўнай —
я стала б сланечнікам
што паварочвае голаў
не за сонцам —
за ворагам
з абвугленай сарцавінай
і сьляпучымі пялёсткамі рэбраў
я падышла б да кожнага
z-брата вызваліцеля
да кожнай v-сястры
і дзякавала б
дзякавала
дзякавала
сьціскаючы іх у абдымках
пакуль не пасыплецца попел

але каго ты спаліш
маленькая дурная палёўка
у нетрывалым бэтонным схове
ведаючы
што за паўкіламэтра ў норцы
цябе чакае мышаня
па імені Адам?

і толькі сціснуты кулак
паміж рэбраў —
б’ецца
зацята —
са сьмерцю
б’ецца
на сьмерць —
з жыцьцём
і невядома
хто
пераможа


Алег Коцараў

Красавік

Хутка вачыма раён абмалёўваем
ды бачым —
да нас уваходзяць перадавыя Красавіцкія атрады.

Сьцяг Красавіка жвавы:
зьнізу колер маладое салатавае лістоты,
зьверху колер дажджу.

І сам Красавік сядзіць
на баявым транспарце.

Мы вітаем яго як вызваліцеля,
а ён усьміхаецца
ды пастрэльвае ўверх,
каб не расслабляліся.

Толькі мы ўсё адно расслабімся.


Падмуркі варушацца

чаго толькі ня сьніцца
людзям у дні вайны
каму баі каму ахвяры каму варажэнькі
каму купаньні на высьпе
каму вяночкі з нарцысаў

а ты ўва сьне
ладзіш пэрформанс
зь літоўскай паэткай —
раскладаеце ваенныя фота на падлозе
чытаеце вершы
а потым бераце плуг
і араце ламінат між фатаграфіямі:
вельмі дарэчныя на ім размытыя палосы
як барозны

глядзі і сьпявай як
варушацца падмуркі як
паралелепіпэд робіцца архетыпам дому як
танны ламінат робіцца полем
зь якога нешта вырасьце
вер што песьня менавіта пра гэта


Дарына Гладун

36

далёка ад нас
трава што прарастае ў бучанскім парку чырвоныя карпы ў возеры
мёртвы павук у леташнім павуціньні з таго боку акна
нашыя кніжкі недачытаныя нашыя замерлыя лічыльнікі
і нашыя ціхія жыцьці
далёка ад нас


38

са старонак міжнародных дамоў пра перамір’е
і паедзеных часам мапаў
зьбіралі свае косткі суставы й цягліцы
для нас

для нас начышчалі зброю
крухмалілі каўняры

чыстая няношаная форма
нядбала зашытая на сьпіне салдатаў
з войска мёртвых


Анна Луцюк

* * *
нявінна забітыя
набіраюць у прыгаршчы красавіцкага сьнегу
кідаюць у брацкую магілу

на мяжы Раю й праклятага сьвету
галосіць вецер
ведае ўсіх пайменна
ў адрозьненьне ад нас

ні журботы ні ўздыхаў
толькі жыцьцё бясконцае

ні журботы ні ўздыхаў
толькі жыцьцё бясконцае

з рыданьняў паўсталі скалы
пустэльні аплакваюць
на пастэлях вайны
то тут то там выбухаюць кветкі

на векі вечныя
нязломныя непарушныя межы Твае Краіна
мёртвыя шыхтуюцца ў Лінію Жыцьця

39 дзень вайны, 3 красавіка 2022

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч


Ірына Шувалава
Лэсік Панасюк
Алег Коцараў
Алена Стэпаненка