Сяргій Жадан
Нараджайся, Божа, нараджайся…
Сяргій Жадан

+ + +

Калі кожная душа,
нібы дзіцячая кішэня —
поўная шчасьлівай драбязы,
поўная клубкоў сьвятла,
нітак сьпеву і рэха,

калі кожны голас —
быццам птушынае гняздо,
надта высокі, надта ўразьлівы,

калі трывога дамешваецца
да турботы, як дажджавая вада
да рачное —

хто ў такі час будзе казаць
пра страх,
хто ў такую пару не пасаромеецца
баяцца?

Нас занадта шмат для страху,
нам занадта шмат было
падаравана,
каб мы ня ведалі,
што пасьля нас
нешта застанецца.

Дзяліцеся дабром сваіх кішэняў,
нібы скарбамі хатняе бібліятэкі,

дзяліцеся назвамі гарадоў,
што сьвецяць з захаду,
быццам караблі на рэйдзе.

Калі так шмат сьвятла
нараджаецца
ад простага
прамаўленьня
імёнаў,

калі сэрца адчуваецца
так востра,
быццам яно ня проста б’ецца.
А б’ецца з кімсьці.
Б’ецца за цябе.


Макс Лыжоў

Хайку

зьбілі як расу
першых сто расійскіх су
слава зсу

22.03.2022


дзе ня чутны плач
дзе ні бомбаў ні ракет
прылятае срач

3.04.2022


я тут і зараз
між Дзэнам і Цемраю
ў адной казарме

17.04.2022


палае ў небе
грыміць па ўсім горадзе
май навальніцай

13.05.2022


зь цеплавізарам
у змрок зябкі вызірнуў
а цябе няма

22.05.2022


здаюць шклатару
родныя аватары
на байрактары

25.06.2022


сьпяшае сонца
транзітам ад японцаў
да украінцаў

19.07.2022


у Сухі Ставок
жабін прыглушаны скок
разагнаў русьню

9.09.2022


смажаць бананы
скаварада і басё
шлях паяднаў іх

3.12.2021


выйшлі туманы
за легалізацыю
марыхуаны

1.10.2022


пасьля выбухаў
ваду ўключылі дажджом
болей выпадзе

17.12.2022


як некралогі
прылёты без трывогі
не накрываюць

24.12.2022


хто не сьвяткуе
той не сьвяткуе двойчы
раство хрыстова

8.01.2023


Олеся Мамчыч

* * *
кніжка мае быць дачытаная
жыцьцё пражытае
няма на далонях яблыкаў
якія ня згнілі б
няма дома
што ўмее стаяць
на тры пакаленьні
няма дахаў над табой
тых самых
наступным летам

сонца ведае пра што кажа
калі глядзіць па-над намі
і птушка ведае
якая ляціць

проста ляціць


* * *
пахавалі на Каляды
спачатку маўчалі
потым усталі калядаваць
дзеці ўсталі
дарослыя ўсталі
доўга сьпявалі
а калі разышліся
Зорка ня ведала куды ісьці
Зорка смыкнулася за адным дзіцем
потым за другім
потым стала над магілай высока
і асьвяціла


* * *
жыцьцё гэта праца
як пераварочваць глебу рыдлёўкаю
як сьмяяцца

як падаць на калені
калі плача тваё дзіця
як падымацца
калі сама плачаш

— Алілюя! —

як выцінаць нажніцамі ніткі
на старой сукенцы
як цыраваць
як рэзаць нажом гарачае

жыцьцё гэта праца
цяжкая праца для жылістых рук
і для сківіцаў сьціснутых
ва ўсьмешцы


Тацяна Ўласава

* * *
Нарадзіся, Божа, і ўберажы гэтую радзільню,
і гэтую дзіцячую пляцоўку ў цэнтры гораду,
і садок, у якім малы чакае маму, а яна ўжо не ідзе,
і школу з абсталяванымі падваламі,
дзе падчас паветраных трывогаў вучаць гісторыю і сьпяваюць дзеці.
Уберажы, каб гэтая гісторыя больш не паўтаралася
і каб песьні былі
іншыя.

Уберажы, Божа, чаргу па хлеб,
чаргу па ваду,
чаргу па гуманітарную дапамогу,
пажылую пару з забінтаванымі галовамі,
мужчыну, які трымае за руку свайго накрытага сына,
жанчыну, што пазнае маці па сэрцайку на пазногці,
маці, якая хавае дачку на падворку,
але ня мае сіл капаць дастаткова глыбока.

Уберажы кнігі, якія пасьпеў напісаць пісьменьнік,
уберажы фільмы, у якіх пасьпеў зайграць актор,
уберажы здымкі, якія пасьпеў зрабіць фатограф,
уберажы вершы, якія пасьпеў скласьці паэт.

Нарадзіся, Божа,
і ўберажы вакзал,
бальніцу,
унівэрсытэт,
тэатр зь вялікім надпісам каля выйсьця,
поле,
зямлю.
Уберажы тых, хто ўсё гэта бароніць.

Нараджайся, Божа,
нараджайся.

Табе ёсьць чым тут заняцца.


* * *
Перастаеш верыць у Бога,
калі таварыша разрывае напалам,
калі здаецца, што ён яшчэ можа быць жывы,
але ніяк не спраўдзіш, ніяк не дапаможаш.
калі лес пахне дажджом з крыві
і дрэвы ў ім маюць формы крыжоў.
калі бачыш глыбокія варонкі і слухаеш тых, хто жыў поруч,
вось тут, кажуць, стаяў унук, яго потым зьбіралі па кавалках,
так і пахавалі.
вунь там далей, кажуць, была стайня,
ты ведаеш, як пахне гарэлая каніна?
я цяпер ведаю.
перастаеш верыць,
бо кажуць, што Бог — справядлівы.
але хіба справядліва
ўсё гэта?

У Бога пачынаеш верыць,
калі куля пралятае міма —
сьвішча, але цябе не кранае.
калі пасьпяваеш падкурчыць ногі,
ухіліцца, згадаць пра найкаштоўнейшых.
калі выносіш таго, каму пашчасьціла менш —
і яго ратуюць, ён жыве далей,
вы жывяце далей.
калі вяртаюцца дамоў схуднелыя, пашарпаныя свае.
калі зьяўляюцца на сувязі тыя,
з кім ты ня хочаш разьвітвацца.
калі вы абдымаецеся і згадваеце.
памятаеш таго, каго разарвала?
памятаеш прозьвішчы на крыжах? там былі цэлыя сем’і.
памятаеш тыя пахі?
памятаеш, як мы змагаліся,
як стаялі сьцяной,
памятаеш агонь?
мы выйшлі зь яго мацнейшымі.

Усё-ткі мы з Богам
някепская каманда.


Ірына Шувалава

**рэчы якія танцуюць (a birthday song)**

хочаш я раскажу табе пра
рэчы якія танцуюць сьнег і траву
ча́пляў чырвоныя тонкія ногі
дажджу даўгія распушчаныя валасы
дрэваў кранальныя хударлявыя плечы
аркі масткоў на шворках вясёлак хочаш

рэчы якія танцуюць зробяцца мы а мы
будзем сьвятло між вейкамі лісьця
лісьце між пальцаў сьвятла між языком
і паднябеньнем ночы шэрыя мяккія мятлікі
між тваімі нагамі разьліты келіх агню між
сёньня і заўтра няспынны танец
паветра глыток патопу паток палёту разрыў

тонкай завесы ранку што зачапілася
за жываплоты прыцемкаў і ўваскрэсла
крышачы крыгу ў ружовай рацэ твайго цела
пад маімі губамі
рэчы якія танцуюць смакуюць і пахнуць
саладзей за ўсё іншае камень гарачы
сьмяшлівыя пальцы дрыготкія дарога
абутая ў жоўтыя туфлікі нарцысаў
аднавокі месяц аднагрудая гара

загарнуўшыся ў шаўковыя
рызманы сьвітанку ты сьпі
на адсечаных рукавах маіх

паміж усіх рэчаў якія танцуюць
самая спайманая
самая няўлоўная

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч
Макс Лыжоў
Олеся Мамчыч
Тацяна Ўласава
Андрэй Хадановіч
Ірына Шувалава