Дарына Гладун
Назваць кожнага па імені
|||24|||лютага|||

смяецца дзіця
бо пачалася вайна

думае што выбухі і водгулле вулічных баёў то гукі феерверкаў на нейкім
раптоўным свяце

скача па пакоі
крычыць радасна : ура ідзем ідзем на свята
⸮чуеце?
тузае бацькоў
!свята!
недзе каля вас

і смяецца
смяецца так сонечна так моцна і так

страшна

!ура!




|||паніка|||

1.

крычыць сірэна сваю няскончаную песню пра трывожнае цяперашняе
АААААААААААААААААААА
рассыпае літары ва ўсе бакі нібы апошні снег
падаюць яны на дарогі дахі праз адчыненыя кватэркі ў кватэры і ў нашы раты
разглядваем у вокнах слупы дыму што падпіраюць неба
каўтаем А нібы муху якая няўдала праклала маршрут
цяпер у цябе ў горле костка і ў мяне ў горле захрасла рыбіна костка літары А
хіба там костка — цэлая рыбіна галава
выпадае з рота як гарачая бульбіна
разбівае талерку і кубак
вось і паснедалі

2.

як далей ад дому то цяжэюць заплечнікі

спыняемся адпачыць
выпрастаць спіны
аддыхацца
выпіць вады

адкрываем заплечнікі нібы таямніцы
а там паміж усімі нашымі рэчамі
адны літары А
хто іх спакаваў
| не я
| і не я

в ы к л а д а е м у с ё з заплечнікаў
вытрэсваем смецце літар на халодную зямлю
складваем рэчы

ідзем
спыняемся
перабіраем рэчы
зноў вытрэсваем тыя клятыя літары А
складваем рэчы

ідзем
вытрэсваем

і колькі б ні спыняліся
колькі б ні вытрэсвалі
цяжэлі заплечнікі

3.

калі шмат разоў паўтараць адно слова
яно нарэшце страціць усялякі сэнс

ǀ паніка паніка паніка паніка паніка пАніка ǀ паніка паніка паніка паніка панікА паніка паніка паніка паніка панікА паніка ǀ паніка паніка паніка паніка панікА паніка паніка паніка паніка панікА паніка паніка паніка паніка паніка ǀ паніка пАніка паніка паніка паніка паніка панікА

ǀ вайна

4.

эвакуявалі целы
а сябе забылі

мы дзесьці далёка-далёка
затаптаныя чужымі ботамі
ва ўласным доме




|||назваць|||кожнага|||па|||імені|||

1.

трыста безыменных
прыбываюць

нясуць за спінамі ў руках свае імёны

костка да косткі
цягліца да цягліцы
складаем памяць пра іх у нашы вершы

2.

выратаваныя смерцю ад жыцця

назавіцеся

ззяюць дзіркамі іх раты

3.

на дварэ не смерць бялее паміж лісцем дрэў
прыглядаешся
ўсё-ткі смерць

на дварэ не смерць квітнее на голлі дрэў
прыглядаешся
ўсё-ткі смерць

на дварэ не смерць спявае птахам між белым голлем між белай квеценню дрэў
прыглядаешся
ўсё-ткі смерць

4.

смерць
што ўратавала ад жыцця столькі людзей
назаві кожнага па імені

ззяе дзіркай яе рот

5.

не косці зямлі
не кроў неба
не галасы вайны

мы

нічые

6.

і пра каго тады ўся наша памяць
пра ўсіх

а словы нашы пра каго
пра ўсіх

косткі нашы цягліцы і кроў ні пра каго
пра ўсіх

выпадаюць валасы ламаюцца пазногці западаюць шчокі ў раты

нічые

7.

костка да косткі
кроў да крыві
смерць да смерці
паэзія
ні для каго для ўсіх

чапляецца да крыві костак да вады ў кране да пяску на скроні да пальцаў да носа да сківіцы да кожнага чэрапа дзядоўнікам да падолаў доўгіх спадніц і портак просіць данесці яе да лепшых часоў хаця б у роце кагосьці з трохсот безыменных

прыглядаюся
усё-ткі напраўду вайна

ні для каго

для ўсіх


|||у|||нас|||зноў|||трывога|||

кожнага ўшанаваць
хвілінай маўчання

ці хопіць
часу


|||3073|||148|||

выбух намаляваў на асфальце сонца
маму тату і двух дзяцей





|||хлеб|||для|||ворага|||


вы яшчэ не памерлі — запытваюць дразды —
чулі сірэну сёння
падалося што галосіць па вас


яшчэ не памерлі
у людзей жніво — няма калі паміраць


наша чорная зямля нават ворага гадуе сваёй чорнай цыцкай
як сляпыя шчанюкі прытулілі морды ў пошуках малака

а дзе ж іх маці? дзе маці гэтых шчанюкоў?

здохла
вунь яна раскладаецца на паўкантынента

смокчуць чорнае малако з чорнай цыцкі нашай зямлі


замест каласкоў пшаніцы растуць каласкі агню
не то не бур’ян
то расце хлеб для ворага

\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\\||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||

у кожнае варожае горла — украінскі хлеб
гарачы-гарачы нібы з пекла

ядуць ворагі аж за вушамі трашчыць
ядуць як з галоднага краю

апякае агонь іх з сярэдзіны як збаны
для чорнага малака


і малако скончыцца
і збаны пераб’ем

Пераклад з украінскай Крысціны Бандурынай
Лэсік Панасюк
Крысціна Бандурына