Сяргій Жадан
Пакуль яны ваююць
Сяргій Жадан

+ + +

Адчуваньне, нібы штогод,
сярод лістападу,
лес абступае паэтаў —
лес расстрэльных камандаў,
лес сьмяротнікаў, што захоўваюць у кішэнях
літары, нібы крошкі ўчарашняга хлеба.

Сэзонная траўма літаратуры, якую
выбівалі з гарадоў, як галоўную пагрозу.
Вылоўлівалі пісьменьнікаў з рэдакцый,
нібы стронгу з ракі,
пакідаючы сярод плёса
кругі сіроцтва і недагаворанасьці.

Восеньскае абвостранае пачуцьцё абарванага верша,
рукапісу, што як дрэва, пачынае хварэць
у гарадзкой прасторы несвабоды.

Абступае лес паэтаў, што стаяць
зь лёгкімі, выпаленымі газам вялікай вайны.
Абступае актораў, што аднаўляюць
у сваіх рухах танец з кабарэ агоніі.
Абступае сьвятароў, абступае наўстаўнікаў і карэктараў.

Ціхае таварыства, навучанае кнігамі.
Людзі, што нават да сьмерці зьвяртаюцца ў клічнай форме.

Сьветлыя высокія сосны, як выцяжкі справядлівасьці.
Туман у горле, як займеньнік пустаты й безнадзейнасьці.

Цягласьць лесу, як цягласьць рытму.
Трывожная акустыка бібліятэк і кар’ераў.
Вось як намі падсьвечваюцца доўгія прасекі.
Восеньскія лясы нашай неперапыннасьці.
Неперапыннасьці пісьма, неперапыннасьці сьпеву.
Магілы ў паветры, што пазначаюць кожную вялікую літаратуру.
Пясок пад нагамі, набіты зубнымі каронкамі мовы.


Анна Малігон

+ + +

Наш дом —
падстрэлены човен
ён і дагэтуль поўзае па бязводзьдзі
як вялікі разгублены жук
варушыць вёсламі
ўзьбіваючы вяршкі туману

А мы жылі ў старой друкарскай
машынцы
адважныя байстручкі бабы Кірыліцы
і яшчэ цёплая кроў на нашых надмагільлях
памятае аўтарскі стыль

А мы былі нябеснымі матылькамі
і жылі ў царкоўным зване
ды ўдарылі чорныя гукі
і мы пасыпаліся попелам

Цяпер мы
каля цёмна-чырвоных дзьвярэй
Сэн-Поль-Сэн-Луі
і сонца-гадзіньнік абшуквае нас мацакамі

Жэнэўева майструе караблікі зь пісьмовых заяў на абарону
пускае іх па Сэкване
літары брыняюць бэзавай цьвільлю

Робіць важны званок і ківае
— Няхай заходзяць


Анатоль Дністравы

Уводзіны ў абстракцыю

мой сыночак у брно цяпер сьпіць
і ў кіеўскай цемры я ўяўляю яго твар

напэўна
сьпіць яго багдан хмяльніцкі
напалеон і старая гвардыя імпэратара
нават сьпіць на паліцы алавяны грэнадэр макрон
якога ён купіў у слаўкаве-ля-брна
калі наведваў музэй аўстэрліца

каля яго сьпіць усьмешка яго сястрычкі
сьпяць яго настольныя гульні і кніжкі
сьпяць яго ноты і піяніна

толькі я ня сплю
у цёмным пакоі без электрычнасьці
рыхтуюся пісаць абстрактную карціну
пры сьвечках

07.11.22


Тры палкоўнікі

тры палкоўнікі сябравалі
палкоўнік чорны
палкоўнік белы
палкоўнік чырвоны

палкоўнік белы быў чарнявы
палкоўнік чорны бялявы
палкоўнік чырвоны быў лысы

палкоўнік чырвоны быў танкістам
палкоўнік белы быў артылерыстам
палкоўнік чорны ў душы быў кавалерыстам

палкоўнік белы любіў чырвонае мяса
палкоўнік чырвоны любіў белае мяса
палкоўнік чорны любіў есьці рыбу

палкоўнік чорны любіў фатаграфаваць
палкоўнік чырвоны любіў пісаць партрэты
палкоўнік белы любіў спаць

палкоўнікі сабраліся адпачыць на прыродзе
і ўзялі з сабой хатніх жывёл
палкоўнік белы ўзяў чорнага ката
палкоўнік чорны ўзяў белага ката
палкоўнік чырвоны ўзяў шыншылу

палкоўнік белы зьбіраў шампіньёны
палкоўнік чырвоны зьбіраў мухаморы
палкоўнік чорны нічога не зьбіраў
бо ўвесь час размаўляў па мабілцы

палкоўнік чырвоны нюхаў белыя кветкі
палкоўнік белы нюхаў чырвоныя кветкі
палкоўнік чорны лавіў карасёў

палкоўнікі гатавалі закускі
палкоўнік белы смажыў чырвонае мяса
палкоўнік чырвоны смажыў белае мяса
палкоўнік чорны смажыў рыбу

палкоўнік чорны пайшоў у кусты
і калі вярнуўся спытаў
хто зьеў маю рыбу
ня я — сказаў палкоўнік белы
ня я — сказаў палкоўнік чырвоны
ня я — сказала шыншыла

палкоўнікі адпачывалі ў шэзлонгах
палкоўнік белы чытаў раман
палкоўнік чорны чытаў журнал
палкоўнік чырвоны чытаў загады й інструкцыі

палкоўнік чырвоны піў белае віно
палкоўнік белы піў чырвонае віно
палкоўнік чорны паліў люльку

калі палкоўнікі вярталіся дадому
то сустрэлі палкоўніка жоўтага
які быў стары як пянёк
і за царом гарохам служыў кавалерыстам

палкоўнік жоўты ня ведаў што ён жоўты
палкоўнік жоўты не разрозьніваў
што перад ім
палкоўнік белы
палкоўнік чырвоны
палкоўнік чорны
а зь імі чорны і белы кот
а таксама шыншыла

мінулы гады
а палкоўнікі чорны чырвоны і белы
так і ня ведалі хто тады зьеў рыбу палкоўніка чорнага

23.11.22


***
прысьніліся гелікоптэры што ціха кружлялі
пад музыку белага поля
з чорным купалам неба

пад шклянымі сьлязамі зорак
да бяздоннага далягляду
бляклы струменьчык людзкіх сілуэтаў
цёк
у сваё
невядомае

23.11.22


***
у начным кіеўскім сквэрыку
з электрычным нэонавым ашыйнікам
пёсік самотны блукае
без гаспадара

25.11.22


Паўло Карабчук

***
Пакуль яны ваююць — пі ваду такімі ж разьмеранымі глыткамі, як і да вайны.
Пакуль яны ходзяць у тыл ворага — кладзіся пад тую ж цёплую й мяккую коўдру, што і да вайны.
Пакуль яны паміраюць, жыві, проста жыві, як і раней.
Яны ж ваююць таксама і дзеля гэтага.

Не, усё адно ня выйдзе так, як было да вайны.
Не, ня выйдзе глытаць ваду гэтак сама.
Не, ня выйдзе любіць гэтак сама.
Не, ня выйдзе ненавідзець гэтак сама.

Так, ня выйдзе.
Але вада засталася вадой.
Але любоў засталася любоўю.


***
асьцярожна, наступныя фразы могуць памножыць на нуль:
— мы зараз у кожнай песьні, што пачынаецца з "ой"
— піраміда Маслоў складаецца сёньня з набояў і куль
— а з малюнкаў Эшэра ўсё складаней выйсьці на волю

— у рытме абстрэлаў і вершы робяцца спрытнымі
— жыцьцё дыктуюць інстынкты, пішы на слых
— скурай цяпер адчуваю, што мы на зямлі ня прыхадні
— сябар ваюе, таму што "бароніць усіх былых"

— я ўгледзеўся ў заўтра і ледзь не асьлеп ад разрыву
— важна, як ты памагаеш, а ня тое, што пра цябе скажуць
— я плачу пра ўсё адразу, так цёмна і так тужліва
— я ўжо не плачу, я ўжо не планую, я ўжо ня скарджуся

— гарызонт планаваньня ў тыле ад сьвечкі да сьвечкі
— а на нулі гарызонт відаць, калі вызіраеш з акопа
— перад вачыма ўжо тры разы пралятала вечнасьць
— мы апярэджваем сьвет па адвазе на цэлы корпус

— у таго дзьве рукі, дзьве нагі, два вокі, але дзьве кулі ў патыліцы
— у гэтага Бог у сэрцы, любоў у вачах, ды асколак у чэрапе
— калі ўзімку скончыцца ежа, мы будзем жаваць кірыліцу
— заклінаю, каб ворагу не зарадзіцца ў ніводным чэраве

— заклінаю, каб гэта няспынны рассеяўся вечар
— заклінаю, каб нашыя страты зярнятамі з глебы ўзышлі
— заклінаю, каб загаіліся ўсе нашы раны і боль адвечны
— заклінаю, каб сьмерць баялася крочыць па нашай зямлі


— каб чалавек больш ня мусіў рабіцца жалезны
— каб ня толькі сьмерць ворага нам прыносіла радасьць
— каб гнёзды з варонкамі буслу ня блытаць увесну
а нашым памерлым героям — таксама сьпяваць на парадзе

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч
Анна Малігон
Анатоль Дністравы
Паўло Карабчук
Андрэй Хадановіч