Гэтыя тэксты пісаліся і працягваюць пісацца з 24-га лютага. Аўтарка пакуль не друкавала іх у арыгінале, але даслала перакладчыку, дазволіўшы апублікаваць па-беларуску. Што і адбываецца зараз.
Фота Марыі Сёдэрберг
СТАЦЬ УСЁЙ УКРАІНАЙ

Прысьвячаецца Сафіі Кіеўскай і найулюбёнейшаму Кіеву

Ведаеш, дзе я цяпер? Я тут, у Сафіі Кіеўскай.
Усю яе абдымаю. Крычу, прамаўляю, шапчу!
Абдымаю яе прыгажосьць. Рукамі, нагамі,
кожнай цягліцай і ўсім, што ёсьць, каляднымі павукамі,
сплеценнымі з нашай мілосьці.

*
Актаэдры, дадэкаэдры і ўсе існыя тут шмаграньнікі,
зрабіце, прашу, лабірынты, падзяліце прастору,
перапляціце рэальнасьці і вымярэньні, бо Сафія —
партал туды, куды мы так хочам, куды мы ідзём.
Гэта наш маяк, гэта наш дом.

*
Ганна Яраслаўна, дзяўчынка з вачыма ўсіх магчымых
колераў, сёньня яны блакітныя, заўтра зялёныя, потым
суцэльна карыя, абдымай Сафію, абдымай наш Кіеў
любімы, выпраў тое, чаго мы пакуль што ня бачым,
і з тых кропак, адкуль глядзім, ня можам паправіць.

*
Муры, якія стаяць больш за тысячу год, мазаікі,
нерукатворнае хараство, што створанае рукамі, Сафія,
я вельмі моцна цябе трымаю, не адпушчу.
Застанесься з намі.

*
Бачыш, любая, твой аўтограф, наш непарушны мур,
а я ашалелы фатограф, гляджу на фота Сафіі, якія
рабіла хутка нейкага там лютага, не разумеючы нашто,
але ведаючы чаму. І вось цяпер Сафію ціхутка зь зямлі
падыму і, вядома ж, стану замест яе.

*
У горадзе ўсюды ноч, Гэты горад — мой родны кут,
я нікуды зь яго не пайду, застануся навечна тут.

*
Я трохі губляюся ў россыпе літар,
я ледзь не згубілася між мазаік. Сафія,
ты чуеш, ня бойся, мы зробленыя зь любові, якая
найтрывалейшы матэрыял, што ўжо не зьнікае.

*
Сафія, мы не адны, нас бароніць сьвет,
сатканы зь любові, сатканы з быцьця. Я
стаю між зор і шапчу: Сафія, Сафія мая.

*
Мы з Сафіяю проста ёсьцека.
Раптам бачу, што ўсё так сплялося, што мы зь ёй цяпер
сям’я. Сафіі няма безь мяне. Без Сафіі зьнікаю я.

*
Хочаце зьнішчыць Сафію — зруйнуйце спачатку мяне.
А мяне ж не так проста знайсьці, я нідзе і паўсюль насамрэч,
а наогул абрыдла ўжо, я крычу: вымятайцеся прэч!

*
Гучна сьмяюся. Сафія, мы ўратаваныя высьсю.
Будзеш з намі заўсёды, толькі мацней да мяне прытуліся.
Бачыш, Сафія, шапчу, мы вялізныя, як Млечны Шлях.
Мы вялізныя зоры, мы сусьветны прасьцяг!

*
Таак, гаворыць Сафія. Кажаш, як smart in being.
У гэтым дакладна павер мне. Smart, нават вельмі.


Стаць усёй Украінай

                                              Нават на апошнім рубяжы
                                              Промень веры нашай не пагас.
                                              Божа, Украіну зьберажы,
                                              Госпадзе, памілуй нас.

                                                     Тарас Петрыненка

Сёньня ўночы сумленна вырашыла паспаць,
да вачэй нацягнула коўдру і вось узіраюся ў столь.
Сябры, што напраўду сябры, а ня так тыпу фрэнды,
кажуць табе трэба выспацца хоць гэтую ноч адпачні.
Я ня супраць. Ды як засьнуць, калі Кіеў дрыжыць ад стрэлаў,
калі ўсё ад стрэлаў дрыжыць, чую ўсё, ад кожнага выбуху там
мяне тут скаланае ў рыданьнях. Я чую, як кліча Кіеў: дапамажы!!!
Кожны кут і кожны будынак.

*
я рукамі ўчапілася ў сьвет, каб мой Кіеў ня страціць, каб Кіеў
застаўся са мной. Ды ня бойцеся, зараз зьбяруся і здолею
ўвесь мой Кіеў падняць зь людзьмі з сабакамі коткамі кацянятамі
з папугаямі і прусакамі! Мой Кіеве, чуеш, я стала табою!!!
Хістаюся, ды стаю. Мой Кіеве, ты са мной кожным рухам і ў кожным кутку. Бо тут нават бруд з кожнай урны цяпер на тваім, на нашым баку.

*
ракета ляціць проста ў нас мой Кіеве вочы заплюшчы мой Кіеве вушы закрый, а я стану вушамі й вачыма. Той нягеглы нябыт ён такі сьмеху варты што гіну ад сьмеху магчыма.

*
гэй крычу і раблюся дажджамі, у кожнай грымоце і перуне, давайце! спрабуйце! хто хоча расправіцца з Кіевам — хай паспрабуе раструшчыць мяне!!!
мяне ўжо не хістае, стаю нібы скіфская баба, заплюшчыўшы вочы, каб сьлёзы меней цяклі. Мой Кіеве, залатаверхі мой Кіеве, можаш глядзець, але вушы не адкрывай, каб не чуць, як рыдае прырода зямлі!..

*
адчуваю боль гарадоў, што суцэльнай робяць руінай, Харкаў, Херсон — що з вами сталося?

вижу то чего видеть совсем не должна, бачу те, чого бачити я не повинна, трэба хутка нейкае выйсьце, хутчэй за хуткасьць сьвятла, я адно знайшла. Трэба стаць усёй Украінай.

*
А хіба гэта лёгка? Вядома ж, бо я далёка!
Ці мажліва? Тут дазваляецца ўсякае дзіва!
Табе? Гэта як? Чаму?
Мне, гэта так! Таму! І гэтаму, і таму!)
А ты ў сіле? Вядома ж, мяне папрасілі!
Табе магло здацца? Я не павінна здацца!
Может, это бред? Не, крычу я: повний вперед!
Украіна заўсёды мая. Значыць, тут камандую я!!!
Ты што, зусім афігела? Зразумела. Даўно так хацела.
Ты захварэла? Так, на ўсю галаву.
Я такая, якая хачу. Як хачу, так жыву…

*
я сьмяюся да самых нябёс, а неба сьмяецца са мной!
Лёгка сьмяяцца табе, калі ўся ты — любоў, калі твой
горад жыве ў табе, і краіна ў табе, і ты іх захоўваеш кроў,
так, як — згадай — мыла швэдар у аэрапорце над мыйніцай.

*
Адкінуўшы мыліцы, на сусьвет пазірае мая айчына — вялікімі, быццам космас, маімі вачыма. І ўся прырода наўкола, узрушана і ўсхвалявана, гаворыць: як гэта прыгожа! як гэта файна!..

*
Так ціха, што вочы сьлепнуць ад цішы, нагэтулькі ціха, што чую, як варушыцца кожнае зернейка, каб прарасьці ў зямлю. Я моцна трымаю ў далонях усю краіну, якую люблю. Ну, што, дарагая, давай, пачынаецца новы шлях. Не спрабуй нават зараз баяцца, бо я гэта цалкам ты, я ўвесь час бачу кроў на швэдры ў аэрапорце. Ім давядзецца сысьці. Яны вельмі хутка павінны сысьці. Украіна ўжо трохі меней дрыжыць, калі надзяваю на грудзі… так, я зусім звар’яцела!.. скіфская пектараль маё сэрца закрыла, як шчыт, князь Яраслаў мне корзна папраўляе пяшчотна на левым плячы… Украіна, мая любоў, я шапчу, толькі ты, Украіна, трымайся, цалую кожную рану, да мілімэтра і грама, так, кроў ц я ч э, але зараз ня будзе ц я ч ы…

…Так, дарагія, так — гэта ўжо назаўжды, а іначай ніяк.
Да новага сьвету ўзьляцелі, усё будзе так, як хацелі.
Сьмеюся і сьмех больш ня горкі, імкнецца туды, дзе запальваюць зоркі.
Бо недарэмна кажуць: усё геніяльнае проста.
Наважыцца стаць Украінай на райскім востраве.
Бо калі ты ў раі, каханьне не памірае.
А нянавісьць — мана, яе ў сьвеце няма, яна ўсім нам чужая,
але хто ненавідзіць, той гэтага не заўважае.
Бедныя дзеткі мае, хто з духоўнасьцю ў сэрцы, хто ў паняверцы, вось вам усім па цукерцы вячэрні кіеў.
Ружовыя поні белыя вароны з ахапкамі сена ў роце, а мы крочым на павароце ў новы шлях бяз вашых карон і вашых варон.
Толькі швабры бяром, каб вымыць наш і ваш дом.

Самы вялікі на востраве папугай крычыць: уа + ру + бай, хутчэй давай памагай!..


Дарога сьвятога Якуба

Дарагія мае, сёньня з вамі пустэльні і горы Канарскага архіпэлагу, і Атлантычны ўвесь акіян, і Мёртвае мора, і ўсе пустэльні Сьвятое Зямлі. Тут усё такое ж, як там. Там як тут. Як у нас, павер. Мы ўсе тут і цяпер.
Горы такія магутныя чорныя шэрыя белыя, прамаўляюць вам галасамі пявучымі горнымі: любыя й дарагія, якія ж вы сьмелыя.
Кожны з вас — магутнасьць і вышыня, бо ў кожнага тысяча гор на плячы. Дарагія, рывок — і згасьне старая Гульня. Вы ж кажыце, кажыце, як вам дапамагчы!

*
Дарагія мае, з вамі ўсе пустэльні зь пяском, тут за вас пяшчынка любая, што раўнавагу трымае пад ступаком.
І калі табе здасца, што моц твая згасла, ты выдыхні ротам, а потым глыбока ўдыхні. Вытры вочы рукой. На блакіт паглядзі ўвышыні, потым долу. Крыху пастой. Ці прысядзь, адпачні.
Сэрца б’ецца ў грудзях і зьвініць, чуеш сэрца пяску, чуеш сэрца нябёс? Калі нехта сышоў, — сёньня, зараз, учора — зь ягонага сэрца парастак новы прарос.
Калі нехта толькі што ўмёр, ён адразу назад уваскрос. Тут жа грукаецца назад, каб новае жыць жыцьцё, сам яго і стварыў, калі ўпаў на траву. Выбраў новую маму, цалуе яе ў жывот. Ён нанова жывы, ён гаворыць ёй: мам, жыву!
Ты, матуля, ня плач, ты ня думай, што гэта ня я. Мы ўсё роўна з табой назаўжды ў велізарным полі любові. Я цябе вельмі моцна трымаю ў сваіх новых вечных руках, я гатовы да Новай Зямлі, што таксама напагатове.
Хай табе і балюча цяпер, і пакутна. Я цябе так моцна люблю. Я табе так моцна жыву, так магутна.
Калі хочаш рыдаць, то рыдай, але дыхай, Сьвятая Зямля з намі будзе напрыканцы году. І народзіцца шмат новых, іншых дзяцей, што жыцьцё аддалі ўчора, сёньня, цяпер, каб на Новай Зямлі з вамі жыць назаўсёды.
Жыцьцё новае прарастае, прабівае асфальт, разбурае муры, і ляціць над зямлёю пясок. Так, балюча, ды іншае гэтак карэньне пускае зямля, каб увесну зь бярозаў пацёк абноўлены сок.
Выдыхні лішняе й сэрца наросьцеж адкрый.
Чуеш, пустыня пяе, так, мае дарагія, усё будзе файна. Вы тут. Вы са мной, а я з вамі. Цешымся. Танчым. Сьпявайма.

*
Вулканы таксама крычаць: мы з вамі, баяцца ня трэба, сябры, мы ведаем, пра што кажам, мы тут ад пачатку сусьвету. Мы вас баронім, як гэта рабілі заўжды. Колькі прыходзіла вас пагуляць з самых розных Галактык сюды. З самых розных планетаў.

*
Вуха схілі да зямлі: чуеш, зямля пяе,
чуеш, акорды яе гудуць вечным поклічам.
Усё ідзе як павінна. Проста наперад крочым.

*
Сёньня вас бараніцьме найлепшы дэсант астравоў: абарыгены гаучы, зямлі гэтай соль і кроў.
Кажуць гаучы: любыя, сьпіце ў нашых магутных далонях, крыху адпачніце, новыя людзі,
нашыя дзіды зьвіняць, барабаны грымяць, але сьпіце спакойна, ўсё добра — было, ёсьць і будзе.
Іншы гаучы: сябры і сяброўкі, ня румзаць дарма!
Так, зразумела, у вас турбулентны палёт! Але іншай дарогі няма.
Стрэлка да сходаў. Вітаньні, сьвяты Якубе! Колькі да перамогі?
Ён сьмяецца ў адказ: усяго 3,3 кіламетры дарогі.
Сьвяты Якубе, а колькі гэта ў днях, у нашым жыцьці?
Сьвяты Якуб: Ня парся. Проста ідзі.

Пераклаў Андрэй Хадановіч

Народ планеты Зямля