Паўло Карабчук
Дарына Гладун
Ты прачынаешся і апынаешся на вайне
Ірына Шувалава

* * *
а вы думалі а мы думалі што вайна
гэта там дзе нас не было і няма
там дзе кіно з папкорнам думалі што яна
пра ратавальнікаў радавога раяна

а выявілася што не
ты прачынаесься і апынаесься на вайне
вучысься скотчам найклейваць крыжы на акне
ціха ляжаць у падвале ўласнага дома нібы ў труне
бездапаможна пад целам чужым валтузіцца на сьпіне
на вуліцы з-пад радна тырчаць ногі сінія

сьмерць гэтак блізка
што чуваць як яе крывавая пыса
сьцякае сьлінаю

і паступова робімся дзень пры дні
усё меней завершанымі усё меней
цэлымі покуль нам ад расейскай радні
з чужых нумароў далятае падтрымкі праменьне
хто спахопіцца стогне
думае божа за што гэта ўсё мне
што мы табе зрабілі божа скажы
а бог у адказ: як паклалі так і ляжы

а сьмерць тым часам блукае цябе там і сям шукае
чужою мовай гукае лаянкаю чужой
па-сабачы скуголячы плачучы па-дзіцячы
стогне раве лямантуе енчыць ускрыквае
вайна гэта сьмерць што больш не прыкідваецца без’языкаю
падыходзіць да ложка твайго ўпрытык
і павольна запіхвае ў вуха свой чорны мокры язык

ніяк не заткнецца
вые бесперастанку ўдзень і ўначы
і да кожнае гайкі душы і цела
ў гэтае сукі ёсьць развадныя ключы

вы думаеце што вайна ня прыйдзе
вайна ня знойдзе
вайна ў вашыя дзьверы ня зойдзе
ня ўсуне сваё ікластае рыла
у вашыя шафы й шуфлядкі
у вашыя слоікі й рондлі
жахам рот не разявіць у вашым жыцьці
думаеце не пасьмее да вас прыйсьці?

не хапае за косы
не валачэ па дарозе
ня валіць нагой пад дых
думаеце вашым мёртвым не давядзецца
тыднямі пазіраць з узбоччаў на вас жывых?

думаеце
ня прыйдзецца класціся й абуджацца
сярод сьмерці і гора
стрэлаў пажараў і цьмы?

думайце.
яшчэ ўчора
гэтаксама думалі й мы.


Вячаслаў Лявіцкі

* * *
Усе фота і відэа, пішуць у фэдэрацыі зла, — правакацыі.
Усе трупы са зьвязанымі рукамі — правакацыі.

Усе сьмерці — правакацыі,
і ўсе жыцьці — таксама абуральныя правакацыі.

Усе літары ў слове "Буча" — ня меншая правакацыя,
чым казацкі чуб,
што расьце й расьце ў гэтым слове,
чытаным справа налева.

Уся варшаўская траса —
правакацыя ды польская выдумка.

Як і ровар ля трупа
на ўезьдзе ў Бучу,
бо сапраўдныя маленькія людзі ў вялікай літаратуры
ня езьдзяць на роварах.

І ўвогуле сьнег у красавіку,
сьнег у красавіку —
вось найчысьцейшая правакацыя!
Хто яго зараз клікаў
у Бучу,
да трупаў,
да трасы між жыцьцямі й літаратурамі?

І вайна, дадаюць, — гэта правакацыя таксама,
але прынамсі яна ідзе па плане.

І яна ідзе,
чыкільгае да сябе дамоў,
пакідаючы сьляды,
чорным па белым.

3.04.2022


Галіна Петрасаняк

Нэйтралітэт

Ён зьяўляецца
цішком
звычайна ўначы

Ад яго
патыхае потам
і гноем
чужых ранаў

На яго вопратцы
і на руках
дзіўныя рудыя плямы

Дастае з кішэні
пярсьцёнак з дыямэнтам
выцірае яго аб кашулю

Штосьці жудаснае
трымціць у ягонай усьмешцы
калі ён працягвае пярсьцёнак
табе

Хочаш нешта спытаць
але словы
захрасаюць у горле

Моўчкі бярэш пярсьцёнак
надзяваеш на палец

Якая табе справа
адкуль
Якая табе справа
да крывавых плямаў

Ён табе ня муж
А калі разабрацца як сьлед
нават і ня сябра

У цябе няма сяброў
Ты ж нэйтральная.


Дарына Гладун

сорак восьмая ноч

1
даношваю за чужымі людзьмі краіну горад кватэру ложак падушку і коўдру
магчымасьць гуляць у парку ня гледзячы пад ногі не азіраючыся праз плячо
але Польшча не ў бясьпецы
Літва не ў бясьпецы
Нямеччына не ў бясьпецы

2
прачынаюся ад гучных размоў за сьцяной ад мітусьні штурханіны і бразгату дзьвярэй
думаю
///ужо й тут вайна///
паварочваюся на іншы бок і спрабую зноў заснуць ведаючы
што Малдова не ў бясьпецы
Румынія не ў бясьпецы
Эстонія не ў бясьпецы

3
кожную ноч цяпер бачу той самы сон
як зранку іду на працу
як вяртаюся пасьля абеду
як мыю посуд і адзежу гатую вячэру чытаю кніжкі й кладуся ў свой ложак
ды нават у гэтым сьне
Латвія не ў бясьпецы
Грузія не ў бясьпецы
Фінляндыя не ў бясьпецы

4
каб заснуць раблю колькі простых практыкаваньняў
1) уяўляю між сабой і акном дзьве надзейныя сьцяны
2) уяўляю сябе за цяжкімі мэталічнымі дзьвярыма перад якімі стаіць дубовая камода
3) правяраю запасы ежы пітное вады і камплектнасьць рэчаў у трывожнай валізцы
бо Славакія не ў бясьпецы
Францыя не ў бясьпецы
Італія не ў бясьпецы

5
не знайшоўшы на мапе абароненых тэрыторыяў
перачэкваю вайну
---
у мінулым

10-12.04.2022


Анна Малігон

+++
Ляцела птушка зялёным калідорам
несла ў дзюбцы колькі словаў замежных
колькі галінак на новае гняздо

Дзяўчынка-сямілетка супакойвала ката́:
Сядзі ціха, коця, еж мала,
мы праз тыдзень вернемся
…У торбе з цыбуляй прагрызеная дзірка
страшнае кацінае маўчаньне

Усходняя сырэна спытала заходнюю: Што ты
ныеш? У вас там кава і вулічная музыка
і дзеці сьпяць у піжамах
А ў адказ —
выбух. Выбух. (І трэці — пазьней.)

Іх было трое і ні ў кога ня выйшла —
ад злосьці вырвалі з вушэй завушніцы —
Мадонна зь перавязанаю галавой
корміць сына з бутэлечкі
Малако зьнікла
затое жывыя

На пагарэлішчы прывід сабакі
вынюхвае родныя косткі
сабаку звалі Анубіс
перавозчык яго ня ўзяў

Я апранаю калючую сукенку
з чужога цела
заплюшчваю вочы абрубкамі рук
каб ня бачыць
як зялёны калідор
робіцца чырвоным


Паўло Карабчук

* * *
не магу гаварыць не хачу гаварыць
бо словы працягваюць існаваць
а забітыя расейскай мярзотай людзі — не

як абмяняць словы на тых людзей
каб яны зноў пачалі жыць
а мы — не гаварыць аніякіх словаў

я гатовы замяніць на людзей найпрыгажэйшыя словы, напрыклад:
аздоба
акупунктура
астралябія
бружмель
любошчы

бо навошта нам словы
калі няма каму іх казаць

хачу радасна прамаўляць уваскрэслым так:
… … … … …


* * *
калі вайна скончыцца я малявацьму карціны
на абстраляным беразе ў прыморскім гарадку
а я ў палескім лесе буду зьбіраць маліны
уважна, каб не было расьцяжак, кранаць лісток па лістку

я дзетак буду выхоўваць — сьветлымі і цікаўнымі
а я — трамвайныя лініі аднаўляць пацярпелыя
а я па-ранейшаму буду барыстам і гатавацьму каву
калі аўтамат вярну й застанецца кавярня цэлаю

а я і далей — у лагістыцы, а я працягну дабрачыннасьць
а я захварэлых буду выцягваць з псыхічнай ямы
я ж буду маліцца за ўсіх, покуль ёсьць магчымасьць
пасьля вайны кожны будзе іншы — і гэткі самы

а я на краіну родную буду глядзець з вышыні
а я — з пасяджэньня на божым судзе ў час прысуду
а я — з пракаветных заклёнаў і жару ў купальскім агні
а я калісь нараджуся вырасту і таксама — буду

а я паўтарацьму прозьвішчы ды імёны
дзякуючы героям хто выжыў і тым хто не
пра тое, што будзе пасьля вайны, так натхнёна
і так адчайна мроіцца на вайне


Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч


Ірына Шувалава
Галіна Петрасаняк
Вячаслаў Лявіцкі
Анна Малігон