Сяргій Жадан
Анэта Каміньска
Кшыштаф Чыжэўскі
Вам, пазбаўленым дому, але не пазбаўленым сэрца…

Украінскія вершы, вершы для Украіны

Сяргій Жадан

+ + +

Чакаюць вечара людзі, падобныя да смаўжоў,
так горка сьпяць на вакзалах і так глыбока.
Ламаная лінія мяжы, як сасновая галінка.
Дарога цяжкая, калі нясеш на сьпіне свой дом і сваё мінулае.

Упартыя смаўжы безабароннай Эўропы.
Жанчыны, што пакінулі дома чыстую пасьцельную бялізну.
Дзеці, што не адпускаюць матчыну руку,
як прышчэпленыя да яблыні галінкі — цёплы камель.

Мы патрабуем цуду, патрабуем ледзянцоў надзеі,
дотыку радасьці, праменьня, што прабівае цемру.
Што ты возьмеш, смоўжык, выбіраючыся са згарэлага дому?
Найперш веру ў тое, што ты сюды безумоўна вернесься.

Утаймаваны час вар’ятаў і ўцекачоў.
Зацятая вера тых, хто сышоў на вакзале выгнаньня.
Не забыць, як стаяла мэбля ў бацькоўскім доме.
Хаваць у кішэні ключы, як засушаную кветку.

Вось дарога, сёньня пазначаная безгалосьсем.
Падарожны начлег паміж цішынёй і дажджом.
Будзьце вартыя гэтай вандроўкі, смаўжы, і мужнасьці
вам, пазбаўленым дому, але не пазбаўленым сэрца.


Анатоль Дністравы

Футбол

пекла пахне пажарам
спаленымі рэчамі

слова салдата горкае і несуцешнае

тут яшчэ лётаюць птушкі
у пасмах сівога дыму
і
між згарэлымі танкамі
зацяты
хлапечы футбол


***
дзе яны будуць жыць
у якім іншым сьвеце
ці будзе ў іх неба са звонкімі птушкамі
ці будзе вада і хлеб
цёплае жытло і слова надзеі ў цішыні

ці будзе там малеча гуляць на божых далонях
над сьветам
што з хрыпам
канае
у руінах


Олеся Мамчыч

***
калі выходзіш на плато
і табе цяжка
калі выходзіш зьнізу на плато
і табе цяжка
калі крок за крокам
падымаеш паветра вышэй
як бэтонную столь
а апусьціць ня можаш

на плато толькі тое паветра
якое ўзяла з сабой


***
адчуй што ты бежанка
ты бяжыш
адчуй напругу ў ілбе і ў лытках
адчуй спружыну сьпіны
што выкідае цябе вонкі
ты вывернутая кішэня
ў якой нічога няма

з вуснамі круглымі
абмаляванымі па коле
словамі роднае мовы

бяжы разрывай грудзьмі стужку гэтага марафону
і другую стужку
і трэцюю
і дзевяностую


Паўло Карабчук

***
Я вінаваты, што я ўсяго толькі паэт
Я вінаваты, што дагэтуль не забіў ворага
Я вінаваты, што не загінуў на вайне

Прабач мне
Хоць ты і пачуваесься такім самым вінаватым
А я — прабачаю табе


***
Я ня веру ў пекла
Бо як можна верыць у тое, што існуе напраўду
Бо ў тое, што існуе напраўду, нельга верыць або ня верыць
Мы, напрыклад, проста рухаем нашымі пальцамі
Бо яны ёсьць
Так і зь пеклам

Я ведаю, дзе зараз робіцца пекла і як яно можа выглядаць
Ведаю, зь якім балючым крыкам яго выгаворваюць
Ведаю, як моўчкі зьядаюць сухі лаваш пекла, грызуць яго,
Расьціраюць па шчоках, зьмешваюць са сьлязьмі

Ня веру, а ведаю

Пекла хоча зрабіць так, каб мы ненавідзелі веру
Магчыма, таму я ў пекла і ня веру

Пасьля пекла
Нехта з нас і далей будзе радавацца
Нібы вучыцца хадзіць нанова
Як бяз пальцаў на нагах

Пасьля пекла не ва ўсіх застаюцца пальцы, жыцьцё

Давай і мы будзем абдымацца пасьля пекла
Калі будуць рукі
Калі будуць плечы


Дмытро Лазуткін

Прарокі

мае прыўкрасныя сябры
якія пісалі пра вайну
за дзесяць гадоў да яе пачатку
яны — ня клікалі яе
яны — папярэджвалі…

калі вырваная выбухам глеба
накрыла нас з галавой
якія радкі зь якіх кніжак ты прыгадаеш
?

танкавыя калоны
ранішнія ракеты
батальёны што
імкнуцца атачыць
індустрыяльныя гарады

краіна мая
падобная да брызэнтавай плашчаніцы
якая захоўвае контуры параненых целаў

гэта дзеці твае
Госпадзе

гэта пах болю і страху
засохлай крыві і рассыпанага тытуню
гэта словы малітваў
на якіх трымаюцца
цагляныя каркасы

рашучасьць — прыкрывае сьпіны
вайна — зьневажае рыфмы

калі няма куды адступаць
прароцтвы збываюцца


Анэта Каміньска

раскладаю канапу

1.
раскладаю канапу
кася пазычае мне прасьціну
на якой зьмяшчаюцца
люба юлія олена оксана
ірына ярына дарына мар’яна марыянна
хрысьця ія каця
і галя калі выйдзе
з ванны
(калі ўрэшце адменяць
паветраную трывогу)

2.
раскладаю канапу
пад мапай украіны на якой яшчэ
і данецк і луганск і крым
і цэлыя марыюпаль херсон і харкаў
і ў бучы дамы поўныя паэтаў
і ірпень гудзе толькі
ад вершаў

3.
раскладаю канапу
ася тымчасам выцягвае бацькоў мужа з-пад абстрэлу
люцына з камілай зьбіраюцца выкладаць польскую
бэата і аня вучацца ўкраінскай
трохі цябе разгружу кажа марта
а ты спакойна
раскладай
канапу

4.
раскладаю канапу
і падаю сярод ночы абед
на жоўта-блакітных
талерках

5.
раскладаю канапу
а з майго акна зьвісаюць шторы-сьцягі
(ад олесі і сашка
яшчэ з майдана)

6.
раскладаю канапу
для двух мільёнаў гасьцей
з украіны

7.
раскладаю канапу
зь відам на
мір


Кшыштаф Чыжэўскі

сьляза клоўна

за ноч да горкай трызны чалавека
у змрок вядзе бяссонных абаронцаў
ад моста Скакуна да самай Бучы

сьцякае па твары
крывёю краіны
цярпеньнем Ірпеня

мачайце ў яе людзі свае пёры
вось той атрамант што праўдзіва піша
як слова Харкаў стала целам Харкаў

ня верце развагам
паслухайце сэрца
што б’ецца за Кіеў

зірніце ў вочы клоўна што ня верыў
палітыкам і вось наперакор ім
ён ТУТ дзе мост бамбяць у Запарожжы

дзе цягнуць насілкі
зь цяжарнай і мэра
хавае Гастомель

у саване сьлязы сьвятло памерлых
маршчынамі Дняпра ўпадае ў сэрцы
і б’е па грэцкім беразе Адэсы

ідзе ў кожны сон ваш
каб сьнілі і ў Рыме
аб здраджаным Крыме

нясе сьлязу дзіцяці ды ня тую
ў імя якое можна ўсё й расеец
садок дзіцячы ў Старабельску нішчыць

ня верне білета
замёршы над кожнай
руінай Херсона

да вас выходзіць з-пад улады зьвера
празь пекла незачыненага неба
па ўсіх РОЗБОМБЛЕНИХ мастах Эўропы

і кожнаю драмай
на ўсіх плошчах сьвету
крычыць Марыюпаль

нясе з Алепа Гернікі й Масады
Сараева і Грознага з Варшавай
дом мёртвых састарэлых з Крамянное

спужаліся клоўна
зацягваюць гальштук
скрозь пальцы Кітая

фальшывай меркай дзелячы дабро
і прыгажосьць даўно згубілі праўду
як сьлед мэрыдыяну з Чарнаўцоў

вы кажаце клоўна
пакінуў яўрэй
у сваім Крывым Розе

але сьлязу трагедыі нікому
ня сьцерці з твару што акамянеў
у немым крыку Бабінага Яру

ідзе да вас іншы
каб вам не з паперкі
сказаць пра Расею

пасуньцеся хай вам увойдзе ў сэрца
ён бачыў змрок ён кленчыў перад мёртымі
ў чарзе па хлеб забітымі ў Чарнігаве

сьляза яго зьменіць
зямлю ПЕРЕМОГА
ідзе з Украіны

Пераклаў з украінскай і польскай Андрэй Хадановіч
Паўло Карабчук
Анатоль Дністравы
Дмытро Лазуткін
Олеся Мамчыч